Талеркі з лісця, валёнкі з елкі

- 11:12Выхаванне

Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі правяла Рэспубліканскі злёт маладзёжных стартапаў у галіне сельскага прадпрымальніцтва экалагічнай накіраванасці. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня зямлі і стала фінальным у межах праекта гуманітарнага супрацоўніцтва “Стварэнне сельскага маладзёжнага экакааператыва “Арганіка”.

Аромасашэ ад школьнікаў з Залесся.

Арыгінальныя ідэі

Дзмітрый Субцэльны, старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, патлумачыў мэту праекта так: “Галоўны дэвіз нашай асацыяцыі — “Магчымасці для ўсіх”, таму любыя кірункі дзейнасці ў плане маладзёжнай самарэалізацыі мы заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваем. Мы ўсе добра ведаем, што моладзь у сельскай мясцовасці і ўвогуле сельская тэрыторыя для нашай краіны — гэта найменшыя магчымасці і таму прыярытэт для ўсіх нас. І для педагогаў, і для грамадскіх арганізацый, і для дзяржавы”.

Удзельнікамі злёту сталі аўтары (педагогі і школьнікі) 13 найбольш цікавых стартапаў з 10 устаноў адукацыі з сельскай мясцовасці розных рэгіёнаў.

Адным з самых паспяховых стаў праект ZNOVA гімназіі № 1 Зэльвы, ініцыятар якога — настаўніца хіміі Наталля Гром. Гэтая бізнес-кампанія імкнецца адра­дзіць і перадаць будучым пакаленням старажытны спосаб вырабу паперы з трыснягу. Тут працуюць не толькі педагогі, але і гімназісты, якія асвойваюць прафесіі дызайнераў, піяршчыкаў, майстроў па вырабе паперы, спецыялістаў па зборы і перапрацоўцы сыравіны, менеджараў і канструктараў сайта. Усяму гэтаму яны вучацца адзін у аднаго.

Вырабам паперы цалкам займаюцца школьнікі — ад працэсу збору матэрыялу да вырабу прадук­цыі. Гэта і экаўпакоўка, паштоўкі, фотаальбомы, шкляначкі для расады, ігольніцы, і, канечне, сама папера, на якой можна пісаць, маляваць, рабіць скетчы.

У будучыні гэтая ўнікальная, экалагічная, біяраскладальная папера можа стаць брэндам гарадскога пасёлка, а то і ўсёй краіны.

У 2020 годзе праект ZNOVA стаў пераможцам конкурсу экалагічных праектаў Belarus Green Awards, а таксама прызёрам, які заняў 2-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”. Атрымаўшы фінансаванне, яго аўтары закупілі абсталяванне для майстэрні па вырабе паперы. За два гады ў бізнес-кампаніі навучыліся вырабляць паперу яшчэ і з саломы, кукурузы, сухога лісця і травы.

Не менш цікавы праект гэтай жа гімназіі — “Лясная шэрсць”. Яго аўтары на чале з той жа Н.П.Гром адраджаюць старадаўнія спосабы атрымання прыроднага матэрыялу з уласцівасцямі ўцяпляльніка з хвоі і лісця. Гэта не толькі дасць магчымасць атрымліваць натуральны матэрыял, але і дапаможа выкарыстоўваць засохлую ігліцу ляснога сухастою і сухое лісце. Школьнікі ўжо атрымалі шэрсць з ігліцы хвоі і елкі, а таксама з лісця клёну.

“Матэрыял з ігліцы хвоі найбольш мяккі і порысты. Яго можна паспяхова выкарыстоўваць для вырабу ўцяпляльніка і всцілак для абутку, а таксама рабіць з яго валёнкі. Спецыялісты па валенні валёнак у нас ёсць — засталося толькі пераарыентаваць іх на новы матэрыял і пераняць гэтае майстэрства. З такой лясной шэрсці можна рабіць ніткі і з іх ужо вязаць розныя вырабы. Яны бу­дуць мяккія, цёплыя, натуральныя. Выбіраючы такі матэрыял, мы дапамагаем захаваць навакольнае асяроддзе”, — расказала Наталля Паўлаўна.

Праект “Парасткі бізнесу” навучэнцаў Галынкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна дапаможа вырашыць праблему дэфіцыту кадраў на сяле, нежадання моладзі выбіраць спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. Дапамагчы асвоіць асновы арганічнага земляробства і прадпрымальніцтва на сяле заклікана іх школьная бізнес-кампанія “ЦветОК”. Як расказалі яе ­ўдзельнікі Настасся Палховіч і Багдан Гаўрылік, акрамя вырошчвання на продаж кветак і дэкаратыўных раслін, бізнес-кампанія будзе выкарыстоўваць для афармлення ўчастка мясцовае інвазійнае дрэва — вярбу казіную.

У прыватнасці, вакол свайго ўчастка яны пачалі ствараць жывую агароджу з пераплеценага 2-метровага вербалозу, якая будзе затрымліваць пестыцыды з палёў, а з дарогі — аўтамабільныя выхлапы. Дзякуючы гэтаму, школьнікі збяруць экалагічна чыстыя фрукты і агародніну, берагі мясцовай ракі Луконіца ачыс­цяць ад зараснікаў вярбы казінай, а прадаючы дэкаратыўныя расліны вярбы на штамбе, папоўняць пазабюджэтны фонд школы.

Ангеліна Івашкевіч і Артур Лукашэвіч, навучэнцы Спондаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна, расказалі пра творчыя планы сваёй бізнес-кампаніі “Вербная нядзеля”. Так яны хочуць наладзіць вытворчасць сувенірных вырабаў, выкананых з выкарыстаннем элементаў саломапляцення і іншага прыроднага матэрыялу.

“Мы клапоцімся пра тое, каб нашы вырабы былі экалагічна карыснымі і найменш затратнымі ў вытворчасці (асноўны матэрыял — жытняя салома, галінкі вярбы і іншы прыродны матэрыял), — адзначылі школьнікі. — Ідэя стартапа — пашырэнне вытворчасці, наладжванне новых каналаў збыту, папулярызацыя і адраджэнне народных рамёстваў. Мы зацікаўлены ў павелічэнні даходаў для атрымання магчымасці арганізацыі экскурсійнай дзейнасці, іншых мерапрыемстваў эстэтычнай і экалагічнай накіраванасці для нашых навучэнцаў”.

“Смак для “Мяснога дома” — з такой ініцыятывай выступілі навучэнцы Петкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Дзяржынскага раёна. Яны наладзілі бізнес-сувязі з сельскагаспадарчым прадпрыемствам ААТ “Крутагор’е-Петкавічы”, якое будзе закупляць у школы для вытворчасці мясной і каўбаснай прадукцыі часнок і вострыя травы. Гэтыя культуры — дэфіцыт у раёне, жыхары вырошчваюць іх у маленькай колькасці для ўласнага карыстання. У школе ўжо рыхтуюцца да пасеву: пад каляндру і кмен тут будзе выдзелена некалькі сотак зямлі, а восенню будзе пасаджана каля 300 кілаграмаў зімовага часнаку.

Ірына Гардзеенка і Ірына Аніскавец з Казялужскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна хо­чуць стварыць грыбную ферму. Па іх падліках, вырошчванне грыбоў — даволі прыбытковы і рэнтабельны бізнес, які акупіцца ў першы ж год пасля адкрыцця. А Паліна Соніч з Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна падзялілася сваімі планамі па рэалізацыі праекта “Пачынаючы фермер” па вырошчванні зеляніны арганічным спосабам.

Абыдземся без пластыку

Навучэнцы Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча Ашмянскага раёна заснавалі ў сябе бізнес-кампанію “ЭкаСмолВыраб”, дзе наладзілі вытворчасць эксклюзіўных упрыгажэнняў з эпаксіднай смалы. Нядаўна яны паспяхова паўдзельнічалі ў рэспубліканскай інфармацыйнай кампаніі “Лекам не месца ў вадзе і ежы” і ў адказ на яе хо­чуць ствараць аўтарскія кантэйнеры для збору пратэрмінаваных лекаў — таксама з эпаксіднай смалы. Ідэя ў тым, каб прывабны выгляд кантэйнера матываваў лю­дзей выкідваць старыя лекі якраз у яго, а не на сметнік.

У Залескім яслі-садзе — сярэдняй школе Смаргонскага раёна таксама заклапочаны забруджваннем прыроды шкоднымі адходамі, да якога прыво­дзяць бескантрольнае выкарыстанне пластыку, цэлафану і іншых ненатуральных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў тым ліку ў якасці падарункаў. Аляксандра Гнілазуб і Мілана Кенько прадставілі сваю альтэрнатыву. У сваёй школьнай бізнес-кампаніі “AROMA-сувенір” яны з равеснікамі ствараюць сувеніры з натуральных матэрыялаў. Самыя папулярныя — духмяныя сашэ — мяшочкі, напоўненыя натуральнымі духмянымі травамі, галінкамі, насеннем і г.д.

Тэма забруджвання пластыкам хвалюе і навучэнцаў Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны хочуць адкрыць на базе ўстановы адукацыі кааператыў па вытворчасці экапосуду з лісця вінаграду, пшанічнай саломы, кукурузнага крухмалу для выкарыстання ў дзіцячых аздараўленчых лагерах палатачнага тыпу раёна. У цяперашні час тут наладжана вытворчасць драўлянага посуду пад кіраўніцтвам вопытнага майстра. Акрамя таго, у гэтай установе нарадзілася ідэя ствараць біялагічныя кампосты з арганічных адходаў для вырошчвання расады і вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі.

Школьная мануфактура Аграkids з’явіцца ў Князеўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна. Тут у цэнтры ўвагі — арганізацыя карыснай занятасці непаўналетніх у пазаўрочны час, накіраванай на развіццё экалагічнага прадпрымальніцтва. У прыватнасці, тут бу­дзе створана шматфункцыянальная школьная мануфактура.

Бізнес-стажыроўка для школьнікаў

Для тых школьнікаў, якія толькі робяць свае першыя крокі ў прадпрымальніцтве, бізнес-цьютары, якімі выступілі студэнты БДЭУ, правялі шэраг тэматычных трэнінгаў: “Тэмперамент і стыль кіравання ў экалагічным прадпрымальніцтве”, “Экалагічнае прадпрымальніцтва і яго сутнасць”, “Партрэт прадпрымальніка” і інш. Школьнікі і студэнты паразважалі пра эканамічныя ўмовы развіцця прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, пра перадумовы дэвіянтных паводзін у школьнікаў, замацавалі новыя веды падчас трэнінгаў “Жыццё — адно” і “Развіццё прафесійных кампетэнцый”. А таксама пагулялі ў дзелавую гульню “Экалогія — пластмасавае забруджванне”, правялі міні-дыспут “Асноўныя якасці прадпрымальніка”.

Падтрымаць экаініцыятывы школьнікаў і падзяліцца сваімі напрацоўкамі прыехалі і эксперты ў сваёй справе: Кацярына Каргаполава (доктар, к.с.н. РЭУ імя Г.В.Пляханава, Масква), Мікалай Матрунчык (ініцыятар адукацыйных праектаў для дзяцей з прыватнага прадпрыемства “Экафанія”), Алена Озерава (кіраўнік экакааператыва “Арганіка”, дырэктар Лядзенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, які стаў рэсурсным цэнтрам па эказемляробстве Чэрвеньскага раёна).

Так, акрамя насычанага аповеду пра развіццё ў школе эка­кааператыва, Алена Озерава па­дзялілася з прысутнымі сваімі планамі на найбліжэйшую перспектыву: “Зусім хутка мы запусцім і інтэрнэт-пляцоўку, дзе нашы эксперты падзеляцца сваімі напрацоўкамі ў экалагічным і эканамічным на­прамку. Мы будзем вучыць дзяцей і моладзь ствараць бізнес-планы ў экакірунку і прыкла­дзём

усе намаганні, каб дапамагчы рэалізаваць нават самыя смелыя задумы. Будзем папулярыза­ваць эказемляробства не толькі сярод школ, але і сярод дарослага насельніцтва, бо хочацца, каб моладзь заставалася на сваёй зямлі, каб замацоўвалася на месцах. Гэта дапаможа нам знайсці аднадумцаў і памочнікаў, якія будуць разам з намі развіваць гэты рух”. (Падрабязна пра дзейнасць школы ў развіцці эказемляробства “НГ” расказвала 24 красавіка.Заўв.аўтара).

Алеся Меляшчэня, інспектар Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, падводзячы вынікі злёту адзначыла: “Я ўпэўнена, што маладыя лю­дзі набываюць на такіх сустрэчах не толькі асобасныя, камунікатыўныя навыкі, але і абменьваюцца вопытам. Дзякуючы такім мерапрыемствам, узніка­юць новыя экапраекты і дзеці самі ініцыіру­юць і пачынаюць рэалізоў­ваць свае ўласныя ініцыятывы. А для педагогаў гэта магчы­масць узаема­дзейнічаць паміж сабой і зразумець важнасць сваіх уласных дзеянняў у кірунку экалогіі”.

Святлана НІКІФАРАВА.