Сёння — маленькія знаўцы, заўтра — надзейныя алімпіяднікі

Першы абласны дзіцячы конкурс інтэлектуалаў “ДзетКІ” прайшоў на Гомельшчыне. На базе гомельскіх сярэдніх школ №№ 24, 69, нараўлянскай сярэдняй школы № 3 і чачэрскай сярэдняй школы № 1, а таксама гімназіі Петрыкава сабраліся маленькія разумнікі, каб паказаць свае веды па розных вучэбных прадметах.

У конкурсе прынялі ўдзел каманды з усіх раёнаў Гомельскай вобласці, па тры прадстаўнікі ад кожнага раёна. На кожнай пляцоўцы спаборнічалі па пяць каманд. Конкурсная праграма пачыналася з дамашняга задання пад назвай “Давайце пазнаёмімся”, якое заключалася ў творчым прадстаўленні каманды. А далей разгарнулася сапраўдная інтэлектуальная барацьба. Дзецям трэба было прайсці тры туры.
Першы тур — размінка. Кожнай камандзе былі прапанаваны па трыццаць займальных пытанняў па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” і сітуацыя “Ты і прырода”. Зразумела, арганізатары ўлічвалі ўзрост маленькіх знаўцаў, таму змест пытанняў не выходзіў за рамкі праграмнага матэрыялу пачатковай школы. Другі тур быў пабудаваны як інтэлектуальная гульня, у якой вучні малодшых класаў павінны былі паказаць свае веды па прадметах “Беларуская мова” і “Літаратурнае чытанне”. І, нарэшце, у трэцім туры хлопчыкі і дзяўчынкі прадстаўлялі свае першыя матэматычныя даследаванні.
У ролі арганізатараў конкурсу выступала ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Выяўленне і падтрымка найбольш здольных, адораных трэцякласнікаў, развіццё іх даследчых уменняў і навыкаў — вось галоўная мэта мерапрыемства. А калі разглядаць больш шырока, дык гэта добрая ідэя вырасціць і выхаваць будучых алімпіяднікаў.
— Нягледзячы на свой зусім юны ўзрост, малодшыя школьнікі ўпарта змагаліся ў інтэлектуальным спаборніцтве, здзіўлялі нас сваімі ведамі, уменнем абгрунтоўваць і даказваць сваю думку, — адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама кіраўнік адной з пляцовак конкурсу ў абласным цэнтры С.К.Лучкова.
Па выніках конкурсу на кожнай пляцоўцы вызначаны тры каманды-пераможцы. Дыпломы І ступені атрымалі каманды “Мара” Савецкага і каманда “Фантазёры” Чыгуначнага раёнаў Гомеля, каманда “Усмешка” Чачэрскага раёна, “Чамучкі” з Мазыршчыны і “Трэцякласнікі ХХІ стагоддзя” з Жыткавіцкага раёна. Добрую падрыхтоўку таксама прадэманстравалі школьнікі Цэнтральнага раёна Гомеля, Светлагорскага, Жлобінскага, Ельскага, Петрыкаўскага раёнаў.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.