Такая прыгожая матэматыка

- 11:47Людзі адукацыі

Няздольных да матэматыкі вучняў не бывае, кожнае дзіця можна навучыць гэтаму прадмету, праўда, на розным узроўні: хтосьці можа спасцігнуць яго больш глыбока, а хтосьці — менш, — у гэтым пераканана настаўніца матэматыкі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Зінаіда Анатольеўна Міронава.

Як прыгадвае Зінаіда Анатольеўна, з дзяцінства яна хацела стаць настаўніцай. Ма­быць, гэтае жаданне перадалося ёй ад мамы, якой сваю мару, на жаль, не ўдалося ўвасобіць у жыццё. Яно яшчэ больш умацавалася на выпускным экзамене, калі Ілья Лазаравіч, дырэктар 32-й школы Магілёва, у якой яна вучылася, сказаў: “Ты такая разумная! Стань настаўніцай матэматыкі!”. Яго словы аказаліся прарочымі. Пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова дзяўчына прыйшла працаваць у школу і ўжо 34 гады выкладае вучням царыцу навук.

— Матэматыка — самая стройная, самая прыгожая навука. Гэта навука жыцця, якая выхоўвае ў чалавека актыўную жыццёвую пазіцыю, вучыць ставіць і дасягаць высокія мэты. Гэта прадмет, на якім развіваецца мысленне вучня, ён стварае падмурак і для фізікі, і для хіміі, і нават для літаратуры, — адзначае настаўніца. — Таму вельмі важна на занятках прадэманстраваць непасрэдную сувязь матэматыкі з жыццём. Напрыклад, вывучаючы тэму “Функцыя”, я тлумачу дзецям, што любы жыццёвы працэс можна ўявіць у выглядзе функцыі. Так, на кардыяграме — графіку работы сэрца — кардыёлаг бачыць перыяды, узрастанне, убыванне і робіць адпаведныя высновы. У выніку навучэнцы пераконваюцца, што матэматыка — гэта не проста сухія лічбы, формулы, якія трэба завучыць, набор пэўных дзеянняў, а вельмі неабходная навука.

Настаўніца ўпэўнена, што “ўсё пачынаецца з любові…”: дрэнных дзяцей не бывае, на іх не крыўдзяцца і любяць такімі, якія яны ёсць, а таму важна бачыць у кожным дзіцяці асобу і паважаць яе. На работу яна ідзе заў­сёды з усмешкай і свае праблемы імкнецца пакідаць за парогам школы. Пачуццё гумару дазваляе педагогу зняць напружанне на сур’ёзным уроку, разняволіць вучняў, зрабіць перапынак у рабоце.

Новых методык і прыёмаў Зінаіда Анатольеў­на ведае нямала — з задавальненнем ездзіць на курсы, майстар-класы і адкрытыя ўрокі калег. Для сябе ўзяла на ўзбраенне здароўезберагальныя, развіццёвыя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, праблемнае навучанне, а ва ўрокі тлумачэння новага матэрыялу ўключае і элементы апераджальнага навучання. Апошнім часам настаўніца аддае перавагу рознаўзроўневай дыферэнцыі: адно дзіця можа выканаць 10 заданняў, а другое — 30. Да гэтага педагог заўсёды падрыхтаваны: у яе скарбонцы да кожнага ўрока дзясяткі прарэшаных заданняў з адказамі, якія можна прапанаваць вучням. А выбар метадаў і прыёмаў работы залежыць ад узроўню падрыхтаванасці класа. 

— Многія думаюць, што настаўнік напісаў адзін план і працуе па ім усё жыццё. Аднак гэты стэрэатып вельмі далёкі ад рэчаіснасці. Прызнаюся, ні адным планам праведзенага ўрока я двойчы не скарысталася — мне самой цікава шукаць новыя формы. На сваіх уроках я заўсёды стараюся трымаць патрэбны тэмп, не даю вучням пераключаць увагу ў гаджэты, заглядваць у вокны ці штосьці маляваць у сшытку, я пастаянна концэнтрую іх увагу на пэўным матэрыяле ці заданні, імкнуся тры­маць у полі зроку кожнага. Матэматыка — навука, якая не церпіць няўважлівасці. Асабліва гэта тычыцца геаметрыі. Упусціў самы пачатак, нават найпрасцейшай аксіёмы — далей не пойдзеш, гэта як снежны камяк. Няма аднаго звяна ў ланцужку — не бу­дзе і ўсяго ланцужка.

Настаўніца па-майстэрску валодае методыкай правядзення сучаснага ўрока. Яна дасканала прадумвае план кожных заняткаў, улічваючы ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў, а таксама тое, у якім класе, базавым ці профільным, будзе праца­ваць, правільна і абгрунтавана вызначае мэты і задачы навучання, а потым дакладна адсочвае іх на кожным этапе. На яе ўроках пануе атмасфера добразычлівасці, зацікаўленасці ў поспеху кожнага вучня. У настаўніцы асаблівы талент — даходліва і зразумела тлумачыць новы матэрыял навучэнцам.

На думку Зінаіды Анатольеўны, перадумова сучаснага ўрока — сістэмна-дзейнасны падыход, пры якім вучань з’яўляецца суб’ектам адукацыйнага працэсу. Асаблівую ўвагу ўдзяляе настаўніца арганізацыі су­працоўніцтва і ўзаемадзеяння на ўроку, выкарыстоўваючы парную і групавую работу. “Мы развучыліся ўзаемадзейнічаць паміж сабой, гаварыць. Часта вучні не ведаюць матэматычных тэрмінаў, нават развучыліся правільна вымаўляць лічбы, а таму на ўроках я прашу дзяцей каменціраваць свае дзеянні ўголас”, — заўважае настаўніца.

У сваёй рабоце З.А.Міронава ўдзяляе шмат увагі развіццю пазнавальнай цікавасці і здольнасцей вучняў. Педагог паспяхова працуе з адоранымі дзецьмі: рыхтуе пераможцаў розных конкурсаў і алімпіяд. У святочныя і выхадныя дні Зінаіду Анатольеўну нярэдка можна бачыць на рабочым месцы. Падчас канікул заняткі з алімпіяднікамі прахо­дзяць па 4—5 гадзін у дзень, а ў вучэбны ты­дзень — 2—3 гадзіны. За гады работы ў ліцэі Зінаіда Анатольеўна падрыхтавала дванаццаць пераможцаў трэцяга і два пераможцы заключнага (адзін дыплом ІІ ступені, адзін  —  ІІІ ступені) этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Сёлета на вобласці дыплом І ступені заваяваў Антон Новікаў, дыплом ІІ ступені ў Аляксея Варфаламеева.

 Настаўніца распрацавала праграмы па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання, якія актыўна выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе. Выпускнікі Зінаіды Анатольеўны ў 2018, 2019 гадах тройчы паказвалі 100-бальныя вынікі пры праходжанні ЦТ. Так, сёлета яны ва Уладзіслава Красоўскага і Арцёма Шарахоўскага.

— Часцей за ўсё алімпіяднікі не пішуць ЦТ на 100 балаў, бо часта дапускаюць вылічальныя памылкі (яны хутка імкнуцца рашыць усё, бо, як вядома, час на алімпіядзе абмежаваны). А вось найвышэйшага бала дася­гаюць вучні з высокай матывацыяй, уседлівыя, якія дасканала і скрупулёзна ўсё прарэш­ваюць, — заўважае Зінаіда Анатольеўна.

З.А.Міронава пераканана, што настаўніку нельга спыняцца ў сваім развіцці, неабходна шукаць штосьці новае, арыгінальнае, каб навучэнцам было цікава з педагогам, каб узнікала жаданне паглыбляць свае веды, прымяняць іх на практыцы. “Я да гэтага часу вучуся: новым задачам, новым прыёмам. Часам вучні прыносяць новыя арыгінальныя ідэі, тады даводзіцца вучыцца ў іх. І гэта нармальна. Калі настаўнік сказаў, што ён дасягнуў усяго, значыць, ён загінуў як настаўнік”, — адзначае педагог.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.