Сёння рабі заўтра

- 11:45Навука і інавацыі

У мінулую суботу нашу сталіцу накрыў сапраўдны шторм. Інавацыйны шторм. Менавіта ў такім фармаце ў прасторы HIDE на Кастрычніцкай праходзіў Форум навукі і бізнесу.

“Інавацыйны шторм” праводзіўся Мінскім гарадскім тэхнапаркам пры падтрымцы сталічнага гарвыканкама ўжо другі раз. Як і летась, удзельнікі форуму разам з запрошанымі спікерамі спрабавалі зазірнуць у будучыню і зразумець, куды рухаюцца сучасныя тэхналогіі і навука. Захапляльнай часткай праграмы стаў і тэст-драйв сучасных забаў.

Партнёрам гэтага незвычайнага форуму выступіла ГА “Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу”. Зладжаны ён у рамках праекта “Стварэнне ўстойлівай інфраструктуры для падтрымкі развіцця стартапаў і малога бізнесу ў рэгіёнах Беларусі”, што рэалізуецца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

“Будучыня ўжо наступіла. Проста яна яшчэ нераўнамерна размеркавана”, — сцвярджаў амерыканскі фантаст Уільям Гібсан. Магу запэўніць, што суботнім вечарам уся прастора HIDE была насычана будучыняй.

Пераселімся ў “Матрыцу”?

Аляксей Калянчук, кіраўнік напрамку AR/ VR, новыя медыя Фонду “Сколкава” (Масква, Расія), расказаў удзельнікам форуму, як тэхналогіі віртуальнай рэальнасці зменяць наша жыццё. Па словах VR-аптыміста, яны будуць усё больш актыўна прымяняцца ў гульнях, навучанні і прамысловасці.

З залы спыталі, як гарантаваць бяспеку ад траўм, калі знаходзішся ў шлеме віртуальнай рэальнасці.

— Сучасныя VR-шлемы даюць нармальнае ўспрыманне прасторы, і ўсё, што трэба, — абазначыць бяспечную зону, дзе не будзе мэблі і ўсяго астатняга, — паведаміў спікер. — Як толькі вы пачняце выходзіць за межы бяспечнай зоны, шлем адразу дасць адпаведны сігнал: вы ўбачыце сетку (ці іншае абмежаванне) або выяву са знешніх камер. Тэхнічна ўсё вырашаецца вельмі проста.

На пытанне, чаму Google Glass не атрымалі шырокага распаўсюджання, нягледзячы на тое, што гэтую тэхналогію падтрымлівае буйная кампанія, Аляксей Калянчук заўважыў:

— Google Glass павінны ў рэальным часе распазнаваць мноства аб’ектаў, таму іх зрабілі максімальна, наколькі змаглі, магутнымі — і гэта моцна павысіла сабекошт устройстваў. Яны атрымаліся дарагімі, але іх магчымасці вельмі абмежаваныя. Google Glass могуць паказваць надвор’е, даваць навігацыю. Але сёння значна прасцей атрымаць усё гэта ў звычайным смартфоне ці разумным гадзінніку. І дагэтуль не з’явілася ніводнай нішы, дзе б Google Glass сталі незаменнымі. Як вынік, кампанія Google перазапусціла гэты праект, але толькі для карпаратыўнага сегмента — для кладаўшчыкоў, якія павінны хутка збіраць заказы і мець дадатковую навігацыю па складзе.

У дыялогу з залай спікеру давялося шукаць адказы на складаныя этычныя пытанні. Напрыклад, пра здзяйсненне ўчынкаў у віртуальным свеце, якія забаронены ў рэальным, — як гэта ўплывае на чалавека?

— Існуюць дзве вялікія школы думкі, — заўважыў Аляксей Калянчук. — Адна гаворыць, што, сапраўды, дзеці, моладзь, дарослыя, гуляючы ў віртуальнай рэальнасці, могуць беспакарана ажыццяўляць забойствы, і, магчыма, гэта негатыўна ўздзей­нічае на рэальнае жыццё. Факты, аднак, сведчаць адваротнае: у рэальнасці агрэсія падае. Другая школа думкі гаворыць, што мы можам даць новы гуманны інструмент людзям з рознымі дэвіяцыямі — маўляў, няхай яны робяць у віртуальным свеце, што хочуць. Але з іншага боку, гэта можа мець негатыўны эфект. VR-тэхналогіі развіваюцца, і мы абавязкова сутыкнёмся з этычным момантам, але пакуль вялікай праблемы няма.

Большай праблемай у параўнанні з віртуальнай рэальнасцю спікер назваў… мабільны тэлефон — устройства, у якім ужо сёння людзі моцна заліпаюць.

— У сярэднім малады чалавек бярэ ў рукі тэлефон ад 150 да 200 разоў на дзень — прыкладна раз у 6—10 мінут, — заўважыў Аляксей Калянчук. — З іншага боку, ёсць цэлы клас людзей, якія заліпаюць у серыялах, раней — у кнігах, гэта значыць таксама жывуць у свеце дапоўненай рэальнасці. Ці стане VR яшчэ больш навязлівым інструментам, мы не ведаем.

Тэхналогія “Сяроў”: нашы партрэты ў інтэрнэце

Пра таямніцы сучаснага маркетынгу ў інтэрнэце расказаў Яўген Паперны — кіраўнік праектаў “Здароўе” і “Дзеці” Mail. Ru Group. У 2016 годзе гэты спікер увайшоў у рэйтынг маладых медыяменеджараў Расіі. Чалавек года ў катэгорыі “Тэхналогіі”.

Яўген расказаў, што Mail.Ru Group — велізарная кампанія, якая аб’ядноўвае дзве найбуйнейшыя сацыяльныя сеткі ў Расіі — “Аднакласнікі” і “УКантакце”, службы дастаўкі ежы, таксі і г.д. Яна ахоплівае 95—97% карыстальнікаў рунета, і гэта цягне за сабой агромністую колькасць вялікіх даных.

— Мы ведаем вельмі шмат пра тое, што робяць і чым цікавяцца людзі. Часам нават больш, чым хацелася б, — заўважыў спецыяліст.

У Mail.Ru Group усё пачалося з таго, што буйная фармацэўтычная кампанія паскардзілася на асаблівасці расійскага рынку: краіна вялікая, і вельмі складана рэкламаваць сродкі ад прастуды. Напрыклад, у Нарыльску ўжо грып, а ў Краснадары яшчэ цвітуць кветкі. Так пачалася карпатлівая работа над тым, каб даставіць адрасную рэкламу кожнаму чалавеку менавіта тады, калі ён мае індывідуальную патрэбу ў адпаведных леках. 

Гэтую работу Яўген Паперны праілюстраваў мноствам графікаў і выяў — і можна было назіраць, як рэклама сродкаў ад прастуды рухаецца ўслед за эпідэміяй. Далей — больш. Сёння Mail.Ru Group мае каля 400 прыкмет, паводле якіх класіфікуе сваю аўдыторыю.

— Мы адрозніваем людзей, якія любяць катоў, ад тых, якія любяць сабак; тых, хто п’е каву, ад тых, хто п’е гарбату, — гаворыць Яўген Паперны. — Мы з высокай ступенню верагоднасці ўгадваем цяжарнасць, бо паводзіны жанчыны ў інтэрнэце вельмі моцна мяняюцца. Фактычна мы даведваемся пра гэты факт другімі пасля яе — раней за мужа і маму.

І рэклама дзіцячых тавараў у інтэрнэце “расце” разам з дзецьмі. Напрыклад, маркетолагі ведаюць, што дзіцячыя каляскі бацькі пачынаюць выбіраць прыкладна на пятым месяцы цяжарнасці. Потым, па меры росту дзіцяці, бацькам прапаноўваюцца розныя тавары: падгузнікі, спецыяльнае харчаванне, развіццёвыя гульні і г.д.

— Мы выкарыстоўваем тэхналогію “Сяроў”, якую назвалі ў гонар вядомага партрэтыста, — расказаў эксперт. — З яе дапамогай складаем партрэты патэнцыяльных спажыўцоў тых ці іншых тавараў.

Адной з самых складаных для даследавання катэгорый людзей Яўген Паперны назваў наведвальнікаў аўтамабільных сайтаў.

— Калі чалавек заходзіць на старонку “Лекі”, ён, як правіла, іх набывае, бо мае адпаведны рэцэпт ці рэкамендацыю. Але калі ён заходзіць на старонку з тым ці іншым аўто, то, магчыма, проста пра яго марыць. І вельмі складана адрозніць людзей, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі спажыўцамі пэўнага тыпу аўтамабіляў: яны могуць ездзіць на “Кія”, але шукаюць інфармацыю пра “Мерседэс”.

Спікер паведаміў, што па заказе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кампанія вывучала аўдыторыю вейпераў. І высветлілася, што ў гэтай групе многа людзей з нізкім асабістым, але высокім сямейным даходам (студэнты). Зрэшты, здараецца і наадварот: асабісты даход высокі, а сямейны нізкі.

Удзельнікі форуму пацікавіліся ў эксперта, ці можна велізарную базу даных Mail.Ru Group выкарыстоўваць для прафілактыкі хвароб канкрэтных карыстальнікаў.

— Дайце мне 10 тысяч кантактаў людзей, у якіх была спроба суіцыду, і я спыню іншыя суіцыды, — заявіў расійскі спецыяліст. — Калі мы ведаем кагорту людзей, якія валодаюць пэўнымі прыкметамі, то па іх анлайн-паводзінах можна знайсці іншых, хто гэтак жа сябе паводзіць, адпаведна з імі можна працаваць.

У той жа час Яўген Паперны адхіліў магчымасць сачыць за асобнымі карыстальнікамі рэсурсаў Mail.Ru Group.

— Гэта нікому не цікава, — заўважыў ён.

А на пытанне, ці сочаць за карыстальнікамі праз мікрафон, вылоўліваючы ключавыя словы, даў канкрэтную параду:

— Вельмі лёгка ўстанавіць, ці сочыць за вамі ўстройства праз мікрафон, прааналізаваўшы колькасць трафіка. Распазнаванне маўлення ў рэжыме “нон-стоп” патрабуе магутнага інтэрнэту і вядзе да хуткай разрадкі батарэі. Існуючы ўзровень тэхналагічнага развіцця не дазваляе вырашаць гэтую задачу незаўважна для карыстальніка.

Прагназаванне будучыні — гэта кіраванне будучыняй

У Японіі робаты сустракаюць гасцей у атэлях, даюць неабходную інфармацыю, дапамагаюць зарэгістравацца. У мінскіх атэлях гэтага пакуль няма, але аднойчы яны з’явяцца і тут. Пра тое, як тэхналогіі змяняюць нас і свет, у якім мы жывём, гаварыў прадстаўнік каманды “УКантакце” Дзяніс Маркаў.

— Робаты — гэта першы вялікі трэнд, і, хочам мы таго ці не, яны возьмуць на сябе ўсё, што можна апісаць алгарытмам, — адзначыў спікер. — Яны будуць больш эфектыўнымі, эканамічнымі, бяспечнымі, і лепш за нас выканаюць неабходную работу.

Дзяніс Маркаў назваў некалькі прафесій, якія заменяць робаты. У прыватнасці, гэта таксісты і дальнабойшчыкі.

— У эканоміцы кампаніі Uber закладзены факт, што яна павысіць прыбыткі, калі замест вадзіцеляў будуць працаваць беспілотныя аўтамабілі, — заўважыў спецыяліст. — Беспілотнікам не трэба спаць, яны могуць ездзіць амаль бесперапынна і значна больш эфектыўна, чым чалавек, ім не трэба плаціць зарплату. Больш за тое, Uber і “Яндэкс.Таксі” актыўна выкарыстоўваюць вялікія даныя. Яны разумеюць, дзе людзі найчасцей заказваюць таксі, куды яны накіроўваюцца, у які час. Калі сумясціць беспілотныя аўтамабілі і вялікія даныя, то эфектыўнасць кампаній значна ўзрасце.

Робаты заменяць таксама прадаўцоў. Дзяніс Маркаў расказаў, што ў расійскіх школах распаўсюджаны праект Ашчадбанка “Ладошки”, дзякуючы якому дзеці могуць аплачваць снеданне ці любыя пакупкі ў школьным буфеце, проста прыклаўшы далонь — такім чынам адбываецца ідэнтыфікацыя дзіцяці і з яго рахунку спісваецца патрэбная сума.

— Так дзеці не згубяць абедзенныя грошы, не патрацяць іх, напрыклад, на цыгарэты, і ніхто не зможа адабраць іх. Акрамя таго, Ашчадбанк прывучае іх з маленства да біяметрычнай ідэнтыфікацыі, — патлумачыў спікер.

Іншы праект Ашчадбанк рэалізаваў у Маскве разам з буйной сеткай харчовых супермаркетаў. Чалавек аднойчы прыходзіць у магазін, прывязвае да карты адбіткі пальцаў — і ў наступныя візіты, каб аплаціць пакупкі, дастаткова прыкладваць руку да сканера.

У Санкт-Пецярбургу яшчэ адна сетка гіпермаркетаў прапаноўвае пакупнікам на ўваходзе партатыўны сканер, якім можна сканіраваць прадукты. На пункце самаабслугоўвання няма ніякіх касіраў, пакупкі можна аплаціць самастойна карткай.

Паводле меркавання Дзяніса Маркава, сучасныя тэхналогіі заменяць таксама офісны планктон — усё, што можна аўтаматызаваць, пакрысе ляжа на плечы робатаў.

— Кожны другі з прысутных тут саступіць робатам сваё месца, — запэўніў эксперт. — І, на мой жаль, робаты заме­няць праграмістаў. Так, на нашых вачах адбываецца сапраўдная рэвалюцыя, і нам трэба вучыцца з гэтым жыць.

На пытанне, як выжываць без работы, Дзяніс Маркаў заўважыў, што, верагодна, людзі будуць атрымліваць безумоўны базавы даход. Ім не трэба будзе займацца нелюбімай работай. Робаты возьмуць на сябе руцінную працу, аперацыі, якія паўтараюцца, а людзі адкрыюць для сябе новыя стваральныя магчымасці. Вызваляцца сілы і час, каб рабіць тое, што сапраўды цікава. З’явіцца свабода, якая дазволіць рэалізоўваць самыя смелыя планы.

— Гэта ўтопія, але даволі заманлівая, — сказаў эксперт. — Так, робаты аднімуць у нас работу. Але ёсць творчасць, эмацыянальны інтэлект, узаемадзеянне з людзьмі, якія цяжка апісаць простымі алгарытмамі, — і ў гэты бок нам трэба гля­дзець. Верагодна, менавіта там, дзе няма логікі, а ёсць эмоцыі, пачуцці, крэатыў, застанецца месца для чалавека.

Што да мабільных тэхналогій, то Дзяніс Маркаў прадказвае іх далейшую інтэграцыю з чалавекам.

— Усе мы дзелімся на лічбавых мігрантаў і лічбавых абарыгенаў, — заўважыў спецыяліст. — Першыя — гэты людзі больш сталага ўзросту, якія не так даўно адкрылі для сябе інфармацыйныя тэхналогіі, мабільны інтэрнэт з’явіўся ў перыяд іх сталення. А другія — гэта новае пакаленне, якое нарадзілася з тэлефонам у руках. Аднойчы мы з дачкой чыталі кнігу з прыгожымі ілюстрацыямі і я ўбачыў, як яна сваімі пальчыкамі спрабуе павялічыць выяву. Можна сказаць, што мы ўжо крыху мутанты, бо тэлефон — гэта працяг нашай рукі. І гэта толькі пачатак. Хутка прыйдзе час чыпаў, якія мы будзем ужыўляць у свае рукі.

“Сёння рабі заўтра” — такі лозунг прапанаваў спікер удзель­нікам форуму і даў некалькі каштоўных парад.

  • Назірайце за трэндамі. Пастарайцеся змясціць сябе ў тую будучыню, якая вымалёўваецца. Зыходзячы з гэтага будуйце сённяшні дзень, выбірайце кар’ерную траекторыю, набірайце пэўныя кампетэнцыі. Трэба не пасіўна ча­каць будучыню, а пастарацца скараціць разрыў паміж тым, што будзе праз 10 гадоў, і тым, дзе мы сёння знаходзімся.
  • Прагназаванне будучыні — гэта кіраванне будучыняй. Збываецца той прагноз, да якога мы прыклалі палітычную волю, уклалі рэсурсы, у якую паверылі і якую ажыццяўляем. Гэта праўдзіва ў дачыненні як да ўласнага жыцця, так і для кампаніі. Падумайце аб пагрозах і магчымасцях, якія нясуць змены. Намалюйце ідэальны сцэнарый і сумны сцэнарый. Калі вы прагназуеце будучыню, вы ёй кіруеце.
  • Не ўсе людзі ўспрымаюць інавацыі. І калі вы робіце штосьці новае, то не ідзіце адразу да ўсіх. Знайдзіце тых людзей, каму гэта сапраўды цікава. Сфакусіруйцеся на камунікацыі з імі. Паказвайце, расказвайце, пераконвайце менавіта тыя 2,5% наватараў, якім гэта цікава. Ужо потым далучацца раннія паслядоўнікі — тыя людзі, якія назіраюць і думаюць: напэўна, у гэтым нешта ёсць. За імі — ранняя большасць і, нарэшце, позняя большасць.

— Прагрэс не спыніць, будучыня абавязкова прыйдзе. І нам трэба выпрацаваць адэкватнае стаўленне да яе, — адзначыў эксперт.

Галіна СІДАРОВІЧ.