Таленавіты дырэктар для таленавітых вучняў

- 10:24Людзі адукацыі

Аляксандр Анатольевіч Лічык любіць прафесію настаўніка і лічыць яе лепшай сярод іншых. Як толькі ў нас у гімназіі з’явіўся гэты таленавіты настаўнік хіміі, наша навучальная ўстанова стала вядома ва ўсёй Беларусі. Ужо хутка будзе год, як гэты таленавіты і вопытны педагог кіруе гімназіяй.

Крэатыўны, таленавіты, камунікабельны, вясёлы, таварыскі, адказны… Ён паспявае ўсё: і ў сталовай навесці ідэальны парадак, і ў тэатральны клас кожны дзень завітаць, які, дарэчы, сам і стварыў, і з педагогамі-арганізатарамі абмеркаваць мерапрыемствы, і кабінеты праверыць, і з настаўнікамі і навучэнцамі пагутарыць.

Кожны год Аляксандр Анатольевіч выяўляе таленавітых дзяцей, праводзячы конкурсы сярод гімназістаў усіх узростаў “Мінута славы”. Потым развівае іх таленты. Ды і сам ён адораны чалавек: і спявае, і іграе на гітары, а яшчэ піша песні. А якія цікавыя выпускныя вечарыны і мерапрыемствы ён праводзіў, калі яшчэ працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце! Гэты звышактыўны малады чалавек можа ўсё: правесці цікавы педсавет, укараніць неабходны для гімназіі праект, адкрыць цікавы форум, напісаць навуковы артыкул і нават зборнік, прыдумаць песню, арганізаваць флэшмоб. Няма нічога ў педагагічнай рабоце, што было б яму не па сілах. Менавіта такім павінен быць дырэктар гімназіі, каб усе настаўнікі бралі з яго прыклад.

Па ініцыятыве А.А.Лічыка ў шосты школьны дзень у гімназіі праходзяць цікавыя мерапрыемствы, заняткі па інтарэсах, на якіх не толькі займаюцца, але і арганізоўваюць тэатральныя паказы, дзіцячыя спектаклі, мастацкія выставы, канцэрты.

З Аляксандрам Анатольевічам цікава мець зносіны, ён вельмі прыемны суразмоўнік. Любіць чытаць. З беларускай класікі яго любімы пісьменнік Уладзімір Караткевіч, з рускай — аддае перавагу Льву Талстому (“Вайна і мір” — яго любімы твор). Таксама любіць чытаць біяграфіі выдатных людзей.

Цяпер рэдка сустрэнеш маладога чалавека, які так добра ведае літаратуру і які б так любіў чытаць кнігі. Аляксандр Анатольевіч любіў гэты занятак не толькі ў гады навучання ў школе і ва ўніверсітэце, але і падчас службы ў арміі (там была выдатная бібліятэка). Вось толькі армейскія сябры не разумелі, навошта ён так доўга перачытвае па некалькі разоў кнігі Сухамлінскага, Корчака, Макаранкі. А Аляксандру Анатольевічу гэтыя працы вялікіх педагогаў вельмі падабаліся, ужо тады ён ведаў свае планы і мэты, што яго лёс будзе звязаны з педагогікай.

Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, А.А.Лічык некалькі гадоў працаваў у сярэдняй школе № 2 Свіслачы, дзе зарэкамендаваў сябе як разумны, вопытны, старанны педагог. Пра яго да гэтай пары пытаюцца і перадаюць прывітанні вучні і іх бацькі. А калі ён з’явіўся ў гімназіі № 2 Ваўкавыска, яго палюбілі не толькі вучні, дзе ён быў класным кіраўніком, але і ўсе навучэнцы гімназіі. Аляксандр Анатольевіч праяўляў вялікую актыўнасць, удзельнічаў ва ўсіх конкурсах і канферэнцыях.

Акрамя таго, ён прымаў удзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі: тэндэнцыі і перспектывы развіцця”, атрымаў сертыфікат удзельніка форуму-практыкуму “Дзіцяча-дарослыя ініцыятывы ў кантэксце выхаваўчай сістэмы сучаснай установы адукацыі”, удзельнічаў таксама ў тэарэтыка-практычным семінары “Асаблівасці падрыхтоўкі каманд да Міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму” ў 2014/2015 навучальным годзе.

У Аляксандра Анатольевіча шмат грамат і дыпломаў, што чарговы раз даказвае, які гэта працавіты педагог і вопытны арганізатар і дырэктар.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.