Сыраробы Слуцкага дзяржаўнага каледжа сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу

- 16:15Новости

Конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па кампетэнцыі «Майстар малочнай вытворчасці» прайшоў у каледжы. Гэтым разам на спаборніцтвы прыехалі прадстаўнікі Міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій (г. Барнаул, Алтайскі край) і Чэхаўскага тэхнікума (Маскоўская вобл.), паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У асабістым заліку перамагла навучэнка Слуцкага дзяржаўнага каледжа Вікторыя Міхайлава. На другім месцы яе сястра Настасся Міхайлава, на трэцім — Марыя Гутава з каледжа г. Барнаула. Дыплом I ступені ў камандным заліку таксама заваявалі беларусы. Кіраўнік каманды — майстар вытворчага навучання Вераніка Салавей.

Канкурсанты выконвалі два заданні: тэарэтычнае і практычнае. Ім трэба было паказаць веды па спецпрадметах, якія вывучаюцца пры асваенні прафесіі «Майстар малочнай вытворчасці», адказаць на пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай сыравіны і тэхналагічнымі асаблівасцямі вырабу розных відаў сыру. Практычны этап аказаўся вельмі відовішчным. Удзельнікі выраблялі мяккі сыр «Беларускі духмяны», які стаў навінкай у малочнай вытворчасці і своеасаблівым шэдэўрам з адметнай рэцэптурай.

Дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барыс Блахін расказаў, што сёння імі заключаны дагаворы аб міжнародным супрацоўніцтве з 11 установамі прафесійнай адукацыі Расіі, згодна з якімі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку і конкурсы прафесійнага майстэрства.

Каледж з’яўляецца пляцоўкай для правядзення спаборніцтваў, што садзейнічае больш глыбокаму вывучэнню спецыфікі сучаснай малочнай вытворчасці, без чаго немагчыма падрыхтаваць кваліфікаванага спецыяліста. Педагогі каледжа рэгулярна праходзяць стажыроўкі на прадпрыемствах, вывучаюць новаўвядзенні тэхналагічнага працэсу, патрабаванні стандартаў, сучаснае абсталяванне. Дзякуючы спонсарскай дапамозе заказчыкаў кадраў (Слуцкі сыраробны камбінат, «Савушкін прадукт», Слуцкі цукрарафінадны камбінат, Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, Верхнядзвінскі масласырзавод) у навучальнай установе абноўлены 3 вучэбныя лабараторыі, набыта новае абсталяванне, у тым ліку апарат Чыжова, ph-метр, рэфрактометр, цэнтрыфуга і шэраг іншых прыстасаванняў. Таксама ўстаноўлены віртуальныя вучэбныя комплексы «Нармалізацыя, пастэрызацыя малака», «Вытворчасць кісламалочных прадуктаў», «Вытворчасць тварагу і сыру», «Вытворчасць сметанковага масла», дзе выкарыстаны трохмерныя мадэлі, якія з’яўляюцца аналагамі рэальнага абсталявання пры вытворчасці малочных прадуктаў. Гэтыя трэнажоры дазваляюць вывучаць тэхналагічныя этапы: прыёмка і падрыхтоўка сыравіны, нармалізацыя і пастэрызацыя, разнастайныя тэхналагічныя аперацыі па вытворчасці кісламалочных прадуктаў. Такое сучаснае аснашчэнне выкарыстоўваецца для правядзення конкурсаў прафесійнага майстэрства, семінарскіх заняткаў, майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў. Навучэнцы таксама адпрацоўваюць навыкі на факультатыўных занятках «Свет сыраробства».

Ала КЛЮЙКО
Фота прадаставіў Слуцкі дзяржаўны каледж