Такія важныя сустрэчы

Ужо другі раз у Палацы дзяцей і моладзі “Золак” Мінска прайшоў Міжнародны фестываль-конкурс “Сустрэчы”. Захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый народаў розных краін, падтрыманне прынцыпаў міру, сяброўства і салідарнасці, умацаванне прафесійных і творчых сувязей — гэта тое, дзеля чаго прадстаўнікі розных відаў мастацтва прыехалі ў беларускую сталіцу.

Сёлета намінацый было тры: “Харэаграфія” (сучасная і эстрадная, народны танец), “Вакал” (сола, ансамблі, народны і эстрадны) і “Інструментальная музыка” (сола, ансамблі, аркестры). Удзельнікамі фестывалю-конкурсу сталі больш за 50 вучняў і студэнтаў. Усе, хто дасылаў заяўкі, былі прыняты. Намеснік дырэктара Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Аліна Лісіца адзначыла, што ў гэтым годзе арганізатары ўлічылі памылкі мінулага і прыўнеслі некалькі навінак. “Кожны ўдзельнік пры рэгістрацыі атрымаў стужку з беларускім арнаментам. У апошні дзень вучні маглі вырашыць: забраць яе з сабой ці павесіць на наша дрэва талентаў, загадаць жаданне і паабяцаць вярнуцца ў наступным годзе. Таксама мы пастараліся стварыць для ўдзельнікаў утульную атмасферу, таму весь палац стылізавалі пад беларускую хату”.

Акунуцца ў культуру іншага народа гледачам удалося на ўрачыстым адкрыцці фестывалю-конкурсу. З захапленнем яны назіралі за выступленнямі ансамбля афганскага танца “Пандок”, студыі ірландскага танца Will Dance Studio, вакалістаў ансамбля “Сонечная Грузія”, за прадстаўніцамі Кітайскай Народнай Рэспублікі і іх нацыянальнымі танцамі.

Кожная з намінацый чымсьці здзівіла журы. У інструментальнай музыцы побач з класічнымі творамі (накшталт “Вясновага вальса” Бетховена) гучала кампазіцыя Aerials рок-гурта System of a down. У вакале вучні 10—12 гадоў спявалі пра каханне так, што і дарослыя задумваліся пра важнасць гэтага светлага пачуцця. У харэаграфіі некаторыя ўдзельнікі сваімі танцамі пераносілі гледачоў у іншыя краіны.

Канкурсанты не толькі дэманстравалі тое, чаму ўжо навучыліся, але і атрымлівалі новыя веды, як, напрыклад, на талент-форуме “#сяброўскі_карагод”, дзе праходзілі майстар-класы па нацыянальнай беларускай вышыўцы, выцінанцы, саломапляценні, стварэнні традыцыйнай лялькі-абярэга, ігры на беларускіх інструментах.

У наступным годзе фестываль-конкурс пройдзе трэці раз. Арганізатары спадзяюцца, што геаграфія ўдзельнікаў пашырыцца. Праўда, дзеля гэтага, напэўна, давядзецца перанесці дату: у расіян і беларусаў не супадаюць школьныя канікулы. Але гэта не праблема для тых, што жыве творчасцю і жадае дзяліцца ёй з усім светам.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска.