Талент набывае моц

- 9:00Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Сталі вядомыя пераможцы конкурсу “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці”.

Пазнаёмімся з перспектыўнымі юнакамі і дзяўчатамі, якія могуць ганарыцца сваімі поспехамі ў вучобе, прафесійным майстэрствам, іна­вацыйнай, даследчай і грамадскай дзейнасцю.

Штогод да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міншчыны, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у розных мерапрыемствах на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Спачатку прайшоў адбор ва ўстановах адукацыі, дзе вызначылі лідараў, якія і прадстаўлялі гэтыя ўстановы ў абласным конкурсе. Увазе журы былі прадастаўлены іх партфоліа, якія расказвалі аб індывідуальных дасягненнях навучэнцаў за мінулы год.

У сучасных навучэнцаў каледжаў і ліцэяў шырокае кола інтарэсаў і талентаў, аб чым сведчыць немалы спіс намінацый — іх было 9.  Дарэчы, практычна ўсе ўдзельнікі маглі б прэтэндаваць на перамогу адразу ў некалькіх намінацыях, бо яны паспяваюць рэалізоўваць сябе ў шматлікіх справах.

Капыльскія самародкі

Выдатна выступілі ў конкурсе навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа: трое сталі пераможцамі. Кожны з іх — па-свойму цікавая асоба.  Напрыклад, Віктар Палавінкін вучыцца па спецыяльнасці “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы” і ў той жа час актыўна развівае свае ўменні ў кірунку сучасных тэхналогій. Ён робіць гэта так удала, што стаў лідарам конкурсу ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

Як амаль усе сучасныя дзеці, Віктар рана пачаў цікавіцца гаджэтамі. Аднак яго цікавасць, у адрозненне ад многіх, не спынілася на камп’ютарных гульнях, сацсетках і іншых забавах. Ён самастойна вывучаў сучасныя праграмныя прадукты, воблачныя і мабільныя тэхналогіі.

— Прыемна, што калі паступіў у каледж, то знайшоў тут новыя магчымасці для сябе. Нягле­дзячы на тое, што інфарматыка і праграмаванне не маюць непасрэднага дачынення да маёй будучай прафесіі, мне не толькі не перашка­джалі развівацца ў гэтым кірунку, але і вельмі падтрымлівалі. Выкладчыкі заўсёды дапамагалі мне, калі неабходна было ў чымсьці разабрацца, вывучыць нешта новае. Асабліва куратар маёй групы Святлана Віктараўна Ляневіч, — расказвае Віктар.

Святлана Віктараўна хутка заўважыла захапленне юнака і прапанавала яму паспрабаваць сябе ў конкурсе, потым у другім, трэцім. Конкурсы, як адзначае Віктар, падштурхоўвалі яго ўвесь час вывучаць новае. Юнак працягвае ўдасканальваць свае веды, самастойна вывучае мовы праграмавання і вэб-дызайн.

За 2020/2021 і першае паўгоддзе 2021/2022 Віктар атрымаў дыплом III ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, дыплом I ступені на ХХІ Міжнародным конкурсе студэнцкіх работ, заняў 1-е месца на Усерасійскай алімпіядзе па дысцыпліне “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай дзейнасці” і на Усерасійскай алімпіядзе па дысцыпліне “Транспартная лагістыка”. Адной з самых значных сваіх работ Віктар лічыць праект па стварэнні і ўдасканаленні віртуальнага музея Капыльскага дзяржаўнага каледжа “Спадчына”.

— Каледж даў мне многае, і мне было прыемна і ганарова прыняць удзел у стварэнні віртуальнага музея — гэткай кнігі памяці ўстановы. Безумоўна, спадчыну трэба захоўваць і расказваць пра яе. А з дапамогай тэхналогій з’яўляюцца новыя магчымасці прыцягнуць да яе ўвагу сучаснай моладзі, — разважае Віктар.

Яшчэ два прадстаўнікі Капыльскага дзяржаўнага каледжа прызнаны лепшымі навучэнцамі вобласці — Іван Ясючэня ў намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне прафесійнага майстэрства” і Ждана Шабан у намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў галіне гуманітарных навук і літаратурнай творчасці”.

Залатое трыа з Барысава

Прадстаўнікі Барысаўскага дзяржаўнага каледжа сталі лідарамі ў трох намінацыях. Так, лепшым у намінацыі “За дасягнутыя высокія паказчыкі ў тэхнічнай творчасці” стаў Станіслаў Бекер. Юнак яшчэ толькі другакурснік, а яго перамог і дасягненняў ужо не пералічыць. Ён актыўна ўдзель­нічае ў алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. У мінулым навучальным годзе быў удзельнікам заключнага этапу, у гэтым —узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені на трэцім этапе.

Юнак расказвае, што цікавасць да працы і тэхнікі ў яго з малых гадоў развіваў бацька — разам яны майстравалі з дрэва, металу, рамантавалі прыборы і прылады.

— Я з дзяцінства захапляюся тэхнікай, заўсёды імкнуўся ўсяляк удасканаль­ваць розныя механізмы, мне гэта прыносіць радасць. І цудоўна, што я магу праця­гваць развіваць свае захапленні, у каледжы мне ў гэтым дапамагаюць, — расказвае Станіслаў.

Сапраўды, у каледжы яго захапленні заўважылі і надалі ім новы імпульс і напрамак. Тут пачалася сур’ёзная падрыхтоўка да алімпіяды. Выкладчык Юлія Аляксееўна Сапрановіч дапамагае рыхтавацца да тэарэтычнага этапу, а майстар вытворчага навучання Валерый Міхайлавіч Дубойскі — да практычнага. 

Таксама юнак займаецца тэхнічнай творчасцю. Дапамагае яму ў гэтым майстар вытворчага навучання Анатоль Мікалаевіч Лясун. Самая значная работа Станіслава на гэты момант — станок для гібкі профільнай трубы з электрапрывадам. Гэты выраб забяспечыў юнаку 3-е месца на абласным этапе рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў — навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі ў мінулым го­дзе. Таксама яго работа была адзна­чана на міжнародным узроўні — дыпломы пераможцы І ступені юнак атрымаў на міжнародным конкурсе “Таленты Расіі” ў намінацыі “Навукова-тэхнічная твор­часць” і на Усерасійскім конкурсе “Зрабі сам”.

— Трубагіб атрымаўся вельмі зручны, прыемна, што ім сёння карыстаюцца ў каледжы, — расказвае Станіслаў. — Увогуле, люблю тэхнічную творчасць за тое, што тут твая фантазія не абмежавана, няма рамак і можна заўсёды прадумаць нешта карыснае для людзей.

Свае таленты юнак рэалізуе і ў прафесіі — ён вучыцца па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. І ў гэтым таксама мае поспехі. Станіслаў — адзін з лепшых будучых аўтаслесараў у вобласці, заняў 2-е месца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі”.

— Сакрэт поспеху ў любой справе, я лічу, просты — гэта вера ў сябе і дасканалая падрыхтоўка! — кажа малады чалавек.

Кампанію ў трыа пераможцаў з Барысаўскага каледжа Станіславу склалі Вераніка Яхнавец, якая перамагла ў намінацыі “За высокія паказчыкі паспяховасці”, і Мікіта Шындакоў, які атрымаў 1-е месца ў намінацыі “За папулярызацыю рабочых прафесій сродкамі мастацка-творчай дзей­насці”. 

Нясвіжскія прыгажуні

Перамогу святкавалі і дзве дзяўчыны з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Так, Вольга Шаўко сур’ёзна і мэтанакіравана займаецца фізічнай падрыхтоўкай. Яна пастаянная ўдзель­ніца спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню, неаднаразова станавілася пераможцай абласных, рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтваў. Менавіта яна стала лепшым навучэнцам у намінацыі “За дасягненні ў фізічнай культуры і спорце”.

А за дасягненні ў галіне турызму і краязнаўства была адзначана Настасся Дзеніс. Падчас навучання ў каледжы Насця актыўнічала ў клубе ЮНЕСКА “Кліа”: удзель­нічала ў правядзенні інтэрактыўных анімацыйных праграм у Нясвіжскім замку, за што мае шматлікія граматы і па­дзякі.

Таксама дзяўчына брала ўдзел у рабоце навуковага таварыства “Спасціжэнне”, сферай яе інтарэсаў былі гісторыя, турызм і краязнаўства. Найбольш буйны праект, над якім ёй давялося працаваць, — “Нясвіжскі лемантар”. Гэта маляўнічая гарадская азбука Нясвіжа. Праект стварала творчая група юных даследчыкаў і творцаў. Настасся адказвала за дызайн і ілюстраванне лемантара. Адпаведныя ўменні ў яе ёсць — дзяўчына вучыцца па спецыяльнасці “Графічны дызайн”.

— Гэта ўнікальны вопыт, які дазволіў мне не толькі праявіць сваю творчасць, прафесійныя навыкі, але і даведацца шмат цікавага, вывучыць родны край, пашырыць свае веды пра беларускую гісторыю, культуру і традыцыі.  Дзякуючы такім магчымасцям, у каледжы я адчувала, што сталенне, развіццё маёй асобы адбываецца сямімільнымі крокамі, — дзеліцца меркаваннем Насця.

* * *

Ацэньваць работу любой установы, у тым ліку ўстановы прафесійнай адукацыі, можна па розных крытэрыях. І адзін з іх — гэта дасягненні навучэнцаў. Менавіта яны красамоўна свед­чаць пра тое, наколькі  спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу моладзі створаны ва ўстанове. Канечне, многае залежыць ад чалавека — яго таленту, працавітасці, мэтанакіраванасці. Аднак толькі ў адпаведным асяроддзі талент набывае максімальную моц і нараджаюцца смелыя ідэі. Конкурс “Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці” пераконвае ў тым, што ўстановы прафесійнай адукацыі не проста даюць прафесію, а выхоўваюць асобу, здольную творча мысліць, браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні.

Дар’я РЭВА.