Такі блізкі далёкі Кітай

- 14:36Навіны рэгіёнаў, Рознае

Для сяброўства межы і прасторавыя адлегласці — не перашкода. У гэтым яшчэ раз пераканаліся беларускія і кітайскія ўдзельнікі сустрэчы, якая адбылася ў сярэдняй школе № 44 Віцебска.

З кожным годам у паўночным рэгіёне павялічваецца колькасць юных аматараў і знаўцаў культуры Паднябеснай. Сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі піянерам у справе вывучэння мовы і традыцый Кітая з’яўляецца школа № 44 абласнога цэнтра. Гімназічны клас культуралагічнага профілю з усходазнаўчым напрамкам, навучэнцы якога пад кіраўніцтвам кітайскіх педагогаў пачалі захапляльнае падарожжа ў свет кітайскай мовы і філасофіі, псіхалогіі і культуры, быў адкрыты ў школе 1 верасня 2003 года. За 11 гадоў аблічча ўстановы адукацыі набыло выразны ўсходні каларыт. Дзеці не толькі з задавальненнем вывучаюць кітайскую мову, але і актыўна ўдзельнічаюць у рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных культурных і адукацыйных мерапрыемствах, фестывалях, конкурсах, праектах. Гордасць навучэнцаў і настаўнікаў, своеасаблівая візітная картка школы — пастаноўкі традыцыйнай пекінскай оперы. Дарэчы, і ўрокі фізічнага выхавання незвычайныя: разам са знаёмымі практыкаваннямі хлопчыкі і дзяўчынкі заўзята асвойваюць азы экзатычнага мастацтва ў-шу. Нярэдкія тут і госці з Паднябеснай. Нядаўна школу наведала дэлегацыя вядучых кітайскіх майстроў баявога мастацтва тайцзы. Прызнаныя майстры лушы тайцзыцюань прадэманстравалі віцяблянам комплексы практыкаванняў, танцы з мячом і шабляй — усяго дзевяць нумароў, за кожным з якіх дзятва сачыла з заміраннем сэрца. І не магло быць інакш, бо на сцэне актавай залы выступалі жывыя легенды: майстры ў пятым пакаленні Лу Шанчы і Ху Яньцзюань, майстар Лу Куэйнь (нягледзячы на 76-гадовы ўзрост, шаноўны госць у плане фізічнай падрыхтоўкі паказаў моладзі выдатны — а для многіх недасягальны — прыклад), нават манах знакамітага Шааліньскага манастыра!
З дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Аляксандрам Гардзеем, які завітаў у школу ў рамках святкавання 10-годдзя ўтварэння першага канфуцыянскага цэнтра ў свеце, размова ішла аб адкрыцці філіяла.
— Інстытут мае чатыры філіялы ў Мінску, Гродне і Гомелі, — праінфармаваў Аляксандр Гардзей. — Спадзяёмся, што неўзабаве яшчэ адзін з’явіцца і ў Віцебску, і менавіта на базе 44-й школы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.