Талент запальваць зоркі

Настаўніка гімназіі № 2 Віцебска Сяргея Крывенку ў Беларусі і за яе межамі ведаюць як аднаго з лепшых у краіне педагогаў-прадметнікаў. За няпоўныя дзесяць гадоў яго вучні сталі ўладальнікамі больш як паўсотні дыпломаў пераможцаў абласнога, дваццаці пяці — заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і пяці — міжнародных геаграфічных алімпіяд. Акрамя таго, каманда гімназіі пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча практычна штогод радуе перамогамі ў фінале рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў. Ёсць у скарбонцы эрудытаў і больш важкія ўзнагароды, сярод якіх тры “золаты”па брэйн-рынзе і ў “Сваёй гульні” і “бронза” па “Што? Дзе? Калі?” чэмпіянату Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў.

Фота да матэрыяла: Талент запальваць зоркі.На пытанне, колькі яго гадаванцаў атрымалі 100-бальныя вынікі па цэнтралізаваным тэсціраванні, віцяблянін з усмешкай канстатуе: ніводнага. І тлумачыць: яны ж на цэнтралізаванае тэсціраванне па геаграфіі проста не ходзяць. Таму што ўсім, каму для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі трэба здаваць адпаведныя іспыты, на момант выпуску з гімназіі ўжо залічаны запаветныя 100 балаў як пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Красамоўны факт: самыя тытулаваныя вучні Сяргея Крывенкі ў пераважнай большасці (у тым ліку, нягледзячы на мноства прапаноў з-за мяжы, усе пераможцы міжнародных алімпіяд) выбіраюць для паступлення айчынныя УВА і потым застаюцца працаваць у роднай краіне. Не выключэнне і сёлетні выпускнік гімназіі сярэбраны медаліст XV Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды ў Квебеку (Канада) Антон Жыльцоў, які зараз з’яўляецца студэнтам геаграфічнага факультэта БДУ. Пачатак “гультайскай”, як цяпер з гумарам адзначае педагог, традыцыі не здаваць уступныя іспыты і мець пры гэтым найвышэйшы бал паклаў сам Сяргей Мікалаевіч.

— У старшых класах мае абітурыенцкія запыты вагаліся паміж геаграфіяй і гісторыяй. Выбраў геаграфію, бо на профільны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава мяне, пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце, прымалі без экзаменаў, — успамінае выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Неадольнай аказалася спакуса правесці тры месяцы ў вёсцы. Я гарадскі жыхар, але ў школьныя гады штогод на летніх канікулах адпачываў на Браслаўшчыне ў бабулі з дзядулем: свежае паветра, лес, ягады, жыўнасць цікавая, возера побач — любата! А калі адкінуць жарты, то ўсё ішло менавіта да такога развіцця падзей. Геаграфія — незвычайны прадмет, вельмі разнапланавы і надзвычай прыцягальны. Каб у ім добра арыентавацца, неабходна быць дасведчаным у матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі — спіс можна доўжыць бясконца.

Мой выбар быў свядомы, сёння магу дадаць — правільны. І, між іншым, выключны: педагогаў у нашай сям’і не было і пакуль няма. Бацька і маці працавалі бухгалтарамі, жонка — урач, у дачок (іх у нас тры) кропка адліку самастойнай жыццёвай траекторыі яшчэ далёка наперадзе. Хаця старэйшая, яна ў 6 класе, усім заяўляе: “Хачу стаць настаўніцай!” У любым выпадку для кожнай у свой час гэта будзе ўзважанае асабістае рашэнне, наша справа як бацькоў — забяспечыць інфармацыяй для роздуму.

На рабоце ў мяне падобная задача: таксама стараюся навучыць дзяцей арыентавацца ў свеце прафесій. Напрыклад, у межах прадмета мы непасрэдна закранаем галіны прамысловасці і, адпаведна, гаворым аб спецыяльнасцях. Кожны вучань у будучыні бачыць сябе незаменным суперпрафесіяналам, а калі расказваеш аб раней невядомай яму спецыяльнасці ці набліжаеш ідэал да рэальнасці — ад перспектыў на рынку працы да неабходных уменняў, навыкаў, паказчыкаў здароўя — дзеці ўсур’ёз задумваюцца. Здараецца, прыярытэты мяняюцца. З алімпіяднікамі прафесіі вывучаем больш дэталёва, але тут галоўны акцэнт робім не на пошук напрамку прафесійнай дзейнасці, а на геаграфію.

Да алімпіяднага руху выпускнік ВДУ далучыўся з першага года работы ў гімназіі, выпрацоўваў сваю мадэль работы з адоранымі дзецьмі, знаёміўся з вопытам калег. Перамогі навучэнцаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах для гэтага калектыву — не рэдкі шчаслівы выпадак, а штогадовы вынік вялікай сістэмнай работы. Да міжнародных вышынь педагог разам з вучнямі набліжаліся праз перамогі на раённым, потым — абласным і заключным этапах алімпіяды па геаграфіі.

Кіраўнік калектыву Канстанцін Кісялёў, характарызуючы прафесійны почырк Сяргея Крывенкі, падкрэслівае: ён мае ўнікальны, найкаштоўнейшы талент. У дзіцяці, на якое часам ніхто з прадметнікаў асаблівай увагі не звяртае, умее разглядзець іскрынку — тую самую, што мае патэнцыял стаць сапраўднай зоркай. А потым дапамагае дарасці да зоркі, раскрыць і развіць здольнасці, вучыць ісці да мэты і перамагаць. Больш за тое, на фоне поспехаў у геаграфіі такі “шэранькі” вучань, як правіла, робіць рывок у паспяховасці па астатніх прадметах. Значную дапамогу ў рабоце з адоранымі навучэнцамі педагогу-энтузіясту аказваюць выкладчыкі профільнага факультэта ВДУ і метадыст абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Пікулік.

— Відавочнае нават не судакрананне, а ўзаемапранікненне, — дзеліцца вопытам суразмоўца. — Не рызыкну сцвярджаць, што большасць маіх вучняў прыйшла ў алімпіяду праз інтэлектуальныя гульні ці наадварот — настолькі цесна ўсё пераплецена. Што тычыцца мадэлі падрыхтоўкі, то існуе, безумоўна, пэўны графік, сістэма заняткаў на ўроках і факультатывах. У любым выпадку гэтага недастаткова. Аднак глупства настаўніцкую працу вымяраць строга ў гадзінах рабочага часу. Напрыклад, алімпіяда па геаграфіі прадугледжвае практычны тур. Сёлета мы з будучымі нашымі надзеямі ўвесь чэрвень займаліся: хадзілі “ў поле”, праводзілі даследаванні ў басейне ракі Лучосы і ў Лужасне Віцебскага раёна. Цікава было ўсім, і нікому не прыходзіла ў галаву адлічваць хвіліны, занятыя звыш запланаванага.

Мы з вучнямі ставім агульную, значную асабіста для кожнага з нас мэту — і працуем на яе дасягненне, не “ад званка да званка”. Таму падзел паміж абавязковым і тым, што дыктуюць уласныя інтарэсы, даволі ўмоўны. Асабіста мяне на работу з дзецьмі найперш матывуюць зносіны. У кантакце з дзецьмі атрымліваеш зарад бадзёрасці і энергіі, сам аддаеш часцінку сябе. І, што важна, не спыняешся ў развіцці, пастаянна даведваешся нешта новае. Да 11 класа асноўная падрыхтоўка змяшчаецца да самаадукацыі. Вучні на адзначаным этапе часам ведаюць прадмет лепш за мяне. Міжнароднікі, акрамя рускамоўнай, вывучаюць англамоўную геаграфію, дзе крыху адрозніваюцца падыходы, іншым момантам удзяляецца ўвага. Маёй звышзадачай становіцца зматываваць і пракантраляваць, задача навучэнца — адшукаць неабходную інфармацыю. У каго ёсць мэта, унутраная дысцыпліна, імкненне да новых ведаў і развіцця, той з поспехам сябе рэалізуе. Гэтым правілам, засвоеным у гімназіі, выпускнікі потым будуць кіравацца і ў самастойным жыцці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *