Тактыльная кніга “Сімвалы Беларусі”

Настаўніца пачатковых класаў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку Мінска Ларыса Іосіфаўна Смаляк стварыла тактыльную кнігу “Сімвалы Беларусі” для развіцця ў навучэнцаў умення пазнаваць і называць сенсорныя характарыстыкі аб’ектаў навакольнага свету і з мэтай фарміравання ў іх актыўнага слоўніка. Работа педагога летась была адзначана грантам Мінгарвыканкама ў намінацыі “Лепшы праект у сістэме спецыяльнай адукацыі і аказання псіхалагічнай дапамогі”.

“Выхоўваць дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі цяжка. Яшчэ цяжэй вучыць іх, калі няма спецыяльных даступных для іх крыніц інфармацыі, — гаворыць Ларыса Іосіфаўна. — Праблема невідушчых дзяцей у тым, што яны не разумеюць сэнсу многіх слоў, якія ўжываюць. Ім не хапае ўяўлення аб вобразе і значэнні слова. Для таго каб дапамагчы сваім навучэнцам у асваенні важнай для іх інфармацыі, я стварыла дыдактычную тактыльную кнігу “Сімвалы Беларусі” ў дзвюх частках — “Азбука беларускага арнаменту”, “Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь”.

Аналізуючы веды навучэнцаў пачатковых класаў пра сімволіку Беларусі, я заўважыла, што ў іх няма канкрэтных і правільных уяўленняў аб паняццях герб, сцяг, межы дзяржавы і інш. Чытаючы творы і слухаючы расказы аб Радзіме, дзеці часта не разумеюць іх сэнсу і не могуць узнавіць змест прачытанага або пачутага, адказаць на пытанні. Спецыяльнай нагляднасці, напрыклад, герба або сцяга для невідушчых, на жаль, няма. Адпаведныя выявы па Брайлю ёсць у школьных падручніках, але яны не вельмі дакладныя, паколькі гэтыя выданні зроблены з аднафактурнага матэрыялу (пластыку). Добрае выйсце — чытаць тактыльную кнігу. Масавай вытворчасці тактыльных кніг не існуе, бо гэта вельмі затратна і працаёмка, таму даводзіцца вырабляць іх уручную”. 

Тактыльная кніга “Сімвалы Беларусі” для вучняў пачатковых класаў, якую зрабіла Ларыса Іосіфаўна, прызначана для наглядна-практычнага ўспрымання прадметаў навакольнага свету і канкрэтызацыі ўяўленняў аб Беларусі, дзяржаўным сцягу і гербе, беларускім арнаменце. Невідушчыя дзеці пазнаюць свет, у тым ліку чытаюць, навобмацак. Намацваючы тактыльныя кніжныя малюнкі, набліжаныя да рэальных прадметаў, дробныя дэталі з розных матэрыялаў, навучэнцы асацыятыўна звязваюць іх з са­праўднымі прадметамі. У той жа час з дапамогай тактыльнай кнігі яны вучацца чытац­ь. У выданні прадугледжаны плоскадрукаваны павялічаны тэкст для слабавідушчых навучэнцаў і дубліраваны рэльефна-кропкавы тэкст па Брайлю для невідушчых.

Кожная тактыльная кніга па-свойму ўнікальная. Пры іх вырабе педагог улічвала асноўныя патрабаванні — бяспека і трываласць, пазбягала вострых, колючых і рэжучых дэталей, небяспечных матэрыялаў, якія дзіця можа ўзяць у рот. У такіх кніг звычайна не вельмі вялікі фармат, каб дзіця магло ахапіць усю старонку. Яна лёгкая, мае невялікую колькасц­ь старонак і размешчаных на ёй прадметаў, каб дзіця магло сканцэнтраваць увагу на галоўным. Колеры малюнкаў няяркія, затое выразны кантраст паміж фонам і прадметам. У сваіх кнігах Ларыса Іосіфаўна выкарыстала разнастайныя кішэні, кашалькі, мяшэчкі, якія можна адкрывац­ь, нешта ў іх класці.

Кожны элемент малюнкаў у кнігах зроблены з натуральных трывалых рознафактурных матэрыялаў. Калі на выяве герба ёсць стужка, то і ў кнізе дзеці заўважаць атласную стужку. З сапраўднага зерня зроблены і каласкі. Каб паказаць дзецям сонейка, педагог выкарыстала лёску. На выраб дзвюх кніг у яе пайшло чатыры месяцы. З дапамогай тактыльнай кнігі дзеці з парушэннямі зроку атрымліваюць уяўленне пра вельмі буйныя прадметы (сцяг, сонца) або пра вельмі дробныя аб’екты (суквецці лёну і канюшыны).

У кнізе “Герб і сцяг Рэспублікі Беларусь” чатыры асноўныя лісты, на якіх размешчаны герб, сцяг, карта Беларусі і карта Мінска. Кожны вобраз дакладна прадуманы, рэльеф зроблены са спецыяльных матэрыялаў (шнуркі, вяровачкі), якія дзіця можа намацаць. Для абазначэння гарадоў на карце зроблены тактыльныя пазнакі. Дзіця абмацвае пальцамі той ці іншы элемент і запамінае, як ён выглядае. У кнізе “Азбука беларускага арнаменту” сабраны выявы асноўных элементаў беларускага арнаменту з апісаннем на рускай і беларускай мовах і рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля. Элементы арнаменту выкананы ў тэхніцы аплікацыі з кардону рознай фактуры. Іх колер набліжаны да арыгінала: чырвоны арнамент на белым фоне і толькі адзін элемент сіняга колеру — валошка.

“Спачатку вучні знаёмяцца з назвай элемента беларускага арнаменту на рускай мове, даследуюць пальчыкамі тактыльны малюнак, затым вучаць назву на беларускай мове, — адзначае Ларыса Іосіфаўна. — Калі ў вучняў фарміруецца першаснае ўяўленне пра знешні выгляд кожнага элемента, з’яўляецца і ўяўленне пра значэнне слова. Наступны этап работы з кнігай — чытанне тэк­стаў, выкананых рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля, што размешчаны побач з малюнкамі, у якіх гаворыцца пра значэнне кожнага элемента арнаменту. Навучанне з апорай на тактыльныя кнігі паказала высокі вынік фарміравання якаснага актыўнага слоўніка ў навучэнцаў на канец чац­вёртага года навучання. Чытанне тактыльнай кнігі “Сімвалы Беларусі” спрыяе назапашванню ўяўленняў аб традыцыях беларускага народа, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці. Выкарыстоўвац­ь яе можна на любым этапе ўрока, але найбольш эфектыўна рабіць гэта на этапах вывучэння новых ведаў і замацавання. З дапамогай тактыльнай кнігі можна правесці гульню. Дзеці атрымліваюць заданне, напрыклад, суаднесці малюнак элементаў арнаменту з яго назвай на рускай і беларускай мовах і расказаць, як выглядае арнамент і што ён азначае”.

Педагог плануе зрабіць серыю кніг аб асаблівасцях культуры і побыту беларусаў, іх прыродным багацці. Зараз Ларыса Іосіфаўна працуе над новай тактыльнай кнігай — “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Жывёлы Беларусі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.