Таленавітыя ва ўсім

- 12:45Навіны рэгіёнаў

18 юнакоў і дзяўчат Гомельшчыны атрымалі прэміі Гомельскага аблвыканкама па падтрымцы таленавітай творчай моладзі. Урачыстае свята з уручэннем заслужаных узнагарод для юнакоў і дзяўчат прайшло ў Гомельскім каледжы мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.

Лічба “18” сёлета аказалася сімвалічнай. Ужо 18 гадоў запар юныя таленты — артысты і музыканты — атрымліваюць грашовыя ўзнагароды, заснаваныя з мэтай папулярызацыі творчасці ў маладзёжным асяроддзі. За гэты час ад кіраўніцтва аблвыканкама прэміі атрымалі больш за 400 прадстаўнікоў таленавітай моладзі рэгіёна.
У ліку стыпендыятаў гэтага года — навучэнцы дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва, артысты тэатральна-відовішчных устаноў вобласці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучобе і творчасці, удзельнікі конкурсаў і фестываляў розных узроўняў. Сярод іх ёсць ужо вядомыя ў культурным асяроддзі імёны: стыпендыяты спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Дзяніс Сачыўка, Іван Юркоў і Уладлена Катушонак, лаўрэат Міжнароднага конкурсу “Пад белымі крыламі Арыёна” Павел Саснок і іншыя.
Каб дасягнуць высокіх вынікаў, дзеці старанна працуюць. Іх творчыя поспехі ідуць разам з поспехамі ў вучобе і працы, пацвярджаючы словы класіка, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Наталля ЛУТЧАНКА.