Так трымаць!

Новы навучальны год яшчэ толькі пачаўся, а навучэнцы ўжо радуюць бацькоў і педагогаў сваімі дасягненнямі. Так, хлопчыкі і дзяўчаты з Мінскай вобласці паспяхова ўзялі ўдзел у Міжнародным фестывалі рускай мовы.

Міжнародны фестываль праводзіцца штогод і стварае адукацыйную творчую пляцоўку, на якой удзельнікі атрымліваюць магчымасць удасканальваць веды па рускай мове ў жывых зносінах. Удзел у мерапрыемстве бяруць расійскія навучэнцы, а таксама замежныя школьнікі, якія вывучаюць рускую мову ў іншых краінах свету. Сёлета сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі больш чым 20 краін: Арменіі, Аўстраліі, Балгарыі, ЗША, Казахстана, Латвіі, Македоніі, Украіны, Польшчы, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана, Эстоніі і інш.

У рамках фестывалю прайшлі шэсць конкурсаў: “Знаўцы рускай мовы, гісторыі і культуры Расіі”, “Тэатральная творчасць і мастацкае слова”, “Сучасная дэкаратыўна-прыкладная творчасць і выяўленчае мастацтва”, “Дзіцячае і юнацкае кіно і тэлебачанне”, “Харэаграфічная творчасць” , “Вакальна-харавая творчасць”.

Пераможцаў першага, завочнага, тура запрасілі на фінальнае мерапрыемства, якое прайшло ў Маскве. Сярод фіналістаў — навучэнцы Мінскай вобласці з Маладзечна, Любані і Нясвіжскага раёна. Прадстаўніца Нясвіжскага раёна, навучэнка Сноўскай сярэдняй школы Віталіна Віннік, стала пераможцай фестывалю ў намінацыі “Знаўцы рускай мовы, гісторыі і культуры Расіі”. Цудоўны старт навучальнага года, так трымаць!

Дар’я РЭВА.
Фотаздымак з уласнага архіва ўдзельнікаў фестывалю.