Сёння — вучань, заўтра — майстар

Хаця гэтае сцвярджэнне не зусім дакладнае. Многія з сённяшніх навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўжо сапраўдныя майстры, што і прадэманстравалі на абласной выставе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

— Выстава, на якой прадстаўлена каля 400 работ, бу­дзе працаваць на працягу месяца, — расказвае дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Дашкевіч. — За гэты час з ёй пазнаёмяцца навучэнцы школ, прафесійных устаноў, усе жадаючыя.

А паглядзець тут ёсць на што: навучэнцы з 19 устаноў прафесійна-тэхнічнай, з 11 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі і з 19 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прадставілі свае работы ў 15 намінацыях: электроніка, радыётэхніка, робататэхніка, прыборабудаванне, вытворчыя тэхналогіі, машынабудаванне, транспарт, будаўніцтва, сельская гаспадарка, энергетыка і энергазберагальныя тэхналогіі, прамысловы дызайн, мадэляванне, арт-аб’ект, інтэр’ер, фрыстайл.

— Вельмі прыемна, што ўсе прафесійныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы Гро­дзеншчыны могуць прадэманстра­ваць свае творчыя і тэхнічныя дасягненні, — сказала на адкрыцці выставы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава. — Гэта дэманструе іх высокі творчы патэнцыял, цікавасць да сучасных тэхналогій.

Навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага Максім Колас (на фота) эмбле­му сваёй установы адукацыі, якой у гэтым го­дзе спаўняецца 80 гадоў, на­друкаваў пры дапамозе 3D-прынтара.

— Каб гэта зрабіць, трэба было напісаць адпаведную праграму, — расказвае Максім. — Я ўпершыню займаўся такім праектам. Мне дапамагаў мой выкладчык Ігар Яўгенавіч Сталяроў. Мая будучая спецыяльнасц­ь звязана з электраабсталяваннем, таму ў эмблемы ёсць і электрычная частка — святлодыёдная стужка.

Фрэза для апрацоўкі металу, якую прадставілі навучэнцы Бераставіцкага дзяржаў­нага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, значна ніжэйшая па кошце, чым фрэза заводскай вытворчасці, а па якасці ёй не ўступае. А вось стэнд тэхнічнага абслугоўвання і дыягностыкі персанальнага камп’ютара, які распрацавалі ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну, дапаможа выявіць і  выправіць праблемы ў рабоце персанальнага камп’ютара.

Інавацыйнасць можа быць не толькі ў тэхніцы і тэхналогіях. Дзяўчаты з Гро­дзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну адкрывалі выставу дэманстрацыяй калекцыі адзення “Трансформер” — у адно імгненне дзелавы строй пераўтвараўся ў элегантную вячэрнюю сукенку. Як паведаміла дырэктар каледжа Святлана Шока, гэтая калекцыя — вынік калектыўнай творчасці навучэнцаў і выкладчыкаў, а натхняльнікам і каардынатарам выступіла намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Маргарыта Сазанкова.

А вось майстар вытворчага навучання Слонімскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя Святлана Анатольеўна Бурдук незвычайнае ўбачыла ў звычайных зашпільках-маланках і зрабіла з іх цудоўныя ўпрыгажэнні і дэкаратыўныя элементы адзення, аб’яднаўшы ў калекцыю “Вытанчаная раскоша”.

Лепшыя работы будуць прадстаўлены ў Мінску на рэспубліканскай выставе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.