Там, дзе начынаецца Радзіма

- 12:53Родная земля

Пры фінансавай падтрымцы Гродзенскай пагранічнай групы ў кожнай установе адукацыі Бераставіцкага раёна ўстаноўлены арыгінальныя стэнды з гучнай назвай “Там, дзе пачынаецца Радзіма”. На стэндах змешчана інфармацыя аб правілах перамяшчэння ў пагранічнай зоне, расказваецца пра гісторыю пагранічнай групы, умовы паступлення ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Туды, дзе пачынаецца Радзіма, мы і адправімся ў Дзень пагранічніка, каб даведацца пра адметнасці прыгранічнага жыцця.

Камандзіровачны май

Гэта толькі ў ваеннай песні гаворыцца, што на граніцы хмары ходзяць пахмурна. Рэальнае мірнае жыццё прыгранічнай Бераставіччыны не такое ўжо і змрочнае, асабліва ў сонечныя дні напрыканцы мая, калі на ўзгорках жаўцеюць дзьмухаўцовыя і рапсавыя палі, дрэвы шапочуць маладой лістотай, а вялізныя аблокі паважна плывуць па высокім, амаль летнім небе. У такі час хочацца жыць, падарожнічаць, пісаць, фатаграфаваць — адным словам, хочацца, каб камандзіровачны май доўжыўся бясконца. І адну з гэтых камандзіровак трэба абавязкова здзейсніць у пагранічны Бераставіцкі раён. Справа не толькі ў даце 28 мая, калі адзначаецца Дзень пагранічніка, і не ў шматлікіх помніках архітэктуры гэтага краю. Менавіта тут, каля самай дзяржаўнай граніцы, найбольш яскрава адчуваеш сябе грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, усведамляеш, наколькі вялікая наша краіна, калі за табой больш за 600 кіламетраў гасціннай і маляўнічай беларускай зямлі.

Быць мужным і пільным

Жыццё ў Бераставіцкім раёне хоць і мернае, няспешнае, усё ж адметнае, асабліва калі ўлічыць словы пра тое, што ахова дзяржаўнай граніцы — гэта свяшчэнны абавязак кожнага. Не толькі кожнага ваеннаслужачага, але і кожнага грамадзяніна, кожнага жыхара пагранічных тэрыторый. Таму асноўны ўпор у грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў робіцца на супрацоўніцтва з ваеннаслужачымі Гродзенскай пагранічнай групы. Найбольш цеснае такое ўзаемадзеянне праводзіцца ў гімназіі аграгарадка Пагранічны, Паплаўскім яслях-садзе — базавай школе, Макараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе і Малабераставіцкай сярэдняй школе.
— Наша ўстанова адукацыі супрацоўнічае з пагранічнікамі з 1962 года. За гэты час некаторыя формы ўзаемадзеяння захаваліся, некаторыя змяніліся. Сёння супрацоўніцтва носіць у асноўным спартыўна-забаўляльны характар, што праяўляецца ў арганізацыі сумесных канцэртаў, на якіх спяваюць, чытаюць вершы не толькі настаўнікі і вучні, але і ваеннаслужачыя. На спецыяльных занятках яны знаёмяць навучэнцаў з асаблівасцямі нясення службы, расказваюць пра ўмовы паступлення і навучання ў Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Паспяховы ўдзел нашай каманды ў рэспубліканскіх спаборніцтвах на “Зарніцы” — гэта заслуга не толькі кіраўніка клуба “Юны сябар пагранічніка” нашага настаўніка фізічнай культуры і здароўя Віктара Сцяпанавіча Труша, але і ваеннаслужачых. Яны аказваюць актыўную дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў. Адпаведныя заняткі найбольш актыўна праводзяцца падчас летняга лагера “Юны пагранічнік”, які на працягу чатырох гадоў дзейнічае на базе гімназіі і пагранічнай заставы “Пагранічны”. У лагеры адпачываюць 15 навучэнцаў. Яны і з сабакамі займаюцца, і тэхніку вывучаюць, і аўтаматы збіраюць-разбіраюць, і з кантрольна-следавой паласой знаёмяцца. Асабліва цікавымі з’яўляюцца заняткі па пошуку і затрыманні ўмоўных парушальнікаў граніцы, — паведамляе дырэктар гімназіі Іна Лявонцьеўна Кергет.
Вызначаць парушальніка — важная задача, грамадзянскі абавязак кожнага жыхара аграгарадка Пагранічны, асабліва дружыннікаў. Ад зін з іх — настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі Уладзімір Паўлавіч Лукавоз, які сёлета за асабісты ўклад у захаванне пагранічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь быў адзначаны падзякай старшыні Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцова.
— Аднойчы быў выпадак. Вечарам грукае ў дзверы чалавек, маўляў, хоча прарвацца ў французскі легіён і просіць паказаць яму дарогу. Мая асноўная задача пры з’яўленні такіх людзей — аператыўна паведаміць пагранічнікам. Затрымліваць парушальніка мы не абавязаны. Хто ведае, можа, ён узброены. А што тычыцца таго выпадку з жадаючым трапіць у французскі замежны легіён, дык гэта аказаліся вучэнні — так правяралі пільнасць дружыннікаў, — дзеліцца настаўнік.

Сябры пагранічнікаў

Актыўнасць супрацоўніцтва паміж Гродзенскай пагранічнай групай і ўстановамі адукацыі залежыць ад многіх фактараў, у першую чаргу ад зацікаўленасці начальніка заставы і дырэктара школы. Яскравым прыкладам такога супрацоўніцтва з’яўляюцца сяброўскія ўзаемаадносіны паміж ваеннаслужачымі пагранзаставы “Галынка” (начальнік капітан Аляксандр Міхайлавіч Кот) і Паплаўскім яслямі-садам — базавай школай (дырэктар Алена Віктараўна Каламеец).
— Дзяржаўную мяжу ахоўваюць не толькі пагранічнікі, але і ўвесь беларускі народ. Наша застава знаходзіцца ў пагранічнай паласе, якую ад пагранічнай зоны аддзяляе кантрольна-следавая паласа. Парадак уезду ў пагранічную паласу адрозніваецца ад парадку ўезду ў пагранічную зону. Ён можа адбывацца толькі з дазволу камандзіра часці. Менавіта на тэрыторыі пагранічнай паласы на пагранічнай заставе і праходзяць сустрэчы з удзельнікамі школьнага аб’яднання па інтарэсах “Юныя сябры пагранічнікаў”. Заняткі праводзяцца на розных пунктах. Асноўны аб’ект — гарадок пагранічнай службы, які прызначаны для навучання пагранічнікаў, — паведамляе Аляксандр Міхайлавіч Кот.
Пагранічнік павінен дакладна і хутка вызначыць кірунак руху парушальнікаў дзяржаўнай граніцы, ад чаго залежыць поспех іх затрымання. Неабходна вызначыць колькасць парушальнікаў, даўнасць слядоў, а таксама спосаб падману. Парушальнікі ўсе разумныя, вынаходлівыя, выкарыстоўваюць розныя спосабы падману. Незаконна перасякаюць дзяржаўную граніцу, ідучы назад, скачкамі, бокам, нават летам на лыжах. Ва ўсіх гэтых нюансах пагранічнік павінен разбірацца. Поспех і аператыўнасць затрымання парушальнікаў у многім залежыць ад натрэніраванасці надзейнага памочніка пагранічніка — службовага сабакі. Таму работа з сабакам — таксама важны элемент службы на граніцы. На тэрыторыі гарадка пагранічнай службы ў вучэбных мэтах знаходзіцца макет назіральнага пункта, пагранічныя знакі (польскі і наш, беларускі, якімі абазначаецца лінія дзяржаўнай мяжы на сухапутным участку). Сімволіка пагранічнага слупа — выява дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь. У мэтах арыенціроўкі пагранічнікаў, узаемадзеяння нашых пагранічнікаў з пагранічнікамі сумежнай дзяржавы кожны пагранічны слуп нумаруецца, яго вышыня складае 2 метры.
Па словах Аляксандра Міхайлавіча, важным для пагранічніка з’яўляецца веданне формы данясення па паролі “паветра”, паколькі пагранічнік ахоўвае не толькі мяжу на сухапутным участку, але і паветраную прастору разам з падраздзяленнямі СПА. Задача ваеннаслужачага — своечасова выявіць і аператыўна далажыць дзяжурнаму пра паветраную цэль у выпадку парушэння ёй дзяржаўнай граніцы. Для гэтага ў гарадку пагранічнай службы пастаўлены спецыяльныя знакі, на якіх пазначана, як дакладваць, як вызначыць, на якой вышыні, калі, куды ляцеў самалёт або верталёт. Абавязковы элемент гэтых своеасаблівых дапаможнікаў — компас. Пагранічнік павінен у любы час сутак арыентавацца, дзе поўнач і поўдзень, дзе захад і ўсход, своечасова вызначаць курс палёту паветранай цэлі.

Бераст, Тавіца, вавёрка

Жыхары Бераставіцкага раёна з’яўляюцца, напэўна, не толькі самымі мужнымі, адказнымі, пільнымі, але і самымі творчымі людзьмі. Бераставіччына — зямля звілістых рачулак, велічных сабораў, шыкоўных палацаў, працавітых і гасцінных людзей… І раптам галоўным яе сімвалам становіцца вавёрка. Чаму? Няўжо не знайшлося іншага героя, якому б быў нададзены гонар упрыгожыць герб старадаўняга мястэчка? Як паведамілі бераставіцкія настаўнікі, у даўнейшыя часы, калі Вялікай Бераставіцы надаваўся герб, гэтыя маленькія прыгожыя істоты ў такой колькасці жылі ў мясцовых лясах, што літаральна круціліся пад нагамі. Можа, яно і так, аднак выява вавёркі — не ўнікальная для еўрапейскай геральдычнай традыцыі з’ява. З Германіі ў Польшчу, а потым і на беларускія землі, на шляхецкія гербы… Так у 1754 годзе вавёрка заняла ганаровае месца на гербе Вялікай Бераставіцы, калі мястэчку было дадзена Магдэбургскае права.
Права быць галоўным сімвалам райцэнтра магла атрымаць і бяроза. Выява гэтага дрэва геральдычна апраўдана, яно сустракаецца на галоўных сімвалах некаторых еўрапейскіх гарадоў яшчэ з Сярэднявечча. З бярозай звязана і паходжанне назвы Бераставіцы ад спалучэння “бяроста вітая”, што азначае берасцяны скрутак, берасцяную грамату. Яшчэ гавораць, што ў гэтых краях некалі жылі майстры, якія рабілі добрыя рэчы з бяросты. Гаварылі так: “Пойдзем у бераставіцу”, гэта значыць месца, дзе працуюць майстры. Аднак самай прыгожай з’яўляецца легенда пра Бераста і Тавіцу. Так некалі звалі юнака і дзяўчыну, якія пакахалі адно аднаго. Як часта бывае ў легендах, бацькі былі супраць іх шлюбу, таму маладыя вырашылі пакінуць родны край і адправіліся наладжваць сямейнае жыццё ў нязведаныя мясціны. Яны і заснавалі паселішча, якое з цягам часу пачалі называць Бераст-Тавіца — Бераставіца. Сёння драўляныя скульптуры гэтых легендарных заснавальнікаў райцэнтра ласкава сустракаюць жыхароў і гасцей гарадскога пасёлка ў невялікім скверы.
Скульптуры з’яўляюцца не меншай турыстычнай адметнасцю, чым рэшткі касцёла Дабравешчання, пабудаванага ў пачатку XVII стагоддзя. І ўсё ж самая арыгінальная візітоўка Вялікай Бераставіцы — музей вавёркі. Адкрыты ў кастрычніку 2012 года, ён адразу ж набыў папулярнасць сярод мясцовых жыхароў, асабліва навучэнцаў. Яшчэ б, пераступаючы парог музея, ты трапляеш не ў стандартны раённы гісторыка-краязнаўчы музей, а ў сапраўднае вавёрчына ўладарства. Вавёрка там жыве ручная… Гэта пра яе — маленькую ахоўніцу музейных фондаў, якая жыве ў музеі ў спецыяльнай клетцы і, нібыта касір, сустракае наведвальнікаў.
Экспазіцыя пабудавана так, што ў аповедзе экскурсаводаў пра адметнасці бераставіцкага краю цэнтральнае месца займае жыццё маленькага звярка. Вось вавёрка-касір нібыта прапаноўвае азнаёміцца з інтэрактыўнай картай арэала рассялення сваіх суродзічаў, а вось яна быццам запрашае ў прыродазнаўчы раздзел экспазіцыі, які аформлены ў выглядзе ўчастка бераставіцкага лесу — натуральнага дому вавёркі. У асобным раздзеле прадстаўлены скульптуры, карціны, цацкі з выявай звярка. Завяршае “вавёрчыну” тэматыку геральдычная зала, дзе прадстаўлены гербы гарадоў свету з выявай вавёркі. У гістарычным раздзеле экспазіцыі, прысвечаным мінуламу бераставіцкага краю, таксама прысутнічае выява вавёркі — на гістарычных пячатках Вялікай Бераставіцы.
— Пасля адкрыцця наш музей адразу ж актыўна ўключыўся ў адукацыйна-выхаваўчую работу школ раёна. Супрацоўніцтву з установамі адукацыі спрыяе праект “Любі і знай родны край”, які складалі супрацоўнікі музея і педагогі. У рамках праекта праводзяцца музейныя заняткі “Наш край”, “Што такое музей?”, “Загадкавы лес”, “Узнагароды нашых землякоў”, “Касакоўскія — апошнія ўладальнікі Вялікай Бераставіцы”, конкурс фотаздымкаў “Бераставіччына ў маім фотааб’ектыве”, конкурс эсэ “Мне бабуля расказала…”, конкурс “Знакамітыя ўраджэнцы Бераставіччыны”, гульня-маршрут па музеі, тэматычныя майстар-класы, у тым ліку па геральдыцы, тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, правядзенне раённага тыдня “Музей і дзеці”, — расказваюць дырэктар музея Аляксандр Мікалаевіч Галавач і былы супрацоўнік музея метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкама Наталля Валянцінаўна Лапінская.

Музейнае рашэнне

Стварэнне музея вавёркі — арыгінальны ход для павышэння турыстычнай прыцягальнасці Вялікай Бераставіцы. Падобным цэнтрам турыстычнага паломніцтва, няхай пакуль і рэгіянальнага ўзроўню, могуць стаць не толькі музеі сістэмы культуры, але і сістэмы адукацыі. Для гэтага патрэбна выкананне двух простых правіл. Па-першае, экспазіцыя павінна быць арыгінальна аформлена, а па-другое, яе аснову павінны складаць унікальныя экспанаты, якія не сустрэнеш у іншых музеях. Здаецца, простыя ісціны, аднак ці ўсе кіраўнікі амаль паўтары тысячы школьных музеяў краіны іх прытрымліваюцца? Кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы настаўніца гісторыі Тамара Іванаўна Эйсмант гэтыя правілы ведае і выконвае. Можа, па гэтай прычыне колькасць наведвальнікаў школьнага музея дасягнула 8 тысяч. Сярод унікальных экспанатаў — медная міска 1882 года з сям’і Манастырскіх (прадстаўнікі гэтага роду адкрылі ў Гродне першы кінатэатр); медная кварта пачатку ХІХ стагоддзя; унікальныя прасы, сярод якіх рэдкі паштовы; драўлянае разное крэсла XVIII стагоддзя са скураной асновай з маёнтка Солтанаў, побач крэсла ХІХ, а таксама пачатку ХХ стагоддзя; шкляная кульбака, якая датуецца 1904 годам, шкляная мухалоўка; аптэчка даваеннага перыяду.
— Першапачаткова музей быў адкрыты ў 2004 годзе, аднак у сувязі з рэканструкцыяй школы было вырашана абнавіць і экспазіцыю, надаць ёй больш сучасны выгляд. Перад стварэннем эскіза мы аб’ехалі ўсю вобласць, знаёміліся з вопытам калег. У выніку прыйшлі да высновы, што створым музей па ўласным праекце. Да справы падключыліся многія педагогі. У першую чаргу варта адзначыць настаўніцу працоўнага навучання Наталлю Рычардаўну Галавач. І, канечне, афармленне музея было б немагчымым без асабістага інтарэсу дырэктара школы Вікторыі Рамуальдаўны Кісялеўскай. Цяпер гэта краязнаўчы комплексны музей. Яго экспазіцыя складаецца з 10 раздзелаў: “Ганчарства і кавальства”, “Ткацтва, вышыўка, адзенне”, “Драўляныя вырабы, пляценне”, “Інтэр’ер сялянскага пакоя першай паловы XX стагоддзя”, “Архітэктурная спадчына”, “Гісторыя працоўных калектываў”, “Гісторыя школы”, “Наш край у 1921—1939 гг.”, “Подзвігу народа жыць у стагоддзях”, “Апаленыя полымем вайны ў Афганістане”. Асаблівае месца ў музейнай экспазіцыі адведзена раздзелу “Подзвігу народа жыць у стагоддзях”, матэрыялы якога прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Аповед пра подзвіг савецкага народа прадстаўлены праз лёс нашых землякоў, — расказвае кіраўнік музея.
На базе музея працуе краязнаўчы гурток “Спадчына”. Гурткоўцы актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і конкурсах рэспубліканскіх акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Пацвярджэннем плённай работы з’яўляюцца дыпломы за прызавыя месцы ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У выніку пошукава-даследчай дзейнасці не толькі папаўняюцца музейныя фонды, але і ствараюцца даследчыя работы. Так, у 2013 годзе работа “Патрыятычны ўчынак земляка” заняла 1 месца ў раёне і адзначана дыпломам ІІІ ступені на канферэнцыі даследчых работ у Свіслачы. У 2014 годзе работа “Вызваленне Малой Бераставіцы ў дакументах і ўспамінах” атрымала дыплом ІІ ступені на абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Сёлета, у гадавіну Вялікай Перамогі, малабераставіцкія навучэнцы напісалі тры даследчыя работ, якія таксама былі адзначаны дыпломамі раённага і абласнога ўзроўню: “Савецкі салдат — вызваліцель народаў Еўропы”, “Баявы шлях дырэктара Малабераставіцкай школы Мікалая Мікалаевіча Ластачкіна” і “Загінуў пры вызваленні Малой Бераставіцы”. Ганарацца малабераставіцкія настаўнікі і вучні і сваім земляком, патрыярхам айчыннай гістарычнай навукі, прафесарам Віленскага ўніверсітэта Ігнатам Анацэвічам, якому таксама прысвяцілі даследчую работу.

Свяшчэнны абавязак

Гэта толькі ў песні пяецца, што на граніцы хмары ходзяць пахмурна. Рэальнае жыццё прыгранічнай Бераставіччыны зусім не змрочнае. Найбольш яскрава гэта разумееш напрыканцы мая, калі асаблівы каларыт маляўнічым бераставіцкім узгоркам надаюць жоўтыя дзьмухаўцовыя і рапсавыя палі, а бераставіцкія бярозы выхваляюцца адна перад адной маладой лістотай. Менавіта на Бераставіцкай зямлі найбольш яскрава ўсведамляеш, што за табой нібы на далоні раскінулася маляўнічая і гасцінная беларуская зямля, што яе абарона, у тым ліку абарона словам, — абавязак кожнага з нас.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.