Сёння — юныя даследчыкі, заўтра — прафесіяналы

- 11:48Навіны рэгіёнаў

У Магілёве прайшоў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці сярод навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”.

Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны з кожным годам узрастае колькасць навучэнцаў, зацікаўленых даследчай дзейнасцю, вынаходніцтвам і тэхнічнай творчасцю. І ім патрэбна пляцоўка для дэманстрацыі сябе, сваіх задум, унікальных ідэй і вынаходніцтваў. З мэтай прадастаўлення моладзі такой магчымасці і арганізоўваецца конкурс.
— Нас вельмі радуе, што такой творчай, нестандартна думаючай моладзі з году ў год становіцца ўсё больш, — адзначыў старшыня журы абласнога этапу конкурсу загадчык аддзела тэхнічнай творчасці Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Генадзь Касцючэнка.
Па словах Генадзя Анатольевіча, на завочны этап конкурсу паступіла больш за 180 заявак, з іх 34 дапушчаны да другога этапу, на якім удзельнікі павінны былі абараняць свае праекты. Навукова-тэхнічная думка юных інтэлектуалаў Магілёўшчыны аказалася вельмі разнастайнай. Ад колькасці розных мадэлей, канструкцый, экспанатаў і мастацкіх работ, якія прэзентуюцца ў аддзеле тэхнічнай творчасці АЦТ, разбягаліся вочы.
Работ, выкананых удзельнікамі конкурсу самастойна і ў суаўтарстве, сапраўды было шмат. Іх ацэньвалі ў дванаццаці секцыях. Так, у секцыі “Тэхнічнае канструяванне” можна было назіраць дзейсныя прылады транспартнай, прамысловай, сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталяванне для палягчэння працы і атрымання пэўных навыкаў. На секцыі “Энергетыка і электратэхніка” дапытлівыя юнакі і дзяўчаты разважалі аб атрыманні, пераўтварэнні энергіі і ўкараненні электратэхнічнага абсталявання ў розныя сферы дзейнасці. У секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” былі прадстаўлены арыгінальныя тэхнічныя рашэнні і наглядныя дапаможнікі, звязаныя з самастойнай вынаходніцкай дзейнасцю ўдзельнікаў у галіне экалогіі. Было на што паглядзець і на секцыі “Матэрыялы ў тэхніцы”: тут удзельнікі прапаноўвалі вынікі сваіх даследчых работ у матэрыялазнаўстве. Падчас работы секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі” прапаноўваліся ідэі наконт рацыянальнага выкарыстання і зберажэння рэсурсаў. Распрацоўкі сапраўдных робатаў можна было ўбачыць падчас работы секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”. А на секцыях “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Мультымедыйныя тэхналогіі” прадастаўлялася магчымасць азнаёміцца з праектамі разнастайных камп’ютарных праграм, анімацыі і новых вэб-сайтаў. Унікальнымі былі і работы канкурсантаў секцыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка”, якія прадстаўлялі даследаванні ў галіне развіцця авіяцыі і касманаўтыкі, назіранні за зорным небам і планетамі Сонечнай сістэмы. А тыя, хто ўмее не толькі бачыць прыгожае, але і паказаць яго астатнім, прадстаўлялі сваю творчасць на секцыях “Жывапіс”, “Малюнак” і “Кампазіцыя”.
Цікавыя праекты былі ў кожнай секцыі. Напрыклад, вучні сярэдняй школы № 15 Магілёва Аляксандр Ражкоў і Марына Кавалёва прадстаўлялі на конкурс работу пад назвай “Пілавінне + Кардон = Цяпло + Экалогія”.
— Вынікам праведзенага даследавання стала атрыманне цеплаізаляцыйнага матэрыялу з адходаў упаковачнага кардону і пілавіння. Гэты матэрыял па сваіх уласцівасцях практычна роўны пенапласту, але ён з’яўляецца экалагічна чыстым прадуктам і не наносіць шкоды экалогіі. Яшчэ адзін плюс нашай распрацоўкі — нізкая затратнасць вытворчасці такога цеплаізаляцыйнага матэрыялу, — расказаў Аляксандр Ражкоў.
— А мы даследавалі нашага знакамітага магілёўскага “Астролага” на плошчы зорак. Даследаванне вялі даволі доўгі час. У выніку высветлілі, што “Астролаг” на самай справе паказвае час сутак, а святло яго пражэктара сапраўды бачна з космасу, — адзначылі навучэнцы Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Настасся Сіліна, Аляксандр Нікіфараў і Вікторыя Вышнякова.
Дарэчы, навучэнцы Ліцэя БРУ прадставілі свае работы ў некалькіх секцыях. Так, вучань ліцэя Аляксей Міхайлюк у секцыі “Энергетыка і электратэхніка” абараняў праект “Трансфарматар Тэслы”, а навучэнцы Міхаіл Аўчынікаў і Дзмітрый Кавалеўскі ў секцыі “Матэрыялы ў тэхніцы” выступілі з даследаваннем “Вызначэнне ўдзельнай электрычнай праводнасці полымя свечкі”, вынікі якога ў многім дапамогуць рабоце пажарных. Увогуле, увагі заслугоўвалі праекты ўсіх юных вынаходнікаў, але для перамогі ім трэба было добра абараніць свой праект.
Абарона навуковых і творчых работ канкурсантаў расцягнулася на цэлы дзень. Цяжка было выбіраць пераможцаў, але конкурс ёсць конкурс. Па яго выніках у секцыі “Тэхнічнае канструяванне” першага месца ўдастоены навучэнец Бабруйскага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Дзмітрый Пінчук. У секцыі “Энергетыка і электратэхніка” перамога дасталася вучню Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксею Міхайлюку. У секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” лідарамі сталі вучні сярэдняй школы № 3 Асіповіч Павел Татур і Алена Шаўчук, а ў секцыі “Матэрыялы ў тэхніцы” — навучэнец Магілёўскага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Уладзіслаў Белатоеў. Пераможцам у намінацыі “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы” стаў вучань Магілёўскага мнагапрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Ілья Шубін. У секцыі “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” першае месца дасталася навучэнцу Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалаю Гудыне, а ў секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” — навучэнцу Магілёўскага політэхнічнага каледжа Станіславу Кананкову. Лепшым у намінацыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка” стаў вучань гімназіі № 1 Горак Станіслаў Шымавалос, а ў секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі” — вучні сярэдняй школы № 15 Магілёва Аляксандр Ражкоў і Марына Кавалёва. У творчых секцыях першыя месцы размеркаваліся наступным чынам: “Малюнак” — Дар’я Еўтуховіч, навучэнка архітэктурна-будаўнічага каледжа ў складзе ДУ ВПА “Беларуска-Расійскі ўніверсітэт”; “Кампазіцыя” — Вікторыя Кавалёва, вучаніца сярэдняй школы № 2 Мсціслава; “Жывапіс” — Хрысціна Сурда, навучэнка архітэктурна-будаўнічага каледжа ў складзе ДУ ВПА “Беларуска-Расійскі ўніверсітэт”. Усе пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеней упраўлення адукацыі аблвыканкама.
Падобныя конкурсы накіраваны не толькі на выяўленне лепшых юных даследчыкаў. Папулярызуючы навукова-тэхнічную творчасць, яны павышаюць цікавасць моладзі да работы ў гэтай сферы. А значыць, вельмі верагодна, што сённяшнія прызёры праз некалькі гадоў заявяць аб сабе як прафесійныя канструктары, вынаходнікі, добрыя навукоўцы ці тэхнікі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.