Такім было лета, ці Удалыя “Прафесійныя канікулы”

Арганізацыя дзіцячага летняга адпачынку — адзін з прыярытэтных кірункаў у сістэме адукацыі. Штогод установы адукацыі прапануюць сваім вучням розныя праграмы летнікаў, спектр якіх даволі шырокі: гэта прафарыентацыйныя, патрыятычна-выхаваўчыя, турыстычна-краязнаўчыя, лагеры адпачынку і працы.

Педагогі здольны ўпісаць у канікулы школьнікаў шмат цікавых забаўляльных, развіццёвых і адукацыйных мерапрыемстваў, а таксама карысных спраў. Каб дзецям было нясумна, кожны год арганізатары стараюцца напоўніць адпачынак нечым новым, захапляльным.

Сёлета на Гомельшчыне больш як 35 тысяч навучэнцаў бавілі частку летніх канікул у аздараўленчых летніках. На базе ўстаноў адукацыі іх працавала 1086, 30 з якіх мелі прафарыентацыйны характар і дзейнічалі ў рамках праекта “Прафесійныя канікулы”, зацверджанага міжведамасным каардынацыйным саветам па прафесійным самавызначэнні і тэсціраванні вучняў у Гомельскай вобласці. Варта адзначыць, што ў асноўным клопат пра гэты кірунак на сябе ўзялі цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У цэлым жа радуе, што даволі цікавае правядзенне канікулярнага часу прапанавалі сваім вучням установы адукацыі невялічкіх гарадоў, райцэнтраў і вёсак.

Час для самавызначэння

Так, у Рагачоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі на базе Забалоцкай базавай школы функцыянаваў прафарыентацыйны аздараўленчы летнік з кругласутачным знаходжаннем “Лідар”. Цікавасць выклікае падыход да яго арганізацыі.

— Згодна з меркаваннем выдатнага псіхолага Л.С.Выгоцкага, узрост 10—15 гадоў лічыцца падлеткавым, менавіта ў гэтым узросце з’яўляюцца матывы навучання, звязаныя з ідэалам, прафесійнымі намерамі, — тлумачыць метадыст цэнтра Марына Жураўлёва. — А 14—15 гадоў — гэта ўзрост, калі дзіця павінна канкрэтна ведаць, якая прафесія яго цікавіць, да якой ёсць здольнасць. Часта старэйшыя школьнікі пачынаюць у спешцы выбіраць прафесію і нярэдка памыляюцца. Таму мы палічылі ідэальным займацца прафарыентацыяй з вучнямі 11—13 гадоў — узросту, калі фарміруецца самавызначэнне, уласныя погляды і адносіны.

Каб мець пэўны аналіз работы ў гэтым кірунку, а таксама дапамагчы падлеткам больш разабрацца ў сабе і сваіх прафесійных якасцях, арганізатары прапанавалі кожнаму выхаванцу ў пачатку і ў канцы змены прайсці тэсціраванне, распрацаванае Гомельскім міжведамасным каардынацыйным саветам па прафесійным самавызначэнні і тэсціраванні навучэнцаў.

Адным з самых важных пунктаў работы прафарыентацыйнага летніка самі ўдзельнікі называюць магчымасць прыняць удзел у інфармацыйнай гадзіне ад прадстаўнікоў мясцовай улады — старшыні Савета дэпутатаў і начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Падчас інфармацыйнай гадзіны было праведзена апытанне на тэму занятасці насельніцтва, а таксама эканамічнай і экалагічнай сітуацый у Рагачоўскім раёне. Дзяўчынкі, якія прынялі ў гэтым удзел, кажуць, што для іх такая сустрэча была цікавай удвая, бо, па-першае, яны атрымалі інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў, а па-другое, значна пашырылі свае веды пра раён, у якім жывуць.

Даведацца больш пра свае мясціны ўдзельнікам “Лідара” дапамаглі і мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. А адлюстраваць сваю любоў да роднага краю школьнікі маглі ў праведзеным у рамках летніка конкурсе малюнкаў “Рагачоў — мая малая радзіма” і стварэнні фотакалажу “Мой Рагачоў”, а таксама флэшмобе “Я люблю цябе, Рагачоў!”.

Падчас работы летніка навучэнцы наведалі аграгарадкі Забалоцце і Ціхінічы Рагачоўскага раёна, пабывалі на экскурсіі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі і на спектаклі ў Гомельскім абласным драматычным тэатры.

— Увесь перыяд знаходжання дзяцей у летніку з імі працавала педагог-псіхолаг, — расказвае Марына Ігараўна. — Яна праводзіла заняткі, якія садзейнічаюць выхаванню і развіццю асабістых якасцей выхаванцаў: самарэгуляцыі асобы, псіхалагічнай культуры, патрэбы ў развіцці і самаразвіцці. Усё гэта спрыяла самапазнанню і самавызначэнню, а напрыканцы змены кожны з выхаванцаў атрымаў ад псіхолага рэкамендацыі.

Прафесіі пятай галактыкі

Трэці год запар на базе Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна функцыянаваў 18-дзённы летні прафарыентацыйны летнік “Равеснік”.

Удзельнікі летніка мелі магчымасць задаволіць цікавасць да пэўнай галіны ведаў у спалучэнні з аздараўленнем разам са сваімі аднагодкамі, прадэманстраваць свае здольнасці і таленты, набыць новых сяброў, новы сацыяльны вопыт, азнаёміцца з дзейнасцю арганізацый свайго пасёлка, прымераць на сябе розныя прафесіі.

Што цікава, дзейнасць “Равесніка” будуецца не хаатычна з пералікам тых ці іншых мерапрыестваў. Гэта сапраўдны праект — гульня пад назвай “Галактыка “Пятае вымярэнне”: яшчэ адзін крок да прафесіі”. Так, праграма была прадстаўлена як новая галактыка са сваімі планетамі і законамі, па якой удзельнікі летніка падарожнічалі разам з педагогамі на касмічным караблі. У адпаведнасці з картай галактыкі падарожнікі наведвалі планеты Тэхна, Геа, Аква, Бія, Эка, Сацыя, на кожнай з якіх вывучалі прафесіі розных кірункаў. Пры вывучэнні кожнай прафесіі прымяняўся так званы метад “5П”: пошук, разуменне (па-руску — “понимание”), проба, перспектыва, прыняцце. Па выніках вывучэння прафесій адной планеты юнакам і дзяўчатам трэба было прааналізаваць усе вывучаныя прафесіі і зрабіць выбар. Калі нехта вырашаў застацца на гэтай планеце, ён павінен быў спусціцца на яе на імянным парашуце. Свой выбар дзеці адзначалі на карце галактыкі “Пятае вымярэнне” падчас правядзення рэфлексіі.

— За час работы летніка мы здзейснілі 11 адукацыйных падарожжаў на розныя прадпрыемствы і ў арганізацыі роднага пасёлка, — раскрывае падрабязнасці начальнік летніка Ірына Камарова. — Нашы выхаванцы пабывалі ў пасялковай бібліятэцы, аптэцы, аддзяленні паштовай сувязі, мясцовым Доме культуры. Пры наведванні камбіната будаўнічых матэрыялаў даведаліся, як з перапрацаванага пластыка вырабляюцца пластмасавыя паддоны, як адбываецца апрацоўка драўніны, пабывалі на ўчастку “Уваравічы” Гомельскага аўтобуснага парка № 1 і пагутарылі з яго кіраўніком, трапілі на прыём да старшыні сельсавета і нават папрацавалі прадаўцамі ў мясцовых магазінах.

Канечне, час у “Равесніку” быў запоўнены яшчэ і трэнінгамі, прафарыентацыйнымі гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, пазнавальнымі і культурна-забаўляльнымі праграмамі. Таксама навучэнцы працавалі з анкетамі і дыягнастычнымі апытальнікамі, якія спрыялі самапазнанню, вызначэнню інтарэсаў, схільнасцей і ўсебаковай аб’ектыўнай ацэнцы асаблівасцей асобы.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

Такую даволі гаворачую назву меў прафарыентацыйны летнік, арганізаваны на базе Светлагорскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”.

Гэты год у Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы, таму праграма летніка была арыентавана не толькі на знаёмства дзяцей з шэрагам прафесій у цэлым, але і на фарміраванне ў іх уяўленняў аб прамысловых прадпрыемствах і іншых арганізацыях роднага горада, аб іх значнасці для рэгіёна і краіны, аб прафесіях людзей, якія там працуюць.

Жыццядзейнасць у летніку была арганізавана на аснове квеста, папулярнай сярод дзяцей гульні. І тут арганізатары, як і іх калегі з Уваравіч, закруцілі неверагодны сцэнарый. Гульнявы сюжэт квеста “Прафесіяналы будучыні”, у які ўключыліся ўдзельнікі змены, складаўся з таго, што на ўяўнай машыне часу хлопцы і дзяўчаты адправіліся ў падарожжа ў будучыню на 20 гадоў наперад і апынуліся ў Светлагорску 2038 года. Каб вярнуцца назад у свой час, ім трэба было да канца змены пераадолець шэраг перашкод і выканаць заданні квеста.

Кожны дзень у летніку быў тэматычны, звязаны з прафесіямі жыхароў горада. Тэма дня вяла ўдзельнікаў ад пазнавальных мерапрыемстваў да творчых, конкурсных, спартыўных або гульнявых — так, каб кожны новы дзень не быў падобны да папярэдняга. Але прафарыентацыйныя прыярытэты вызначалі змест усіх мерапрыемстваў.

За час работы летніка вучні пабывалі на экскурсіях у рэдакцыі газеты “Светлагорскія навіны”, у Светлагорскім гісторыка-краязнаўчым музеі, у дзіцячай бібліятэцы, сустрэліся з прадстаўнікамі РАНС і Светлагорскай выратавальнай станцыі Асвод.

З асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі роднага горада, прадукцыяй, якую яны выпускаюць, і з працоўнай дзейнасцю людзей, занятых на вытворчасці, удзельнікі летніка знаёміліся на занятках “Школы прафесіяналаў” з дапамогай відэапрэзентацый і віртуальных экскурсій. Знаёмства з прамысловасцю горада праходзіла ў цесным узаемадзеянні з бацькамі, якія і былі галоўнымі “экскурсаводамі” ў той ці іншай прафесіі.

Яшчэ адной асаблівасцю прафарыентацыйнага летніка можна назваць тое, што падчас знаходжання ў ім навучэнцы былі ўцягнуты ў праектна-даследчую дзейнасць. Да канца змены хлопчыкі і дзяўчынкі разам з педагогамі калектыўна аформілі лэпбук “Светлагорск у вясёлцы прафесій”, сістэматызаваўшы і замацаваўшы такім чынам пройдзены матэрыял.

Прапанаваная гульнявая мадэль прафарыентацыйнай змены ўразіла і захапіла дзяцей, яны з задавальненнем і цікавасцю наведвалі летнік, актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах. Пра цікавасць дзяцей і эфектыўнасць такога праекта сведчаць і лічбы.

— Вынікі дыягнастычных даследаванняў эфектыўнасці рэалізацыі праграмы паказалі, што 70% удзельнікаў павысілі свой узровень ведаў аб разнастайнасці прафесій у сучасным свеце, аб прамысловых прадпрыемствах горада і прафесіях людзей, занятых у вытворчасці, — дзеліцца начальнік летніка метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Вікторыя Пішчык. — Цікавы вінік мы атрымалі і пры правядзенні апытання: вызначылася, што 76% хлопчыкаў і дзяўчынак праявілі жаданне ў будучыні застацца жыць і працаваць у родным горадзе.

Як бачым, такая мадэль арганізацыі профільнага аздараўленчага летніка дазволіла, з аднаго боку, дасягнуць станоўчых вынікаў прафарыентацыйнай работы з дзецьмі пэўнай узроставай катэгорыі, а з другога — сфарміраваць у іх цікавасць да пазнання сваёй малой радзімы і жаданне ў будучыні працаваць на карысць роднага горада.

Тэма развіцця прафарыентацыйнай работы з моладдзю сёння даволі актуальная. Для многіх падлеткаў часта аказваецца няпростым вызначыцца з выбарам прафесіі, а зменлівы час нясе з сабой праблемы будучага працаўладкавання маладых людзей, што прымушае аналізаваць і крыху апярэджваць патрэбы рынку працы. Што ў гэтым сэнсе можа зрабіць звычайная школа ці ўстанова дадатковай адукацыі? Шукаючы новыя падыходы, педагогі тым самым дапамагаюць дзецям рэальна разглядаць прафесіі і адэкватна ацэньваць свае магчымасці, самавызначыцца і самарэалізавацца ў далейшым. Вядома ж, што менавіта школьная пара — той час, калі фарміруецца асоба дзіцяці, яго ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва ўстаноў адукацыі.