Так хочацца жыць!

- 10:34Сацыяльны ракурс, Соцыум

Калі гэта, зазіраючы ў вочы, гавораць дзеці, якія пакутуюць ад невылечных хвароб, хочацца зрабіць усё магчымае, каб яны адчувалі сябе шчаслівымі. Наталля ЛАПАЧУК, валанцёр Беларускага дзіцячага хоспіса, ведае гэта з уласнага вопыту.

Чуючы такія словы, можна пера­жыць увесь спектр эмоцый — паніка, разгубле­насць, злосць, але так і не пада­браць патрэбныя словы.

“Упэўнена: мамам, чые дзеткі знаходзяцца ў хоспісе, хочацца зажмурыцца і лі­чыць усё, што адбываецца, дрэнным сном”, — гаворыць Наталля Лапачук. 

Наталля ведае, пра што гаворыць: яна не проста валанцёр, які дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам, што пакутуюць ад невылечных хвароб. Н.Лапачук працуе настаўніцай пачатковых класаў у гімназіі № 8 Мінска, таму мае вопыт работы з рознымі дзеткамі і бацькамі. 

Стаць валанцёрам Наталлі дапамог выпадак. Калі вучылася на першым курсе БДПУ імя Максіма Танка, сяброўка прапанавала паехаць у лагер для выхаванцаў з інваліднасцю “Бусел”.

“На той момант у мяне не было ніякага ўяўлення наконт таго, як працаваць у такім лагеры, я не разумела і не ведала, што праблема сацыялізацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі з’яўляецца настолькі вострай і актуальнай, — прызнаецца Наталля. — Трапіўшы ў асяроддзе асаблівых дзетак, я ўбачыла, наколькі яны як асобы яркія. Яны не любяць ся­дзець у чатырох сценах, ім падабаецца выязджаць з дому і знаёміцца з новымі людзьмі. Са спазнання лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі пачалося маё валанцёрства. Бачачы, як гэтыя дзеці цягнуцца да нас, як ім хочацца ўсё ведаць і разумець, адчула, што хачу быць побач і дапамагаць ім. І ведаеце, што самае дзіўнае? Нягле­дзячы на абмежаваныя магчымасці, у гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак неабмежаваная фантазія і вялікае жаданне жыць”.

Першы вопыт работы валанцёрам у Наталлі быў таксама ў лагеры “Бусел”. Традыцыйна першая змена прымае сіблінгаў — братоў і сясцёр падапечных Беларускага дзіцячага хоспіса, бацькі якіх загінулі або маюць інвалід­насць. Затым з сярэдзіны чэрвеня пачынаюць работу 4 змены для дзяцей і маладых дарослых з інваліднасцю, якія на працягу двух тыдняў адпачываюць самастойна пад апекай супрацоўнікаў дзіцячага хоспіса і валанцёраў.

 

Чытайце ў аўтарскай рубрыцы Наталлі Сахно «Лёс чалавека» ў нумары ад 6 студзеня 2023 года.