Талент у спадчыну

- 10:40Людзі адукацыі

Кожны чалавек на зямлі павінен, вобразна кажучы, запаліць светлы праменьчык. Ніхто не мае права пакінуць жыццё такім, у якое ён прыйшоў. Абавязкова трэба зрабіць яго крыху лепшым. Жыццё Марыі Іванаўны Неўмяржыцкай — заснавальніцы педагагічнай дынастыі, настаўніцы пачатковых класаў, якая аддала 33 гады навучанню і выхаванню дзяцей, — заўсёды было годным, сумленным, карысным людзям.

Сваю працоўную дзейнасць Марыя Іванаўна пачала ў час Вялікай Айчыннай вайны 22 жніўня 1944 года ў Берасцечкавай сярэдняй школе Валынскай вобласці настаўніцай 4 класа. Але ўжо з мая 1948 года яна загадчыца Шыянскай пачатковай школы Ельскага раёна Гомельскай вобласці, дзе і працавала да выхаду на пенсію. За шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”.
Унукі і праўнукі ганарацца сваёй бабуляй, яе ўзнагародамі: медаль да 100-годдзя нараджэння У.І.Леніна, медаль Мацярынства, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. Для кожнага з іх бабуля стала тым чалавекам, пра якога яны гавораць толькі з гордасцю, расказваюць пра яе сваім таварышам, калегам. А вучні Марыі Іванаўны ўспамінаюць аб ёй як аб справядлівым чалавеку. Яна ўмела ў кожным з іх разгледзець талент, усяліць упэўненасць у сваіх сілах.
Да гэтага часу аднавяскоўцы ўспамінаюць аб Марыі Іванаўне, яе працавітасці, адказнасці, любові да дзяцей. На працягу ўсяго свайго жыцця (памерла Марыя Іванаўна праз паўтара месяца пасля свайго 90-годдзя) яна не толькі вучыла, гадавала і выхоўвала чужых дзяцей, але і сваіх пяцярых дачок. Марыя Іванаўна разам з мужам Рыгорам Андрэевічам, удзельнікам партызанскага руху, майстрам на ўсе рукі (бочкі для квашання агародніны, кошыкі для грыбоў, ягад, бульбы атрымліваліся ў яго на славу) вяла гаспадарку. Яна шмат вышывала, вязала кручком для сябе, для дома і, безумоўна, для дачок, для блізкіх і знаёмых, выдатна шыла.
Дзве дачкі Марыі Іванаўны і Рыгора Андрэевіча, Юлія і Мая, прадоўжылі дынастыю, справу, пачатую маці. Амаль 30 гадоў пасля заканчэння Мазырскага педінстытута працавала настаўніцай матэматыкі Мая Рыгораўна Рэвут (з іх 2 гады — намеснікам дырэктара) ва ўстановах адукацыі Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
Адна з дачок, Юлія Рыгораўна, успамінае: “Калі я была маленькай, прачынаючыся ўначы, бачыла, як мама правярае сшыткі і доўга-доўга піша і піша…” Юлія Рыгораўна да дробязей пераймала стыль сваёй мамы і марыла не аб вучнях-ляльках, а хацела калі-небудзь увайсці ў сапраўдны клас сапраўднай школы.
І гэта адбылося. Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай пачалася працоўная дзейнасць Юліі Рыгораўны з пасады піянерважатай сярэдняй школы № 4 Смаргоні Гродзенскай вобласці ў 1986 годзе. Затым — работа ў сярэдніх школах №№ 4 і 5 Смаргоні ў якасці выхавальніка групы прадоўжанага дня. Была настаўніцай працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва ў Смаргонскай школе-інтэрнаце. Працуючы ў школе-інтэрнаце, Юлія Рыгораўна з’яўлялася кіраўніком гурткоў “Рукадзелле” і “Культура побыту”. Лепшыя работы гурткоўцаў прымалі ўдзел у фестывалях музыкі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вясёлкавы карагод”. Выстава работ юных майстроў Смаргонскай школы-інтэрната займала першыя месцы, за што Юлія Рыгораўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў 2000 і 2002 гадах. Па выніках фестывалю “Вясёлкавы карагод” работы гуртка “Рукадзелле” прымалі ўдзел у рэспубліканскай выставе ў Мінску ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі ў 2004 годзе.
Вучні Юліі Рыгораўны штогод удзельнічаюць у алімпіядах па працоўным навучанні ў раённых, абласных турах, а ў 2004/2005 навучальным годзе прымалі ўдзел у рэспубліканскім туры, які праходзіў у Жлобіне Гомельскай вобласці. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі на гэтых конкурсах дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені.
Пасля закрыцця Смаргонскай школы-інтэрната Юлія Рыгораўна два гады працавала настаўніцай абслуговай працы ў гімназіі № 4 Смаргоні.
На працягу пяці гадоў яна працавала па сумяшчальніцтве метадыстам па працоўным навучанні ў Смаргонскім РВМК. Добрасумленная праца Юліі Рыгораўны была адзначана граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і прэміяй Ефрасінні Полацкай у намінацыі “Педагагічныя дынастыі” ў 2009 годзе.
З 2011 года Юлія Рыгораўна Удальева працуе на пасадзе дырэктара Бялкоўшчынскага ясляў-сада — пачатковай школы Смаргонскага раёна. Юлія Рыгораўна як дырэктар — гаспадар, сябар, настаўнік. Цэнтр усяго жыцця. І гэтае жыццё пад яе кіраўніцтвам заўсёды арганізавана цікава, змястоўна. Валявая, рашучая, упартая, настойлівая, мэтанакіраваная, яна хутка вырасла ў прафесійна граматнага, удумлівага кіраўніка. На сваіх уроках выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання яна вучыць дзяцей любіць прыгажосць і паважаць працу іншых людзей.
Любоў да творчасці, рукадзелля перадалася Юліі Рыгораўне, напэўна, ад маці. Побач па жыцці з ёй ідуць вышыўка і вязанне. І, безумоўна, кветкі. Кветкі на тэрыторыі школы, хатнія кветкі і кветкі на дачным участку… Як калісьці ў дзяцінстве, каля дома ў роднай вёсачцы Везцы цвілі яны з ранняй вясны да позняй восені — гэта было асаблівае захапленне маці.
Трэба сказаць, што муж Юліі Рыгораўны, Рыгор Віктаравіч Удальеў, таксама педагог з 30-гадовым стажам. Больш за 15 гадоў быў настаўнікам працоўнага навучання ў Смаргонскай школе-інтэрнаце пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута. Працуючы настаўнікам, вёў гурток “Мастацкая апрацоўка драўніны”, выхоўваў любоў і павагу да працы, стараўся развіваць творчыя здольнасці дзяцей. А яшчэ эфектыўна вырашаў задачы ўдасканалення выхаваўчага працэсу ў школе-інтэрнаце на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Затым была работа на пасадзе дырэктара Смаргонскага вучэбна-вытворчага камбіната, а з 2010 года ён дырэктар Смаргонскага політэхнічнага прафесійнага ліцэя.
Добра вядома ісціна: вялікае шчасце для бацькоў, калі дзеці ідуць той жа дарогай, працягваючы пачатую справу. Па слядах бацькоў пайшлі Дзяніс і Вікторыя. Дзяніс пачаў працоўную дзейнасць у сярэдняй школе № 5 Смаргоні настаўнікам інфарматыкі пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Вікторыя выбрала Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Але яна знаходзіць час заняцца любімай справай: вырабамі з лямцу, палімернай гліны. Па вечарах дзяўчына працуе ў вітражнай майстэрні. Так таленты бацькоў, у тым ліку педагагічныя, перадаюцца дзецям.

Наталля ДУБІЦКАЯ,
старшыня прафкама Бялкоўшчынскага ясляў-сада — пачатковай школы Смаргонскага раёна.
Фота з сямейнага архіва.