Табліцы і схемы для эфектыўнага навучання

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Наглядныя сродкі навучання павышаюць матывацыю і аблягчаюць засваенне матэрыялу. У сваёй рабоце актыўна выкарыстоўваю табліцы і схемы, якія ўяўляюць сабой тэарэтычны матэрыял, пададзены ў графічным, спрошчана-абагульненым выглядзе.

Табліцы і схемы на ўроках беларускай мовы дапамагаюць фарміравац­ь арфаграфічныя навыкі, што з’яўляецца адной з галоўных задач прадмета. Пісьменнасць заключаецца не столькі ў засваенні правіл правапісу, колькі ў выпрацоўцы ўзгодненай работы вачэй, вушэй, рук і мозга. Такая ўзгодненасць дасягаецца і становіцца трывалай толькі пры сістэматычнай трэніроўцы.

Выкарыстоўваю табліцы на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні і абагульненні тэмы, праверцы дамашняга задання. Эфектыўнасць работы з табліцамі залежыць ад сістэмы пытанняў. Іх колькасць і характар абумоўлены зместам табліцы (лексіка, граматыка, арфаграфія), складанасцямі пэўнай тэмы і ўзроўнем падрыхтоўкі класа. Але канчатковая мэта адна — падвесці вучняў да разумення заканамернасці, пададзенай у табліцы. Дасягнуць гэтага можна толькі пры сістэматычнай рабоце.

Апорныя табліцы і схемы ажыўляюць заняткі, актывізуюць увагу вучняў, развіваюць мысленне,  зрокавую памяць, дапамагаюць лепш зразумець асобныя факты мовы, іх сувязь паміж сабой, павышаюць пісьменнасц­ь і культуру мовы, дазваляюць змяніць змест і спосабы падачы тэарэтычнага і практычнага матэрыялу: не ад параграфа да параграфа, як у падручніку, а блокам, у пэўнай цэласнай сістэме, з апярэдж­ваннем вывучэння асобных тэм. Табліцы, занатаваныя ў сшытках, з’яўляюцца добрым даведнікам і дапаможнікам для школьнікаў, аблягчаюць запамінанне правіл і іх прымяненне пры падрыхтоўцы да ЦТ.

Табліцы дазваляюць спачатку прадставіць веды як сістэму, а затым паступова перайсці да дэталёвага вывучэння яе частак. Пры такім засваенні матэрыялу істотна зніжаецца нагрузка на школьнікаў, якім лягчэй устанавіць лагічныя сувязі, вылучыць асноўную думку.

Табліцы адыгрываюць і вялікую выхаваўчую ролю: знімаюц­ь стрэсавыя сітуацыі, што ўзнікаюць ад няўпэўненасці ў ведах. Акрамя таго, знікаюць праблемы накшталт “не разумею”, “забыўся”, “не вывучыў”. Спрацоўвае прынцып: даведаўся — запішы, не ведаеш — вывучы, забыўся — паглядзі і ўспомні, сумняваешся — правер.

Змест матэрыялу прапаную ў выглядзе інфармацыйна завершаных блокаў, што дазваляе дзецям большую частку ўрока працаваць самастойна, вучыцца планаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць, аб’ектыўна вызначаць узровень уласных ведаў і ўменняў, бачыць прабелы ў іх. Падчас заняткаў цалкам мяняюцца формы зносін настаўніка з вучнямі: з інфармацыйнага рэжыму выкладання педагог пераходзіць у рэжым кансультавання і кіравання вучэбнай дзейнасцю.

Вынікам маёй работы сталі кнігі “Беларуская мова ў схемах і табліцах”, “Канспекты па беларускай мове для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання”, “Даведнік па беларускай мове: вывучаем самастойна”, “Практыкум па беларускай мове”, а таксама серыя дапаможнікаў па беларускай мове для 5—9 класаў.

Ала ЛЯЎКОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска.