Таленавіты дэбют

- 9:40Вышэйшая школа

Студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Настасся Кавалёва стала пераможцай конкурсу праектаў лагатыпа савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі.

Прыняць удзел у конкурсе запрасілі студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, саіскальнікаў і дактарантаў, навуковых і педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі і дзяржаўных навуковых арганізацый ва ўзросце да 35 гадоў. Лагатып было прапанавана выканаць у любой колеравай гаме за выключэннем пастэльных адценняў. Пажаданай умовай арганізатары адзначылі сувязь з тэматыкай Мінадукацыі праз выкарыстанне аднаго з фірменных колераў або аднаго з элементаў-вобразаў у лагатыпе міністэрства, за выключэннем герба Рэспуб­лікі Беларусь і арнаментальнай лінейкі. У выглядзе і тыпе работы аўтараў не абмяжоўвалі: вынік мог быць прадстаўлены як выключна сімвалам або спалучэннем сімвала з дэскрыптарам “Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь” (у трох варыянтах: на беларускай, рускай і англійскай мовах), так і рознымі друкарскімі рашэннямі. Сярод прадугледжаных абавязковых патрабаванняў — лагатып павінен быць мінімалістычным, пазнавальным на далёкай адлегласці і лёгкім для прачытання на розных паверхнях. Эскізы — не больш за 3 варыянты ад аднаго ўдзельніка — прымаліся да разгляду да 15 лістапада мінулага года. Па выніках незалежнага галасавання членаў Савета маладых вучоных з 35 зарэгістраваных праектаў былі выбраны 5 фіналістаў, а лепшым з іх прызнаны праект Настассі Кавалёвай. У якасці афіцыйнага створаны ёй лагатып зац­верджаны на пасяджэнні савета 22 сту­дзеня. Нядаўна студэнтцы ў прысутнас­ці членаў рэк­тарата і дэканаў факультэтаў ВДУ імя П.М.Машэрава ўрачыста ўручылі дыплом і спецыяльны прыз — наручны гадзіннік.

Аўтар лагатыпа вучыцца на мастацка-графічным факультэце. Усяго ў ліку канкурсантаў было чацвёра прадстаўнікоў ВДУ. Далучыцца да творчага спаборніцтва сваім студэнтам прапанаваў старшыня савета маладых вучоных універсітэта Аляксандр Дудараў. Разам яны дэталёва вывучалі зададзеныя арганізатарамі ўмовы, абмяркоўвалі канцэп­цыі праектаў і лагатыпы ў чарнавых варыянтах; па асобных пытаннях раіліся з выкладчыкамі факультэта і прарэктарам ВДУ па навуковай рабоце Яўгенам Аршанскім. Для пераможцы спроба ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе была дэбютам.

— Мяне з дзяцінства прываблівае творчасць, таму і напрамкам прафесійнай дзейнасці выбрала дызайн, — расказала Настасся. — На перадвыпускным курсе мы ўжо маем дастатковую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку для рэалізацыі ўласных праектаў, таму пры стварэнні лагатыпа, у прынцыпе, цяжкасцей не ўзнікала. Паў­дзельнічаць было цікава, я адправіла на конкурс два праекты. Калі паведамілі пра перамогу, спачатку не паверыла: думала, мабыць, пераблыталі мяне з некім яшчэ. А потым накрыў шквал эмоцый: сумненні, здзіўленне, радасць неверагодная — усё разам! У плане прафесійнага развіцця як будучаму спецыялісту конкурс даў мне вельмі многае. Магчыма, паспрабую сілы ў аналагічных творчых спаборніцтвах — гэта вельмі каштоўны вопыт.

Па ўмовах конкурсу, яго пераможца будзе запрошаны для далейшай распрацоўкі поўнай сістэмы фірменнага стылю савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з асабістага архіва Настассі Кавалёвай.