Сёстры-двайняты Л.Адамовіч і Г.Гарбунова — аб педагагічнай дынастыі і праекце «Smаrt-вандроўнік»

- 9:00Образование

У Ржаўскай базавай школе Бешанковіцкага раёна матэматыку і інфарматыку выкладаюць сёстры-­двайняты Людміла Адамовіч і Ганна Гарбунова. Яшчэ іх аб’ядноўваюць праекты, прысвечаныя малой радзіме, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сіла традыцый 

У іх сям’і, як па Чэхаву, тры сястры, расказваюць мае суразмоўніцы. Старэйшая, Маргарыта, працуе выкладчыцай у Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломной адукацыi. Такім чынам, усе яны ўпэўнена працягнулі сямейную педагагічную дынастыю, якая па мацярынскай лініі вядзе свой пачатак ад прапрадзеда. Знамянальна, што большасць з яе прадстаўнікоў прысвяцілі сябе выкладанню дакладных навук. Так, іх стрыечны дзед Фёдар Фёдаравіч працаваў настаўнікам фізікі і працоўнага навучання, маці Святлана Віктараўна — настаўніцай матэматыкі і фізікі. Стрыечная і траюрадная сёстры зараз ву­чаць дзяцей матэматыцы і інфарматыцы.      

— Калі мы збіраемся разам на сямейныя святы, атрымліваецца сапраўдны педсавет, — з усмешкай гаворыць Людміла Леанідаўна. — Лічу, гэта добра, калі ў адной сям’і шмат прадстаўнікоў адной прафесіі. Заўсёды ёсць з кім падзяліцца, атрымаць параду. І ўвогуле прыемна адчуваць, што ў рабоце нам дапамагаюць у тым ліку і гены продкаў.  

Бешанкоўшчына — малая радзіма сясцёр. Нарадзіліся яны ў вёсцы Ржаўка, школу скончылі ў суседняй вёсцы Будзілава, куды пераехала жыць сям’я.

— Напэўна, вы былі адзіныя на ўсю школу двайняты? — цікаўлюся ў сураз­моўніц.

— Як ні дзіўна, але адначасова з намі вучыліся яшчэ тры пары двайнят. Адна з іх нават у нашым класе. Так што нейкімі асаблівымі мы сябе ніколі не адчувалі. Дарэчы, наш бацька і яго сястра таксама двайняты, і ўвогуле ў нашым родзе такія пары з’яўляліся нярэдка. Мы лічым, што нам з сястрой пашанцавала, — дзеліцца Ганна Гарбунова.

Школу сёстры скончылі з аднолькавым сярэднім балам, на ЦТ таксама набралі адну і тую ж агульную коль­касць балаў, толькі адна з дзяўчат крыху лепш здала рускую мову, а другая — матэматыку. На каго вучыцца, вырашылі без цяжкасцей. Перад вачыма з дзяцінства быў дастойны прыклад маці і іншых сваякоў, а калі на днях самакіравання паспрабавалі выкла­даць у малодшых класах, адчулі: ім гэта таксама цікава. Спецыяльнасць выбралі ў лепшых сямейных традыцыях — “Матэматыка і інфарматыка”.

— Быў яшчэ варыянт пайсці вучыцца на праграмістаў, але мы падумалі, што суткамі сядзець за камп’ютарам і не бачыць людзей — гэта не для нас. Працаваць з дзецьмі намнога цікавей, гэта сапраўдны фантан энергіі і натхнення, адзін дзень не падобны на іншы, заўсёды нешта новае, — адзначае Людміла Адамовіч.

Успамінаючы вучобу ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя ­П.М.Машэрава, сёстры з усмешкай заўважаюць, што на экзамен у аўдыторыю іх запрашалі разам. Так выкладчыкі страхаваліся, каб адна не прайшла іспыт замест другой. У інтэрнаце жылі ў адным пакоі, дарэчы, у тым самым, дзе ў часы свайго студэнцтва жыла іх маці. Абедзве былі валанцёрамі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Размеркаванне пасля атрымання дыплома на нейкі час развяло сясцёр па розных установах. Ганна Леанідаўна першыя прафесійныя крокі рабіла ў Ржаўскай школе, а Людміла Леанідаўна ўладкавалася сюды крыху пазней, пасля замужжа. Яны працуюць разам ужо некалькі гадоў.   

Яскравая палітра    

У цяперашні час Ржаўскую базавую школу наведваюць 67 навучэнцаў і 17 дашкольнікаў. Класы невялікія, і гэта дае магчымасць удзяліць больш увагі кожнаму вучню, сярод якіх, дарэчы, ёсць і дзеці з інваліднасцю.

— Імкнёмся, каб кожны меў максімальна магчымы для яго ўзровень ведаў. Шмат хвалім навучэнцаў за іх поспехі, нават калі гаворка ідзе не аб выкананні задання з зорачкай. Ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якімі я шчыра ганаруся. Сярод выпускнікоў, у якіх я выкладала матэматыку і інфарматыку, чатыры дыпламаваныя праграмісты. А адна з маіх сённяшніх навучэнак, вась­мікласніца, ужо двойчы перамагала на раённай алімпіядзе па матэматыцы, — расказвае Людміла Адамовіч.     

— Сучасным дзецям, якія з маленства растуць з гаджэтамі ў руках, класічныя ўрокі не вельмі цікавыя. Імкнёмся прымяняць нестандартныя падыходы, такія як перавернуты і гульнявы ўрок, урок-квест і інш. Напрыклад, у пачатку заняткаў таямнічым голасам паведамляю вучням, што ў нас сёння вельмі важнае заданне: калі правільна рашым ураўненні, атрымаем сакрэтны код, які патрэбны для добрай справы. Градус цікавасці адразу ўзрастае ў разы! Можна надаць інтрыгу, нешта змяніўшы ў знешнім выглядзе, дабавіўшы нейкі элемент адзення. Для сучаснага настаўніка вельмі важна быць крэатыўным і ў пэўнай меры валодаць акцёрскім майстэрствам, — дзеліцца меркаваннем Ганна Гарбунова.    

Абедзве сястры — класныя кіраўнікі. Але гэтым іх актыўнасць не абмяжоўваецца. Людміла Леанідаўна з’яўляецца мадэратарам школьнага сайта, спявае ў самадзейным музычным гуртку, іграе на фартэпіяна. Ганна Леанідаўна выконвае абавязкі педагога-арганізатара, вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Чароўная палітра”. Дарэчы, яна выдатная мастачка, чые работы выстаўляюцца нават у музеях Бешанковіч і Віцебска. А яшчэ малады педагог узначальвае маладзёжны парламент пры Бешанковіцкім раённым Савеце дэпутатаў і ўвахо­дзіць у склад Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Памяць пакаленняў

Ужо некалькі гадоў сёстры разам з вучнямі сваёй школы рэалізуюць актуальныя праекты. Так, у межах праграмы “Настаўнік для Беларусі” створана інтэрактыўная карта “Smаrt-вандроўнік”. Праект накіраваны на тое, каб дзеці лепш ведалі гісторыю малой радзімы. 

— Разам з навучэнцамі наведвалі памятныя месцы, з якімі звязана тая ці іншая старонка мінулага нашага краю, размаўлялі са старажыламі, працавалі ў архівах, рабілі запыты. Потым размясцілі атрыманую інфармацыю на сайце праекта з выкарыстаннем QR-кодаў. Такім чынам даведаліся, напрыклад, аб месцы падзення ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны савецкага самалёта, масавым пахаванні ахвяр генацыду яўрэйскага народа, забытых старажытных могілках і г.д., — паведамляе Людміла Леанідаўна.

Зараз сумесна з пракуратурай яны рэалізуюць праект “Памяць пакаленняў”, прысвечаны ўвекавечанню памяці аб ахвярах генацыду беларускага народа.  На інтэрактыўную карту наносяцца месцы масавых пахаванняў, спаленых разам з людзьмі вёсак, былых лагераў ваеннапалонных, дзе загінула шмат савецкіх байцоў.

Трэба адзначыць, што школьныя праекты не абмяжоўваюцца толькі гістарычным складнікам. Так, распрацаваны экалагічны “Smart-маршрут”, які дазваляе даведацца пра ўнікальныя прыродныя куточкі малой радзімы. 

З прыходам вясны педагогі і іх выхаванцы плануюць працягнуць свае падарожжы. На інтэрактыўных картах абавязкова з’явяцца новыя аб’екты, а ў дзіцячых сэрцах — яшчэ больш любові да роднага краю, ведаў аб яго няпростай гісторыі і адказнасці за яго будучыню. Калі побач такія настаўніцы, інакш быць проста не можа. 

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара