Такім я бачу гэты свет

- 14:23Рознае, Сацыяльны ракурс

Свет творчасці адкрыты для ўсіх. Нават калі ў нейкіх іншых сферах магчымасці чалавека абмежаваныя, у творчасці межаў быць не можа. Таму конкурс дзіцячай творчасці “Такім я бачу гэты свет” вельмі запатрабаваны. Ён праводзіцца ў Мінскім раёне для дзецей-інвалідаў і дзецей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Конкурс стаў у раёне добрай традыцыяй, праводзіцца ён ужо сёмы раз. Сёлета 117 хлопчыкаў і дзяўчат стварылі 128 творчых работ і прадставілі іх на конкурс. Напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў з конкурсных работ зрабілі выстаўку і падвялі вынікі творчага спаборніцтва.
Журы і гасцей выстаўкі, на якой дэманстраваліся работы, уразіла разнастайнасць тэхнік, якімі валодаюць дзеці. Тут можна было ўбачыць работы тканыя і вышываныя, мяккія цацкі і вырабы з саломкі, жывапіс і гліняныя скульптуры, работы, выкананыя ў тэхніцы дэкупажу і батыку, а таксама вырабы з самых розных матэрыялаў — паперы, гузікаў, каменьчыкаў і г.д. “Мы вельмі рады за нашых дзетак, бо яны маюць магчымасць паказаць, наколькі яны таленавітыя, адораныя, — расказвае Лідзія Шнып, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ЦКРНіР Мінскага раёна, — удзельнікі конкурсу — дзеці з рознымі дыягназамі, але, нягледзячы ні на што, яны ствараюць шэдэўры”.
Удзельнікі конкурсу праяўляюць не толькі свае таленты, але таксама лепшыя рысы характару, такія як мэтанакіраванасць, цярплівасць. Некаторыя з іх пераадолелі вялікі шлях да поспеху. Напрыклад, Аляксей Строкін, вучань Навасельскай сярэдняй школы, не адразу дасягнуў конкурснай вяршыні. Калі толькі пачынаў удзельнічаць, атрымліваў толькі падзякі. Але гэта не астудзіла яго жадання ствараць і ўдасканальваць сваё майстэрства, і вось сёлета ў яго руках — дыплом І ступені.
Яшчэ адзін дыпламант І ступені — Ганна Галуза, вучаніца Дубаўлянскай сярэдняй школы, — прыклад працавітасці і цярплівасці. Пяць гадоў назад яна пачала займацца бісерапляценнем у школьным гуртку. За гэты час Ганна не прапусціла ніводных заняткаў! Кожную суботу яна разам з бабуляй ідзе ў школу і на працягу чатырох гадзін вучыцца ствараць шэдэўры. Такая захопленасць і сур’ёзныя адносіны да любімай справы даюць і вынік — на працягу пяці гадоў у конкурсе Ганна займае прызавыя месцы. У гэтым годзе яна не толькі стала пераможцай, але і прадставіла персанальную выстаўку сваіх работ з бісеру “Свет маёй фантазіі”. “Я памятаю той дзень, калі Аня разам з бабуляй упершыню прыйшла на мае заняткі і сказала: “Я буду ў вас займацца!”, — расказвае Наталля Петрашкевіч, кіраўнік гуртка “Бісерапляценне”, настаўніца пачатковых класаў Дубаўлянскай сярэдняй школы, — мы пачыналі з самага простага — плоскіх фігур, а сёння яна засвоіла многа складаных тэхнік, напрыклад, вышыванне бісерам, ткацтва, англійскую тэхніку. Яна яшчэ і мая памочніца — з задавальненнем дапамагае на занятках малодшым дзецям, тлумачыць ім тонкасці работы”.
Першае месца ў конкурсе з Ганнай Галуза і Аляксеем Строкіным раздзяліў Алег Шутовіч з Самахвалавіцкай сярэдняй школы. Многія ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі, падзякамі, і абсалютна ўсім быў падораны святочны канцэрт “Ты не ад зін у гэтым свеце”.
Конкурс “Такім я бачу гэты свет” праводзіцца ЦКРНіР Мінскага раёна з галоўнай мэтай — прыцягнуць увагу да дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пераадолець іх сацыяльную ізаляванасць і стварыць для такіх дзетак сяброўскую атмасферу. Партнёрам конкурсу выступіла арганізацыя “Чырвоны крыж”. “Наша арганізацыя на працягу 150 гадоў дапамагае людзям, якім лёс падрыхтаваў нялёгкі жыццёвы шлях, — расказвае Наталля Міцяловіч, старшыня Мінскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства “Чырвоны крыж”, — асаблівую ўвагу мы ўдзяляем рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, бо свет, у якім яны існуюць, вельмі цесны. Такія конкурсы, мерапрыемствы дазваляюць пашырыць межы іх зносін. На выстаўцы дзіця разумее, што акрамя мамы і таты ёсць яшчэ людзі, якім яно цікава, што існуе яшчэ вялікі навакольны свет, які гатовы яго прымаць”.
Удзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі, прызамі, падзякамі, а галоўнае — апладысментамі і душэўнай цеплынёй, каб кожны з іх адчуў, што не адзіны ў гэтым свеце.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.