Таленавітыя, творчыя, улюбёныя ў сваю прафесію людзі

- 10:30Навіны рэгіёнаў

У Магілёве прайшла маштабная ўрачыстасць, прысвечаная Дню настаўніка і 75-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Святочнае мерапрыемства сабрала разам звыш 500 педагагічных работнікаў з усіх раёнаў вобласці.

Магілёўскае настаўніцтва — гэта таленавітыя, творчыя, улюбёныя ў сваю прафесію людзі. Лепшым пацвярджэннем гэтага служылі дасягненні, прадстаўленыя на выставах у фае і на пляцоўцы каля абласнога Цэнтра творчасці, абранага месцам правядзення мерапрыемства. Кожная навучальная ўстанова імкнецца да павышэння якасці адукацыі, да выхавання з падрастаючага пакалення годных грамадзян. Дзякуючы агульным імкненням, за апошнія гады ў сістэме адукацыі вобласці ўдалося дасягнуць станоўчых вынікаў па ўсіх напрамках.

Так, актыўнае будаўніцтва дзіцячых садоў забяспечвае дастатковую колькасць месцаў на дашкольную адукацыю, яе крокавую даступнасць. Упор на павышэнне якасці школьнага навучання дазволіў 12 установам увайсці ў топ-100 лепшых навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі. Дарэчы, лепшымі ў рэспубліцы прызнаваліся не толькі школы, але і спецыяльныя, дашкольныя, прафесiйна-тэхнiчныя ўстановы адукацыі рэгіёна. Ахоп навучэнцаў дадатковай адукацыяй на Магілёўшчыне таксама з’яўляецца самым высокім у краіне. Адпаведная ўвага, якую педагогі ўдзяляюць развіццю здольнасцей дзяцей, прыводзіць іх да поспехаў на міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, розных творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Не забываецца і прафілактыка сямейнай нядобранадзейнасці. Удалося значна скараціць колькасць пазбаўлення бацькоўскіх правоў, забяспечыць вяртанне ў родныя сем’і дзяцей, раней адабраных у бацькоў. А планамерная аптымізацыя сеткі інтэрнатных устаноў, будаўніцтва дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, далі магчымасць 80 працэнтам дзяцей-сірот жыць і выхоўвацца ў сямейным асяроддзі.
Прафесійна-тэхнічныя ўстановы за апошні час зведалі шмат змен. Але ўсе яны былі да лепшага, бо зараз у вобласці функцыянуюць шматпрофільныя навучальныя ўстановы, якія рэалізоўваюць шырокі спектр адукацыйных праграм, што дазваляе атрымліваць прафесійную адукацыю па месцы жыхарства. У іх рыхтуюць не проста рабочых у традыцыйным разуменні, а высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Прапанаваныя для навучання спецыяльнасці пастаянна абнаўляюцца, дзякуючы чаму прафтэхустановы адпавядаюць сучасным патрабаванням эканомікі і чуйна рэагуюць на ўсе змены рынку працы.
— У сістэме адукацыі сёння зроблена нямала. Але ўдасканаленню няма мяжы, таму мы і далей будзем рухацца наперад. Любыя, нават самыя высокія задачы будуць па сілах, галоўнае, як і раней, імкнуцца да іх вырашэння разам, агульнымі намаганнямі, — заўважыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.
Як адзначыў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, дасягненні сферы адукацыі ўражваюць, а яшчэ больш радуе тое, што яны сталі магчымымі дзякуючы прафесіяналізму магілёўскіх педагогаў.
— Для нашага грамадства, якое сёння знаходзіцца ў вельмі актыўным развіцці, роля настаўніка выключна важная. На ўсіх узроўнях неабходны высокакваліфікаваныя, творчыя педагогі. Прыемна, што ў педагагічных калектывах нашай вобласці працуюць менавіта такія настаўнікі, — падкрэсліў Уладзімір Віктаравіч.
Губернатар выказаў словы падзякі педагогам, ветэранам за іх нялёгкую працу, дабрыню і перададзеныя вучням веды. Асобныя словы прызнання былі адрасаваны настаўніцкім сем’ям, дынастыям педагогаў.
Шчырыя словы віншаванняў у адрас настаўнікаў Магілёўшчыны гучалі ў гэты дзень яшчэ не раз.

Неаднаразова падымаліся на сцэну і лепшыя педагогі. За добрасумленную плённую працу іх адзначалі ганаровымі граматамі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, абласнога ўпраўлення адукацыі. Пяцёра настаўнікаў атрымалі нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Ганаровай узнагароды ўдастоіліся майстар вытворчага навучання Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына Таццяна Ермакова, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава Мікалай Луцковіч, выкладчык спецдысцыплін Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Юрый Сушко, настаўніца інфарматыкі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Валянціна Чыж і кіраўнік фізічнага выхавання Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Леанід Шпакоўскі.
Завяршальнай нотай дня стаў выдатны канцэрт, які стаў яшчэ адным добрым падарункам на свята.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.