Маё знаёмства з Арцёмам Смірновым, пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Лідар года — 2014”, пачалося завочна ў фае Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі напярэдадні фіналу, калі мне ўдалося дачакацца чаргі патрымаць у руках яго партфоліа. На выставе была 21 папка — па колькасці ўдзельнікаў конкурсу, але менавіта яго партфоліа выклікала ажыятаж ва ўсіх прысутных. Яно зроблена ў выглядзе ноўтбука, а ўся інфармацыя — адкрытыя інтэрнэт-старонкі ў Google, якія так і хочацца перагортваць з дапамогай клавіш. Пра тое, што такая арыгінальная ідэя ў Арцёма з’явілася невыпадкова, я зразумела, калі мне ўдалося пагутарыць з ім.
Старацца быць самім сабой
Справа ў тым, што ў яго жыцці ўсё арыгінальна. Нездарма ў раздзеле яго прэзентацыі “Вітражы мудрасці” з’явілася цытата Стэндаля “Старацца быць самім сабой — адзіны сродак мець поспех”.
Пачнём з сям’і Смірновых. Яна складаецца з сямі “я”: у Арцёма два браты і дзве сястры-блізняткі. І ўжо сам па сабе гэты факт для сучаснай сям’і — рэдкасць, бо, на вялікі жаль, мала хто сёння марыць пра такую вялікую сям’ю, не кажучы ўжо пра тое, што ў ёй адразу дзве пары блізнят! І нават тое, што ён блізнюк, не пазбаўляе яго арыгінальнасці. Нягледзячы на тое, што Арцём і Мікіта падобныя як дзве кроплі вады, яны з маленства апранаюцца па-рознаму, носяць розныя стрыжкі, не любяць, калі іх блытаюць. Менавіта таму яны з 1 класа сядзяць з братам за рознымі партамі.
“У нас розныя густы, пачынаючы ад музычных і заканчваючы гастранамічнымі, але тым не менш у нас шмат агульных інтарэсаў, спраў, — расказвае Арцём. — Мы ўсюды і заўсёды разам, нават сябры ў нас агульныя, і на дні нараджэння яны ніколі не запрашаюць нас паасобку. Мы беспамылкова адчуваем боль ад зін аднаго, дапамагаем адзін аднаму. Першае расставанне нас чакае ў наступным годзе, калі мы скончым школу, бо адукацыю плануем атрымаць розную. Мікіта марыць авалодаць кулінарным майстэрствам, а я хачу знайсці сябе ў ІТ-індустрыі і рыхтуюся да паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Я заўсёды любіў камп’ютары. У нашай сям’і іх некалькі, і тое, што часам яны ламаюцца, — гэта справа звычайная. Калі бацькі выклікалі майстра, мне кожны раз хацелася замест яго разабраць камп’ютар і паглядзець, што там зламалася, паспрабаваць адрамантаваць. Аднойчы мне ўдалося паназіраць за работай майстра. З таго часу я сам навучыўся ладзіць камп’ютары. Мне падабалася працаваць на камп’ютары, ствараць прэзентацыі, праграмы. І я хачу рабіць гэта прафесійна”.
Майстар на ўсе рукі
Зразумела, што партфоліа Арцёма не магло выглядаць інакш. Але арыгінальным можна назваць і яго падыход да жыцця. Кажуць, немагчыма быць таленавітым ва ўсім, але ён ушчэнт разграміў гэтую тэорыю. Хлопец паспяхова сумяшчае пасады намесніка сакратара пярвічнай арганізацыі БРСМ роднай сярэдняй школы № 2 Барысава (Мінская вобласць) і намесніка старшыні клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент” Барысава. Шматразовы ўдзельнік, прызёр і пераможца этапаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2013”. Валанцёр атрада “Клопат”, які разам з сябрамі дапамагае тым, каму гэта неабходна. Яго клопат адчуваюць і пажылыя адзінокія людзі, і дзеці, і маладыя людзі з псіхафізічнымі абмежаваннямі. Для хлопца дабрачыннасць — натуральная справа, ён удзельнічае ў гарадскіх акцыях “Збяром партфель разам”, “Анёл у тваім сэрцы”, “Калядныя дзівосы” і іншых.
Арцём з маленства любіць спорт, удзельнічае ў “Клубе юных пажарных і выратавальнікаў”, з’яўляецца капітанам зборных школы па валейболе, футболе, баскетболе, шахматах і шашках, мае мноства перамог па гэтых і іншых відах спорту. Калі ўдасца паглядзець яго дыпломы і граматы (сам ён у гэтых адносінах сціплы і не любіць хваліцца), то іх можна раскласці на некалькі стосаў, і кожны з іх будзе мець прыкладна аднолькавую вышыню.
Антон вучыцца на харэаграфічным аддзяленні школы, ён удзельнік узорнага ансамбля танца “Раўніца”. У тым, што ён цудоўны танцор, падчас рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, канцэртаў і конкурсаў даведаліся не толькі жыхары Беларусі, але і Расіі, Літвы, Латвіі, Балгарыі і іншых краін.
Але пры ўсім гэтым ён цудоўна вучыцца, у яго дзённіку рэдка “праскоквае” адзнака ніжэй за “дзявятку”. Хлопец пастаянны ўдзельнік і пераможца школьных і раённых алімпіяд па фізіцы, а таксама па англійскай мове, матэматыцы, гісторыі. Шмат чытае, з задавальненнем вывучае вопыт іншых людзей, вучыцца ў старэйшых. У першую чаргу ў сваіх бацькоў, настаўнікаў і, канечне ж, у знакамітых людзей.
Калі кагосьці гэты спіс не ўразіў, дадам. Антон — аўтар шматлікіх даследчых праектаў, напрыклад, “Кола гісторыі” прысвечана вывучэнню Айчыннай вайны 1812 года на тэрыторыі Беларусі, у праекце “Жыццё і здароўе — у руху” вывеў свае гіпотэзы, як можна павялічваць колькасць прыхільнікаў спорту, харэаграфіі, турызму сярод школьнікаў.
“Я лічу, што, калі запоўніць свой дзень правільна, часу на дэпрэсію і дурныя ўчынкі не застанецца, пра гіпадынамію не будзе і размовы, — упэўнены Арцём. — Школьнікі большасць часу праводзяць у школе, а таксама за падрыхтоўкай дамашняга задання, музыкай, чытаннем, маляваннем. Але нават пры такім насычаным графіку часу на захапленні ўсё роўна застаецца шмат. Даследчыкі падлічылі, што ў ХХІ стагоддзі фізічная нагрузка зменшылася ў 100 разоў у параўнанні з папярэднімі стагоддзямі. І я ўпэўнены, што гэта не перабольшанне”.
Жыццё ж самога Арцёма неверагодна імклівае. І пры ўсім гэтым ён знаходзіць час на зносіны з сябрамі, разам з імі ён часта адпачывае на прыродзе, у палатачных лагерах, штогод разам з сям’ёй бывае на моры, шмат падарожнічае па Еўропе. Проста дзіву даешся, як яму гэта ўсё ўдаецца. А сам Арцём не разумее, як можна марнаваць жыццё, мяняць яго на канапу ці тэлевізар.
Навучыўся сам — навучы іншага
Два гады назад Арцём пазнаёміўся з Беларускай асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА. Для яго клуб “Маладзёжны парламент” Барысава стаў сапраўдным адкрыццём. Яго ўдзельнікамі сталі і браты Арцёма — Мікіта і Даніла. Цяпер кожную пятніцу хлопцы сустракаюцца са сваімі паплечнікамі.
“Як толькі да нас далучыліся браты Арцём і Мікіта, наш клуб кардынальна змяніўся, — расказвае куратар клуба ЮНЕСКА “Маладзёжны парламент” Барысава Алена Сяргееўна Шапавалава. — Цяпер наша фішка — танцавальныя перформансы, флэш-мобы, якія набылі неверагодную папулярнасць у горадзе. Мы часта бываем на фестывалях і канцэртах у абласных гарадах, і калі гаспадары запрашаюць нас на чарговы фестываль, то абавязкова нагадваюць, каб мы не забыліся ўзяць братоў Смірновых, хаця і без напамінаў мы ўжо не можам без іх абысціся. Акрамя таго, што яны вельмі творчыя, таленавітыя, яны вельмі любяць сваю сям’ю. Гэта той выпадак, калі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Прыемна назіраць, наколькі беражліва адносяцца яны адно да аднаго, шчыра радуюцца поспехам блізкіх. Бацькі Алена Васільеўна і Вячаслаў Іванавіч пастаянна ў цэнтры жыцця сваіх дзяцей, цікавяцца, чым яны займаюцца, падтрымліваюць іх на ўсіх конкурсах, часта бываюць і на рэпетыцыях. Алена Васільеўна мае ордэн Маці, а літаральна ў пятніцу атрымала ад Беларускага дзіцячага фонду ганаровую прэмію імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка”.
Толькі ў гэтым навучальным годзе Арцём быў дэлегатам фестываляў і канферэнцый рэспубліканскага маштабу, арганізатарам фестывалю клубаў ЮНЕСКА Мінскай вобласці “Кірмаш магчымасцей”, арганізатарам праекта “Кірмаш валанцёрскіх ініцыятыў”, удзельнікам фестывалю клубаў ЮНЕСКА Мінскай вобласці “Магія тэатра”. У Балгарыі разам з братам Мікітам ён прайшоў трэнерскі курс па папярэджанні ВІЧ і СНІДу і па захаванні рэпрадуктыўнага здароўя, хлопцы атрымалі сертыфікат на правядзенне трэнінгаў па гэтых кірунках па тэхналогіі “роўны вучыць роўнага”.
“Клубы ЮНЕСКА — гэта пляцоўка для самарэалізацыі, і кожны выбірае тое, што яму бліжэй, — гаворыць Арцём. — Мяне больш захапіла трэнерская дзейнасць, магчымасць дзяліцца сваімі ведамі, уменнямі, і тым больш прыемна, калі гэта трэба іншым. У прыватнасці, значная частка нашых з Мікітам трэнінгаў — па аратарскім майстэрстве. Я ўпэнены, што авалодаць ім павінен кожны. Чалавек, які ўмее правільна і граматна выказваць свае думкі і правільна іх перадаваць, валодае моцнай пазіцыяй у адносінах да іншых людзей. Аратарскае майстэрства — гэта неабходнасць, бо сучаснаму школьніку, студэнту прыходзіцца прымаць удзел у канферэнцыях, семінарах і форумах, непасрэдна выступаць перад публікай ці ўступаць у спрэчку з апанентам пры адстойванні ўласнага пункту погляду. Весці дыялог канструктыўна ўмее не кожны. Але гэтаму можна навучыцца. Мы праводзім заняткі ў групах да 20 чалавек, але жадаючых аказваецца ўсё роўна больш. На трэнінгах мы з Мікітам вучым нашых равеснікаў, як пераадолець страх выступлення перад аўдыторыяй, вучым, як трэба гаварыць, трымацца на сцэне, куды дзець рукі, куды глядзець, як трымаць увагу залы”.
Не менш запатрабаваны і іншы трэнінг братоў Смірновых — “Кейс журналіста”. Сёння амаль у кожнай навучальнай установе вучні наладжваюць выпуск газет, арганізоўваюць радыё- і тэлевяшчанне. Гэта цудоўная магчымасць для моладзі заявіць пра сябе і свае задумкі. Часта ў такіх школьных аб’яднаннях збіраюцца творчыя людзі, якія плануюць у будучым быць прафесійнымі журналістамі. Задача ж гэтых трэнінгаў — даць інструмент і навучыць ім карыстацца тых, хто далёкі ад журналістыкі, не мае часу на заняткі ў адпаведных гуртках, але ўсё ж хоча наладзіць зносіны з чытачом ці гледачом. Гэты базавы курс вучыць, як арганізаваць прэс-канферэнцыю, як правільна адказваць на пытанні, як праводзіць інтэрв’ю, як пісаць прэс-рэлізы.
Арцёма заўсёды турбавалі праблемы дзяцей і моладзі з абмежаваннямі, асабліва іх праблемы з камунікацыяй. Выйсцем сталі трэнінгі “Магія, якая лечыць”. Напачатку Арцём сам праводзіў заняткі з маладымі людзьмі, вучыў іх простым фокусам, каб яны маглі нароўні з іншымі здзіўляць людзей. Гэта, на думку хлопца, цудоўны спосаб падштурхнуць людзей да зносін, які дапамагае зняць напружанне, няёмкасць, калі малады чалавек выходзіць да аўдыторыі. Цяпер на трэнінгі да Арцёма ходзяць тыя, хто хоча таксама навучыцца дапамагаць асаблівым дзецям.
“Сучаснаму чалавеку неабходна вера ў свой поспех, — упэўнены Арцём. — Калі яна ёсць, то ўсё складваецца яму на карысць і жыццё дае мноства шанцаў. Галоўнае, іх не ўпусціць. Я ўпэўнены, што будучыня ў маіх руках, і пачынаецца яна ў рэальных справах. Я буду лічыць сябе чалавекам паспяховым, калі, дасягнуўшы пэўнай пастаўленай перад сабой мэты, буду мець магчымасць устанавіць яшчэ больш высокую мэту і зноў імкнуцца яе дасягнуць.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Арцёма СМІРНОВА.