Таленавіты ва ўсім

- 9:00Людзі адукацыі

Калі вы гледзіце на мастацкі твор і не толькі заўважаеце, як яго выява крыху выходзіць за межы жывапісу і скульптуры, але і адчуваеце шорах апалага лісця ў нерухомым аб’екце, душу ў камені і нават мелодыю, — перад вамі чароўны свет, народжаны Сяргеем Фёдаравічам Жылевічам.

Таленавіты педагог родам з Пінска. Першыя мастацкія навыкі ён набыў у дзіцячай студыі Яўгена Пулхава пры тагачасным гарадскім Доме піянераў. Пасля службы ў арміі пераехаў у Мінск, дзе разам з сябрамі-мастакамі працаваў над дэкаратыўным роспісам і вітражом.

Першая ўласная творчая работа маладога скульптара звязана з Казахстанам. С.Ф.Жылевіч — аўтар помніка-бюста першаму лётчыку-касманаўту СССР Ю.А.Гагарыну непадалёк таго месца, дзё ён прызямліўся пасля палёту.

Падарожжы падарожжамі, але духоўная повязь з малой радзімай аказалася мацнейшай. Сяргей Фёдаравіч пераехаў у вёску Баяры Пінскага раёна, дзе на дзедавым падворку сваімі рукамі пабудаваў дом. А пасля заканчэння тагачаснага Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава малады выкладчык чарчэння і выяўленчага мастацтва канчаткова асеў на роднай зямлі.

У Аснежыцкай сярэдняй школе С.Ф.Жылевіч працуе ўжо 36 гадоў. Сяргей Фёдаравіч — стваральнік і нязменны кіраўнік дзіцячай узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Натхненне”, на рахунку якой шмат узнагарод, атрыманых па выніках розных конкурсаў.

Яго ўрокі — няспынны пазнавальны, даследчы і творчы працэс. Настаўнік цікава і падрабязна тлумачыць выхаванцам, як зрабіць сваю работу лепшай, і адчувае ад гэтага вялікае задавальненне.

У 2006 годзе С.Ф.Жылевіч пабываў з вучнямі ў нямецкім Магдэбургу, дзе ў саборы Святога Пятра экспанавалася персанальная выстава яго скульптурных работ. Такія экскурсіі аказваюць моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на дзяцей. Сяргей Фёдаравіч ганарыцца тым, што сярод яго выхаванцаў — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Кобрынскай школы мастацтваў.

Сядзібу адметнага скульптара, мастака-жывапісца, графіка, паэта і педагога С.Ф.Жылевіча не зблытаеш ні з якой іншай. Цуды сустракаюць гасцей ужо з веснічак: плот выкананы ў выглядзе вялікіх алоўкаў, што выглядаюць, як сапраўдныя. Ля ўвахода — скульптура Божай Маці з немаўлём Ісусам, вырабленая з цэльнага ствала старога вяза.

Побач — майстэрня, якая выглядае, як выставачная зала: усе сцены і нават столь упрыгожаны палотнамі мастака. Такое асяроддзе дапамагае ўвасабляць новыя творчыя задумы. А паглядзець тут ёсць на што. Вакол — сотні адмысловых твораў, выраб­леных з каменю, металу, драўніны і іншых матэрыялаў: анёлы-ахоўнікі, Сергій Раданежскі, Мікеланджэла, Рафаэль, міфічная Лада і “Квадрат” Казіміра Малевіча, Уладзімір Высоцкі, Мсціслаў Растраповіч, Марк Шагал, сам Сяргей Фёдаравіч і вобразы яго продкаў… Знайшлося месца і рукатворнай сажалцы з мосцікамі, фантанам і русалкай пасярэдзіне, а таксама з вадаспадам, выкладзеным з валуноў. Побач невялікі ўзгорак — месца для медытацый.

С.Ф.Жылевіч рэалізуе творчыя ідэі ў любым матэрыяле і ў любой тэхніцы. У свой час 18-гадовага юнака заўважыў дырэктар Пінскай гарадской карціннай галерэі Уладзімір Баравікоў, які прапанаваў яму паказаць свае работы шырокаму гледачу. Так у музеі Беларускага Палесся адбылася першая персанальная выстава таленавітага мастака, што стала пунктам адліку доўгага творчага шляху.

У складзе групы мастакоў “АртФакт” Сяргей Фёдаравіч паспяхова выстаўляўся не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Францыі, Германіі, Іспаніі і ЗША. Работы мастака захоўваюцца ў дзяржаўных музеях нашай краіны і замежжа, а таксама ў прыватных калекцыях. Пра С.Ф.Жылевіча нават здымаюць фільмы. Ён з’яўляецца прататыпам мастака ў рамане “Шэрая зона” савецкага і амерыканскага жывапісца і пісьменніка Ізі Шлосберга, ураджэнца Пінска. 4 скульптуры Сяргея Фёдаравіча, у тым ліку скульптура Святога Георгія, выстаўляліся на аўкцыёне Sotheby’s.

С.Ф.Жылевіч — аўтар 4 паэтычных кніг і фотаальбома. Па праекце Сяргея Фёдаравіча ў вёсцы Баяры пабудавалі царкву Кірылы Тураўскага, якую ўпрыгожвае яго насценны роспіс “Уваскрашэнне Хрыста”.

Скульптурныя кампазіцыі таленавітага майстра можна ўбачыць у розных мясцінах роднай Піншчыны: у горадзе ўсталяваны памятны знак “Пагранічнікам розных пакаленняў”, на набярэжнай р.Піны — скульптура легендарнаму ўюну, у Парахонску — памятны знак “Смутак і мужнасць”… Падчас аднаго з пленэраў С.Ф.Жылевіч разам з іншымі рэзчыкамі ўвекавечыў у дрэве 10 персанажаў з камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. Фігура прыстава Кручкова, вырабленая Сяргеем Фёдаравічам, упрыгожвае сквер каля Палескага драматычнага тэатра. 

С.Ф.Жылевіч — “Чалавек года—  2004” у галіне адукацыі Брэстчыны, лаўрэат прэміі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду.

Каб азнаёміцца з сучаснымі тэндэнцыямі ў развіцці мастацтва, зусім не абавязкова ехаць у знакамітыя карцінныя галерэі ці наведваць сталічныя выставы. Дастаткова пабываць у доме-майстэрні С.Ф.Жылевіча, дзе, акрамя іншага, можна адчуць любоў да роднага палескага краю. Творчыя пошукі аўтара яскрава перадаюць паэтычныя радкі: “Даны мне дерево и мрамор, и гранит, // Холсты, бумага, строки. И всё чарует и манит, // Во всём я вижу смысл глубокий”.

Сяргей Фёдаравіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам: “Немало мною прожито лет, // Не знаю, сколько получу ещё в награду, // Но помню мудреца совет: // “У вас чего-то нет, того вам, значит, и не надо”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.