Талент дырэктара

- 18:03Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Галіна Міхайлаўна Белікава падчас абласной жнівеньскай нарады педагагічных работнікаў атрымала ганаровае званне “Выдатнік адукацыі”. Амаль 30 гадоў яна з’яўляецца дырэктарам сярэдняй школы № 1 Хоцімска.

Школа ў Хоцімску — адна з найстарэйшых устаноў адукацыі краіны, яе гісторыя налічвае 150 гадоў. Пачалася яна ў далёкія 70-я гады XIX стагоддзя. Дакумент, знойдзены ў архіве, сведчыць аб тым, што з 1 верасня 1871 года ў Хоцімску было адкрыта народнае вучылі­шча. Ішлі гады, мяняліся гістарычныя падзеі — нязменнай заставалася школа. На працягу паўтара стагоддзя настаўнікі аддавалі ўсё самае лепшае і светлае сваім вучням.

Жанчына-кіраўнік — гэта не проста пасада. Гэта прызванне, воля і сіла характару. Галіна Міхайлаўна — прафесіянал, яе энергія і энтузіязм не ведаюць меж. У кожнага настаўніка яна фарміруе матывацыю да павышэння кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства з апорай на найноўшыя педагагічныя тэхналогіі. Стварае спрыяльны псіхалагічны клімат у калектыве, умовы для развіцця і станаўлення маладых педагогаў, аказвае ім метадычную дапамогу, дзеліцца практычным вопытам. І з бацькоўскай грамадскасцю дырэктар школы фарміруе саюз аднадумцаў па пытаннях выхавання і адукацыі дзяцей. 

Галіна Міхайлаўна выкладае ў школе геаграфію. Яе вучні паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах і алімпіядах. А публікацыі педагога нярэдка сустракаюцца ў прадметным часопісе і раённай газеце. Галіна Міхайлаўна — пастаянная ўдзельніца міжнароднай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Шляхі рэалізацыі канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі” (выступала з тэмай “Прымяненне STEM-падыходу ў навучанні геаграфіі як сродку творчай самарэалізацыі навучэнцаў”), міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Капыцінскія чытанні”, рэгіянальных краязнаўчых чытанняў на Краснапольшчыне і інш.

40 гадоў свайго жыцця Галіна Міхайлаўна прысвяціла аднаму з найважнейшых і высакародных на зямлі заняткаў — настаўніцкай працы. 

Пад кіраўніцтвам Галіны Міхайлаўны вучні атрымліваюць дыпломы пераможцаў у конкурсе творчых літаратурных і даследчых работ навучэнцаў “Святло праваслаўя”. Самыя цікавыя тэмы яны раскрываюць пры пад­рыхтоўцы да конкурсаў даследчых работ і заўсёды на раённым этапе атрымліваюць 1-я месцы (“Мінулае і сучаснасць трансгранічнай ракі Бесядзь. Ад вытоку на тэрыторыі Хоцімскага раёна”, “Перспектывы прамысловага асваення трэпелу радовішча “Сталёвае”).

Галіна Міхайлаўна паспяхова спраўляецца і з паўнамоцтвамі дэпутата раённага Савета дэпутатаў. Нямала пытанняў і праблем жыхароў Хоцімска вырашаецца з яе дапамогай. Для кожнага жанчына знаходзіць добрае слова, слушную параду і падтрымку.

Цудоўная, аптымістычная, жыццярадасная жанчына. Лёс узнагародзіў яе вострым розумам, лідарскімі якасцямі і талентам кіраўніка. Для навучэнцаў яна мазгавы цэнтр, талерантная, поўная ідэй і задум. Для калег — муд­ры дарадчык, гатовы падтрымаць у любую хвіліну, творчы суаўтар і працавіты партнёр.

Кацярына БАРАДЗЕНКА, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Хоцімска.