Сталі вядомы імёны пераможцаў конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”.
З 13 па 19 мая ён праходзіў у філіяле Санкт-Пецярбургскага гарадскога палаца творчасці юных загарадным Цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці “Люстраны”. Заснавальнікі мерапрыемства — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.
У першыню конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “Таленты ХХІ стагоддзя” прайшоў у 2009 годзе ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” і з таго часу традыцыйна праводзіцца ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы раз у два гады па чарзе на тэрыторыях Беларусі і Расіі. У 2011 годзе конкурс прайшоў у “Люстраным”, у 2013 годзе зноў у “Зубраняці”. Сёлета ён праводзіўся чацвёрты раз. У яго фінале прынялі ўдзел 15 каманд з Расіі і 8 каманд з Беларусі. Усяго ў фінал трапілі 276 навучэнцаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў — пераможцы і прызёры міжнародных, федэральных, рэспубліканскіх і рэгіянальных конкурсаў і канферэнцый навукова-тэхнічнай творчасці.
Конкурс “Таленты ХХІ стагоддзя” праводзіцца ў два этапы: адборачны і фінальны. Адборачны этап у бягучым годзе праходзіў са студзеня па сакавік у 15 рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, ва ўсіх абласцях Беларусі і Мінску. Непасрэдныя арганізатары — Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Маскоўскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт “СТАНКІН”.
Асноўнай задачай конкурсу з’яўляецца далучэнне моладзі да заняткаў навукова-тэхнічнай творчасцю, пошук маладых талентаў, прадастаўленне дадатковых магчымасцей для рэалізацыі іх творчых ідэй і, канечне, умацаванне сяброўскіх сувязей паміж моладдзю дзвюх краін.
Праграма правядзення фінальнага этапу конкурсу традыцыйна прадугледжвае работу васьмі навуковых секцый: тэхнічнае мадэляванне; тэхнічнае канструяванне; радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка і робататэхніка; навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі; мультымедыйныя тэхналогіі; праграмаванне і вылічальная тэхніка; відэафільм; астраномія і касманаўтыка.
Акрамя прэзентацыі і абароны сваіх праектаў, канкурсанты на працягу тыдня ўдзельнічалі ў тэматычных днях Расіі, Беларусі, Саюзнай дзяржавы, спартыўных спаборніцтвах, брэйн-рынгу, майстар-класах, сустрэчах з вядомымі вучонымі, вынаходнікамі і педагогамі-наватарамі. У гонар 70-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне моладзь Саюзнай дзяржавы ўсклала кветкі да манумента гераічным абаронцам Ленінграда на плошчы Перамогі ў Санкт-Пецярбургу і прыняла ўдзел у вечары патрыятычнай песні “Мы памятаем, мы ганарымся”.
Адной з цэнтральных падзей конкурсу стала выстава навукова-тэхнічнай творчасці. Юныя даследчыкі, рацыяналізатары, вынаходнікі, астраномы і праграмісты з Беларусі і Расіі прывезлі на суд журы і на абмеркаванне равеснікаў свае навуковыя распрацоўкі і праекты. А гэта мадэлі-копіі і дзеючыя прылады тэхнікі, радыёэлектронныя, энергазберагальныя прыборы, аўтаматызаваныя сістэмы і праграмныя комплексы для падтрымкі дзейнасці чалавека, вынікі навуковых даследаванняў зорнага неба і планет, праекты палётаў міжпланетных аўтаматычных станцый і новых транспартных касмічных сістэм, сімулятары, трэнажоры, камп’ютарныя праграмныя прадукты , вэб-сайты, мультымедыйныя анімацыі і прэзентацыі.
Напрыклад, Арына Яфімчанка, якая на конкурсе прадстаўляла Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і ў выніку заняла 2 месца ў секцыі “Навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі”, прэзентавала комплексную перапрацоўку яблыкаў і іх выкарыстанне ва ўмовах хатняй гаспадаркі.
— У яблыках, як вядома, вельмі шмат карысных рэчываў, але калі мы іх ядзім, то паглынаем не больш як 1—2% ад іх, астатнія 98—99% арганізмам проста не засвойваюцца, — расказвае Арына. — Мы з маім педагогам узяліся так перапрацаваць яблык, каб атрымаць ад яго максімум карыснага, каб ён цалкам засвойваўся арганізмам чалавека. У ходзе перапрацоўкі мы атрымалі такія прадукты, як канцэнтрат яблычнага соку, пекцін, яблычны парашок. Апошні, дарэчы, уяўляе сабой арыгінальную харчовую дабаўку, якая садзейнічае паляпшэнню кішэчнага мікрабіёму і прафілактыцы шэрага сардэчна-сасудзістых і аўтаімунных захворванняў. Гэты парашок я, напрыклад, выкарыстоўваю замест мукі для прыгатаваня пячэння, якое атрымліваецца не толькі вельмі смачным, але і, самае галоўнае, карысным. Гэты парашок можна прымяняць ва ўсіх тых рэцэптах, дзе ёсць мука, замест яе.
Спецыяльным прызам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, які прыраўнаваны да гран-пры конкурсу, быў узнагароджаны беларус Канстанцін Раманчук. На конкурсе ён прадставіў сваю работу пра сублімацыю каметнага рэчыва.
— Мая работа расказвае пра тое, што падчас руху камет па сваіх арбітах пастаянна адбываецца актыўная сублімацыя з іх паверхнямі. Сублімацыя — гэта хуткае выпарванне рэчыва з ядра каметы. Некаторыя газы сублімуюць больш актыўна, чым іншыя газы. Гэта прыводзіць да эфекту перавагі, што гаворыць аб тым, што спектральны аналіз не можа дакладна выявіць склад ядра каметы. Другая частка работы расказвае пра тое, што пры актыўнай сублімацыі каметнае ядро пакрываецца коркай, якая, пастаянна павялічваючыся, прыводзіць да згасання каметы. Гэта значыць, што камета становіцца нябачнай. Такія каметы існуюць зараз, іх шмат, і яны сапраўды ўяўляюць рэальную пагрозу для зямлян. Яскравы прыклад гэтага — падзенне чэлябінскага метэарыта. Пасля гэтага выпадку каметна-астэроідная абарона стала для нас яшчэ больш актуальнай. Мы сёння ведаем, як змагацца з гэтай небяспечнасцю, але не заўсёды зможам знайсці гэтыя нябесныя целы. Для таго каб папярэдзіць такія сутыкненні, неабходна іх знайсці, а для гэтага трэба дасканала вывучаць той працэс, які адбываецца на паверхні ядра каметы. Менавіта таму я гэтым і займаюся, — расказвае Канстанцін.
Практычнае прымяненне — неад’емная частка кожнай работы, якую прадставіла на конкурс моладзь з Беларусі і Расіі. Яшчэ адзін яскравы прыклад гэтага — работа Аляксандра Дубавіцкага (гімназія № 29 Мінска), якая заняла ў секцыі “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка” 3 месца. Аляксандр прывёз на конкурс інтэлектуальнага робата-памочніка. “Альтрон” сканіруе памяшканне на наяўнасць небяспечных газаў, пажару, дыму і пароў ртуці, складае цацкі, прыносіць тапкі, можа пакарміць гадаванца або паліць кветкі і нават умее размаўляць з чалавекам.
— Падобных праектаў робатаў дастаткова многа, але менавіта з такой канцэпцыяй, як у “Альтрона”, на гэты момант не існуе. Спецыяльна для яго быў распрацаваны міні-камп’ютар, які выкарыстоўваецца для кіравання. Акрамя таго, ён абсталяваны цалкам новым датчыкам для дэталёвай пабудовы карты і маментальнага арыентавання ў прасторы, — расказвае школьнік.
Унікальным вынаходствам ужо зацікавіліся такія сусветныя кампаніі, як IROBOT, і ўжо падалі заяўкі на патэнт.
Дарэчы, беларусы сталі пераможцамі ў трох з васьмі секцый конкурсу. Раман Кныроў (Аршанскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, Віцебская вобласць) заняў 1 месца ў секцыі “Тэхнічнае мадэляванне”, Алег Лісіцкі (сярэдняя школа № 7 Рэчыцы, Гомельская вобласць) — у секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі”, Канстанцін Раманчук (Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці) — у секцыі “Астраномія і касманаўтыка”.
Выставу навукова-тэхнічнай творчасці наведаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, які пазнаёміўся са стэндам кожнай каманды. У сваім звароце да ўдзельнікаў конкурсу ён адзначыў:
— Конкурс “Таленты ХХІ стагоддзя” ўжо стаў добрай традыцыяй. Прыемна ўсведамляць, што маладыя таленавітыя людзі крок за крокам узнімаюцца да вяршынь ведаў, з поўнай самааддачай увасабляюць самыя фантастычныя ідэі ў рэальныя, дзеючыя мадэлі і праекты. Вам прадастаўлена ўнікальная магчымасць зносін з выбітнымі вучонымі нашых краін, магчымасць прадэманстраваць свой творчы патэнцыял, даведацца прафесійнае меркаванне пра сваю работу. Упэўнены, што ўдзел у конкурсе стане прыступкай у выбары будучага жыццёвага шляху. Не важна, будзе гэта напрамкам, якім вы захоплены зараз, ці нешта іншае. Мне дастаўляе вялікую радасць бачыць людзей, якія з задавальненнем займаюцца сваёй любімай справай. На выставе тэхнічнай творчасці я ўбачыў шмат цікавых знаходак. Некаторыя ўжо запатэнтаваны, што сведчыць пра сур’ёзнасць распрацовак. Моладзь валодае тэмай, імкнецца спасцігнуць яе глыбіню. А з якім захапленнем яна расказвае пра свае работы! У наш час, калі навокал столькі спакус, гэта вельмі важна.
Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.
Санкт-Пецярбург — Мінск.