Таленавітая будучыня Беларусі

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі 3 чэрвеня ўзнагародзілі лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. Узнагароды атрымалі тры дзясяткі юных музыкантаў, спевакоў, танцораў, матэматыкаў, фізікаў, хімікаў, біёлагаў, якія былі адзначаны на міжнародных творчых конкурсах і прадметных алімпіядах. Акрамя таго, былі ўзнагароджаны 10 педагогаў і выкладчыкаў за шматгадовую плённую працу і асаблівы ўклад у развіццё творчай моладзі.

Штогод падчас урачыстай цырымоніі юныя даследчыкі не толькі дэман­струюць, а і абараняюць уласныя распрацоўкі — свае праекты будучыні — перад ганаровымі гасцямі мера­прыемства. Гэтым разам фае Акадэміі музыкі ператварылася ў вялікую прэзентацыйную пляцоўку, на якой у прысутнасці намесніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі юнакі і дзяўчаты дэманстравалі мабільныя дадаткі, гістарычныя артэфакты, мікаскуру, настольны шматфункцыянальны станок, пошукавы транспарт павышанай праходнасці і нават робатызаваную руку. І гэта нікога не здзіўляе, бо сярод іх стваральнікаў і адкрывальнікаў ёсць, напрыклад, залатыя медалісты Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі, Бразільскага навукова-тэхнічнага кірмашу.

— У Беларусі таленты ніколі не застануцца незаўважанымі. Важна, каб дзеці, студэнты, моладзь адчувалі падтрымку дзяржавы. Для іх гэта дадатковы стымул да далейшых творчых, навуковых пошукаў і даследаванняў, каб іх распрацоўкі дапамагалі ўсім айчынным галінам развівацца менавіта ў тым напрамку, у якім ідзе развіццё краіны, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — У нас на дзяржаўным узроўні таленавітым распрацоўкам мола­дзі ўдзя­ляецца вельмі вялікая ўвага. З 1996 года кіраўніком дзяржавы створаны два фонды: першы — па сацыяльнай падтрымцы студэнцтва і моладзі, якія працуюць у сферы навукі і тэхналогій, а другі падтрымлівае нашых таленавітых творчых юнакоў і дзяўчат.

Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што, менавіта дзякуючы такой сістэме, моладзь адчувае, што іх талент падтрымліваецца дзяржавай: “Гэта дае маладым навукоўцам адчуць уласную самарэалізацыю. Вельмі прыемна назіраць за ўзаемадзеяннем вучоных Нацыянальнай акадэміі навук менавіта з моладдзю, яны адно аднаго дапаўняюць, бо недзе мудрасць і вопыт накіроўваюць моладзь, а недзе крэатыўны мала­дзёжны запал варушыць нашых акадэмікаў для таго, каб разам з імі працаваць і здзяйсняць новыя навуковыя адкрыцці, а пасля і ўкараняць іх у практычнае жыццё. Дзяржава не будзе эканоміць на падтрымцы таленавітай моладзі. Мы будзем знаходзіць сродкі для таго, каб падтрымліваць нашых маладых навукоўцаў і творчую моладзь. А такое штогадовае мера­прыемства, дзе мы ўганароўваем лепшых, з’яўляецца стымулам для ўсіх юнакоў і дзяўчат разві­ваць свае таленты”.

Знаёмячыся з маладзёжнымі праектамі, Ігар Петрышэнка акцэнтаваў увагу ў першую чаргу на тым, як у практычным плане можна ўкараніць распрацоўкі ў вытворчасць: “Некаторыя ўжо бачаць пэўны кірунак, а іншыя задумаліся. Але гэта для іх дадатковае дамашняе заданне, каб яны ўдасканальвалі гэты працэс. Тое ж тычыцца і творчай моладзі, якая ў шматлікіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў нашай краіне, дэманструе, як развіваецца культура, займаючы першыя месцы на міжнародных конкурсах. Спадзяюся, і ў гэтым го­дзе юныя таленты змогуць адста­яць гонар нашай краіны”. Таксама віцэ-прэм’ер прыняў удзел ва ўручэнні нагрудных знакаў “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў” 21 прадстаўніку адоранай моладзі.

У сваю чаргу міністр адукацыі Ігар Карпенка, уручаючы ганаровыя граматы Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь пяці настаўнікам за шматгадовую плённую працу па развіцці інтэлектуальнай адоранасці вучняў і стварэнні эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя, якое дазваляе раск­рыць творчы, вучэбна-пазнавальны і даследчы патэнцыял навучэнцаў, упэўнена заявіў, “прафесія будучыні заўсёды будзе прафесіяй педагога”.

Яшчэ пяць ганаровых грамат за значныя поспехі ў педагагічнай дзейнасці і ў рабоце па падрыхтоўцы ўдзельнікаў мастацка-творчых спаборніцтваў уручыў міністр культуры Анатоль Маркевіч. Сярод тых, хто ўмее ўбачыць талент і развіць яго, укладаючы душу і прафесіяналізм у выхаванне мола­дзі, — старшы выкладчык кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яўген Курчыч: “Кожная ўзнагарода — гэта пацвярджэнне тваіх поспехаў і стымул для далейшай дзейнасці. Сённяшняя грамата — сведчанне, што я на правільным прафесійным шляху. Канечне, наперадзе шмат цікавых ідэй і планаў. Галоўнае — рабіць тое, што ты ўмееш, прафесійна!” Адна з прадстаўніц творчай эліты краіны, чыім талентам захапляюцца не толькі ў Беларусі, юная спявачка Ангеліна Ламака — уладальніца гран-пры Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2020”: “Я шчаслівая атрымаць такую ўзнагароду і вельмі ўдзячная, што наша дзяржава заўважае таленавітую моладзь і падтрымлівае яе матэрыяльна”.

Ігар Петрышэнка пажадаў таленавітай і адоранай моладзі і іх педагогам невычэрпнага натхнення, далейшых поспехаў, упартасці і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт: “Выкарыстоўвайце кожнае імгненне і кожную магчымасць для дасягнення новых вяршынь, але не забывайце, хто вы ёсць. Развівайцеся, тварыце, і няхай поспех спадарожнічае вам!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.