Талент, праца, мэтанакіраванасць

- 12:05Адукацыйная прастора

У Віцебску ўзнагародзілі навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці — пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і педагогаў, дзякуючы якім дасягнуты высокія вынікі. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Леанідавіч Хома, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі кіраўніцтва гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў вышэйшай адукацыі і абласнога інстытута развіцця адукацыі, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў па адукацыі, дырэктары школ і гімназій.

Згодна з традыцыяй, лепшыя знаўцы вучэбных прадметаў і іх настаўнікі сталі лаўрэатамі прэмій аблвыканкама, на што рашэннем абласнога Савета дэпутатаў выдаткавана 58 тысяч рублёў. Грашовыя сродкі ў памеры 260 тысяч рублёў выдзелены на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, дзе падрыхтаваны пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Найбольш удала выступілі каманды Віцебшчыны па матэматыцы і інфарматыцы, парадавалі філолагі. У рэгіёне на заключным этапе алімпіяды сёлета 86 дыпломаў. Найлепшыя вынікі — у навучэнцаў з Віцебска, Полацкага раёна, Наваполацка, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Докшыцкага, Дубровенскага, Лёзненскага і Ушацкага раёнаў.

У віцебскіх гімназій №№ 2 і 8 па 14 дыпломаў, прычым у гімназіі № 2 — па васьмі вучэбных прадметах. У актыве гімназіі № 8 — дзевяць дыпломаў па матэматыцы. Разам з настаўнікамі гімназістаў трэніруе па гэтым прадмеце Міхаіл Мікалаевіч Волкаў — педагог-наватар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны.

— З уласнага вопыту магу сказаць: каб атрымаць дастойны вынік, трэба матываваны вучань, гатовы ахвяраваць сваім вольным часам, — прызнаўся Міхаіл Мікалаевіч. — Патрэбна эфектыўная сістэма падрыхтоўкі і педагог, які ў дасканаласці ёй валодае. Трэці складнік — установа адукацыі, яе задача — стварыць аптымальныя ўмовы для развіцця асобы навучэнца і работы настаўніка. Без дапамогі бацькоў вынік таксама поўнасцю сябе не праявіць. Усе пераможцы-выпускнікі практычна ўжо студэнты, ім засталося толькі вызначыцца з месцам далейшай вучобы.


Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 52, 
14 мая 2019 года.


Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.