У краіне набліжаецца да завяршэння выпускная кампанія ў 9-х класах. Яе вынікі будуць падведзены 10 чэрвеня. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала на экзамен па беларускай мове ў сталічную гімназію № 146.
Пералік выпускных экзаменаў за курс базавай школы і формы іх правядзення ў параўнанні з мінулым годам не змяніліся. Дзевяцікласнікам сёлета неабходна здаць чатыры абавязковыя выпускныя экзамены: выканаць кантрольную работу па матэматыцы, якая складаецца з 10 заданняў па алгебры і геаметрыі, напісаць пераказы па рускай і беларускай мовах, адказаць на пытанні па білетах па гісторыі Беларусі ў вуснай форме. Тэксты для правядзення выпускных экзаменаў, як і ў мінулыя гады, спецыялісты Міністэрства адукацыі аб’яўляюць па радыё і тэлебачанні, а таксама размяшчаюць на сайце ведамства.
Як расказала дырэктар гімназіі № 146 Святлана Бондарава, сёлета 9 клас заканчваюць 83 навучэнцы (тры класы ў паралелі). 1 чэрвеня гімназісты здавалі вусны экзамен па гісторыі Беларусі. Білеты, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, уключалі два пытанні: тэарэтычнага і практычнага характару. Другое пытанне было накіравана на праверку ўменняў навучэнцаў працаваць з гістарычнай інфармацыяй: фрагментам гістарычнага дакумента, картай, схемай, табліцай, дыяграмай і інш. Вучні паспяхова справіліся з першым у іх жыцці сур’ёзным выпрабаваннем. Большасць з іх пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а некаторыя нават палепшылі іх.
У сераду навучэнцы 9 “А” класа пісалі пераказ па беларускай мове, 9 “Б” клас выконваў кантрольную работу па матэматыцы, а 9 “В” здаваў экзамен па рускай мове.
У прачыненыя дзверы было відаць, як сур’ёзныя, засяроджаныя, па-святочнаму апранутыя вучні старанна выводзілі літары на лістках паперы.
— Для напісання вучням 9 “А” класа быў прапанаваны тэкст “Паядынак”. Ён больш сюжэтны, нескладаны і ў плане арфаграфіі, і ў плане пунктуацыі. У дзяцей ён асаблівага хвалявання не выклікаў, бо быў знаёмы, калісьці мы з ім працавалі, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Палушына. — Спадзяюся, што дзевяцікласнікі добра напішуць пераказ, бо да экзамену яны рыхтаваліся на працягу навучальнага года на факультатыўных занятках, уроках беларускай мовы. Асаблівая ўвага была ўдзелена тэкстам для пераказу на гадзінах, адведзеных на паўтарэнне. Жадаючыя навучэнцы наведвалі і платныя дадатковыя заняткі. Да таго ж дзеці шмат займаліся дома самастойна, прапрацоўвалі тэксты, а потым у класе разам са мной разбіралі спрэчныя моманты. Напярэдадні экзамену на кансультацыі мы паўтаралі правапіс, пунктуацыю. Звярнулі ўвагу на тэксты, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, Еўфрасінні Полацкай, бо 5 чэрвеня — Дзень святой Еўфрасінні.
9 “А” клас творчы, актыўны і ініцыятыўны. У ім вучацца матываваныя дзеці з высокай паспяховасцю. Трое навучэнцаў прэтэндуюць на пасведчанне асаблівага ўзору.
— Гэта вельмі дружны, згуртаваны калектыў, дзе вучні заўсёды гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Валожына. — У гэтым класе была арганізавана дапрофільная падрыхтоўка: на павышаным узроўні частка вучняў вывучала хімію і біялогію, а другая частка — матэматыку і англійскую мову. І гэта дало свой плён. На гарадскім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы Ягор Голік стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені (настаўніца Алена Пірагіс). Арына Кавалькова і Валерыя Федаровіч (настаўніца Юлія Палушына) сталі пераможцамі раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, а Максім Козіч — па біялогіі (настаўніца Людміла Грыгор’ева). Дарэчы, названыя дзяўчаты перамаглі і на адкрытым гарадскім конкурсе “Валошка”. Ягор Гінак стаў удзельнікам турніру гарадоў. Нашы вучні актыўна ўключыліся ў даследчую дзейнасць. У ёй сёлета вылучылася Валерыя Краўцова. Нашы выхаванцы ўражваюць і сваімі спартыўнымі дасягненнямі: Ягор Гінак і Якаў Ярашэвіч займаюцца водным пола, Ягор Голік — дзюдо. Юнакі з’яўляюцца пераможцамі спаборніцтваў рознага ўзроўню. Намаганнямі дзевяцікласнікаў папаўняецца скарбонка дасягненняў школы ў напрамку выхаваўчай работы.
Паказчыкам таго, што экзамен не выклікаў у дзевяцікласнікаў цяжкасцей, з’яўляецца і тое, што праз дзве гадзіны пасля яго пачатку з вучэбнага кабінета пачалі выходзіць першыя навучэнцы (на напісанне пераказу адводзілася 4 гадзіны). Некаторыя выпускнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.
Ягор Гінак:
— Перад экзаменам крыху хваляваўся, але, калі пачалі чытаць тэкст, усё прайшло, адчуў сябе спакойна і ўпэўнена. Гэты тэкст мне знаёмы. На працягу апошніх тыдняў перад экзаменам узмоцнена рыхтаваўся, прапрацоўваў тэксты са зборніка экзаменацыйных матэрыялаў, паўтараў правілы па арфаграфіі і пунктуацыі. Планую паступіць у 10 клас і застацца ў гімназіі, бо прадастаўляецца магчымасць вучыцца ў інжынерным класе. Матэматыка і фізіка мне спатрэбяцца ў далейшым. Мяркую паступіць на інжынерныую спецыяльнасць у БНТУ альбо БДУІР.
Настасся Горная:
— Экзамены за 9 клас — гэта першыя ў маім жыцці сур’ёзныя выпрабаванні. Вельмі хвалявалася, асабліва на першым экзамене, але дзякуючы падтрымцы нашых настаўнікаў і педагога-псіхолага адчула сябе больш упэўнена. З цудоўным настроем ішла на экзамен па беларускай мове. Была пераканана, што настаўнікі далі добрую падрыхтоўку і я з набытым багажом ведаў змагу напісаць пераказ на высокую адзнаку. Тэкст не выклікаў асаблівых цяжкасцей.
Пасля дзевяці класаў хачу паспрабаваць паступіць у каледж з мастацкім ухілам, каб стаць дызайнерам. На маё рашэнне паўплывалі мама і настаўнікі. У мяне добра атрымліваецца пісаць нацюрморты, пейзажы. Гэта прыносіць асалоду і задавальненне. Чаму б не сумясціць прыемнае з карысным?
***
Як высветлілася, большасць навучэнцаў па заканчэнні 9 класа плануюць працягнуць навучанне ў гімназіі. Каля дзясятка гімназістаў з паралелі збіраюцца паступаць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і выбраць архітэктурна-будаўнічы, юрыдычны, лінгвістычны і педагагічны напрамкі.
На старшай ступені ў гімназіі плануецца адкрыць два 10-я класы: інжынерна-тэхнічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У інжынерна-тэхнічным класе дзеці будуць вывучаць на павышаным узроўні хімію і біялогію, фізіку і матэматыку. На базе гімназіі адкрыты інжынерна-тэхнічны цэнтр для навучэнцаў Маскоўскага раёна, які абсталяваны ўсім неабходным. Ёсць робалабараторыя, ЗD-прынтар, спецыяльнае праграмнае забяспечэнне і г.д. У ім будуць працаваць настаўніца інфарматыкі Наталля Рыбачонак, настаўніца фізікі Алена Пірагіс. Гімназія заключыла дамоўленасці аб супрацоўніцтве з БНТУ, ваенным факультэтам БДУІР. Выкладчыкі гэтых УВА будуць дапамагаць педагогам гімназіі ў правядзенні факультатыўных заняткаў. Урокі практычнай накіраванасці будуць арганізаваны на базе лабараторый БНТУ. У ваенна-патрыятычным класе вучням прапаноўваецца вывучаць на павышаным узроўні грамадазнаўства, англійскую мову і матэматыку.
— Нашы дзевяцікласнікі завяршаюць навучанне на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Самае важнае для іх — правільна пабудаваць свой адукацыйны маршрут, каб у далейшым выбраць прафесію па душы, быць карысным грамадству, эканоміцы краіны, самарэалізавацца. Будзем спадзявацца, што праведзеная ў гімназіі прафарыентацыйная работа дапаможа ім у гэтым. У межах прафарыентацыі нашы навучэнцы наведалі дні адкрытых дзвярэй у шматлікіх ССНУ, для іх праводзіліся класныя і кансультацыйныя тэматычныя гадзіны. Вялікую работу правялі педагог-псіхолаг Таццяна Мірановіч, класныя кіраўнікі. Безумоўна, цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі адыграе сваю ролю, — заўважае Святлана Бондарава.
Па выніках экзамену па беларускай мове 18 навучэнцаў пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а 9 — палепшылі іх на адзін бал, што гаворыць аб якаснай падрыхтоўцы выпускнікоў і прафесіяналізме педагогаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара