Вясной спецыялісты і прадстаўнікі зацікаўленых службаў абследавалі аб’екты, вызначылі недахопы, выказалі заўвагі і прапановы. Гэта дазволіла загадзя распрацаваць план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, падаць заяўкі ў цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый на набыццё неабходнага абсталявання, матэрыялаў, правядзенне рамонтных работ.
Новы фармат апраўдаў сябе, што красамоўна даказаў дзіцячы сад № 4 Маларыты. Гэта невялікая дашкольная ўстанова, здадзеная ў эксплуатацыю яшчэ ў 1972 годзе. У 4 групах тут выхоўваюцца 90 дзяцей. Калектыў невялікі: усяго 26 чалавек.
— Кожны з нашых супрацоўнікаў укладвае ў любімую работу душу, каб усім выхаванцам штодзень было і цёпла, і сытна, і пазнавальна, і ўтульна, — гаворыць загадчыца ўстановы Надзея Пстыга, якая ўзначальвае яе ўжо 7 гадоў. — У сваёй рабоце вялікую ўвагу ўдзяляем асновам бяспечнай жыццядзейнасці і здароваму ладу жыцця дашкольнікаў. Ніхто не дзеліць работу на сваю і чужую. Усе працуюць на агульны вынік і станоўчы імідж установы. Каб ісці ў нагу з часам, трэба пастаянна ўдасканальвацца, прычым не толькі ў кадравым і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
Тэрыторыя дзіцячага сада ўсяго амаль 60 сотак, але літаральна кожны яе метр радуе вока ўтульнасцю, чысцінёй і дагледжанасцю. Ва ўсім, у тым ліку на невялікім стадыёне і гульнявых пляцоўках, адчуваецца клапатлівая рука руплівага гаспадара. Усё, што трэба, адрамантавана і пафарбавана, падкошана трава на газонах, падмецены дарожкі… Да таго ж з’явіліся новыя дэкаратыўныя кампазіцыі. Тут лічаць, што прыгажосць таксама выхоўвае.
Касметычны рамонт праведзены сваімі сіламі і ўнутры ўстановы. Па ўласным жаданні шчыравалі ўсе, нягледзячы на выхадныя і адпачынкі. Актыўна дапамагалі і бацькі. Дарэчы, у дзіцячым садзе да прыёмкі былі выпраўлены ўсе заўвагі наглядальных органаў.
Надзея Пстыга ўпэўнена, што паспешлівых правільных рашэнняў ніколі не бывае. Удумлівасць і разважлівасць патрэбны ва ўсім. Аб правільным жыццёвым і прафесійным падыходзе кіраўніка сведчыць не толькі добраўпарадкаваны выгляд дзіцячага сада, але і скарбонка шматлікіх узнагарод, атрыманых дзякуючы штодзённай руплівай працы: за лепшую арганізацыю ў галіне сацыяльнага партнёрства, за лепшы метадычны кабінет дашкольнай установы, за поспехі па асноўных кірунках дзейнасці, за лепшую дашкольную ўстанову па выніках работы за навучальны год, за ўдзел у фестывалях дзіцячай творчасці і раённых спартакіядах сярод дашкольнікаў… Акрамя таго, калектыў сада адзначаны Ганаровай граматай МУС БССР за актыўны ўдзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Зялёны агеньчык” і добрую пастаноўку выхаваўчай работы з дзецьмі па вывучэнні правіл дарожнага руху. У гэтым немалая заслуга і былых загадчыц установы: Ганны Літвінюк, Паліны Вашчанчук, Галіны Пракапук і Галіны Барычэўскай.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара