Там, дзе тэорыя знітавана з практыкай

- 15:36Рознае, Якасць адукацыі

Цэнтр створаны сумеснымі намаганнямі БНТУ і Навукова-даследчага інстытута будаўнічых матэрыялаў пры падтрымцы расійскай карпарацыі “ТэхнаНІКОЛЬ”. Ён прызначаны для развіцця прафесіяналізму работнікаў будаўнічай галіны. Плануецца, што за год навучанне ў цэнтры будуць праходзіць каля дзвюх тысяч чалавек.

Новы вучэбны цэнтр плошчай 300 квадратных метраў размешчаны на базе Міжгаліновага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ. Тут абсталяваны вучэбныя стэнды і макеты для адпрацоўкі навыкаў работы з новымі сучаснымі матэрыяламі і тэхналогіямі правільнага мантажу. Ёсць таксама кабінет для тэарэтычных заняткаў, аснашчаны адпаведнымі тэхнічнымі сродкамі навучання.
Як паведаміў кіраўнік адукацыйнага напрамку карпарацыі “ТэхнаНІКОЛЬ” Эльвір Даўлетшын, вучэбны цэнтр разлічаны на шырокую мэтавую аўдыторыю: гэта выкладчыкі і студэнты будаўнічых факультэтаў, рабочыя-будаўнікі, інжынеры, праекціроўшчыкі, спецыялісты, якія займаюцца кантролем якасці, наглядам і эксплуатацыяй будаўнічых аб’ектаў.

Семінары і практычныя заняткі будуць весціся па напрамках: скатныя дахі, плоскія дахі, палімерна-пластыкавыя дахі, падмуркі і падлогі, фасады і г.д. Прапаноўваюцца самыя розныя вучэбныя праграмы працягласцю ад 8 да 40 гадзін. Выкладаць будуць спецыялісты Міжгаліновага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ, а таксама супрацоўнікі карпарацыі “ТэхнаНІКОЛЬ”.
Прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Цыганоў адзначыў, што ў цэнтры змогуць вучыцца не толькі студэнты БНТУ, але і прадстаўнікі рэгіянальных устаноў, дзе ёсць будаўнічыя спецыяльнасці. “Дзякуючы гэтаму цэнтру ўмацоўваецца ланцужок паміж адукацыяй, навукай і вытворчасцю. Тут студэнты могуць знаёміцца з перадавымі дасягненнямі інжынернай і будаўнічай думкі, а тыя, хто ўжо працуе ў будаўніцтве, — абнаўляць свае веды, — заўважыў Аляксандр Рымавіч.
“Адукацыя, навука і вытворчасць — гэта той трыумвірат, які забяспечвае якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, — падтрымаў калегу дырэктар Міжгаліновага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БНТУ Віктар Іваноў. — Будучы судовым экспертам па будаўніча-тэхнічнай экспертызе і займаючыся многія гады абследаваннем збудаванняў, я магу запэўніць, што ў будаўніцтве не існуе больш важных элементаў, чым гідраізаляцыя. Ад гэтага залежыць экалагічны стан і знешні выгляд будынкаў, захаванне цяпла, даўгавечнасць канструкцыі і нават мікраклімат у кватэрах. Калі мы карысталіся старымі гідраізаляцыйнымі матэрыяламі (такімі, напрыклад, як бітум), будаўнікі нярэдка атрымлівалі тэрмічныя апёкі, губілі фасады і г.д. І ўсё змянілася, калі з’явіліся новыя сучасныя матэрыялы. Хаця, як і раней, якасць гідраізаляцыйных работ у многім залежыць ад кваліфікацыі праекціроўшчыкаў і рабочых”.
Адметна, што адкрыццё вучэбнага цэнтра БНТУ не абмежавалася разразаннем чырвонай стужкі. Удзельнікам цырымоніі паказалі, як дзейнічаюць вучэбныя стэнды і макеты, а потым у новым кабінеце для тэарэтычных заняткаў быў арганізаваны круглы стол, дзе спецыялісты абмеркавалі праблемы якасці падрыхтоўкі кадраў для будаўнічай галіны.

“Адкрыццё вучэбнага цэнтра на базе БНТУ азначае якасна новае супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі, навукі і вытворцамі будаўнічых матэрыялаў, — гаворыць генеральны дырэктар СП ААТ “Кровля” (Асіповічы) Раман Бардаш. — Цяпер у будаўнікоў ёсць унікальная магчымасць атрымаць веды пра самыя сучасныя тэхналогіі і асвоіць іх на практыцы. А гэта значны крок наперад, які дае надзею на развіццё ўсёй будаўнічай галіны нашай краіны. Карпарацыя “ТэхнаНІКОЛЬ” займаецца не толькі вытворчасцю высакаякасных, даўгавечных будаўнічых матэрыялаў, але і садзейнічае ўкараненню новых інавацыйных тэхналогій. І тое, што будаўнікі змогуць асвойваць усе гэтыя ноу-хау, будзе спрыяць павышэнню агульнага ўзроўню якасці будаўніцтва і зніжэнню выдаткаў у далейшай эксплуатацыі”.
Як заўважыў віцэ-прэзідэнт карпарацыі “ТэхнаНІКОЛЬ” Яўген Войлаў, сёння недастаткова мець якасныя будаўнічыя матэрыялы, трэба, каб былі правільныя праектныя рашэнні і якаснае, надзейнае будаўніцтва. Разуменне важнасці таго, што ўсё залежыць ад прафесіяналізму выканаўцаў, падштурхнула кіраўніцтва карпарацыі да адкрыцця вучэбных цэнтраў. За апошніх 8 гадоў іх было адкрыта дзесяць, і навучанне там прайшлі каля 40 тысяч чалавек. І вось цяпер з’явіўся 11-ы цэнтр — у Мінску.
“Нашы вучэбныя цэнтры ў розных гарадах ужо даказалі сваю эфектыўнасць, — гаворыць Яўген Войлаў. — Для студэнтаў — гэта веданне сучасных энергаэфектыўных матэрыялаў і рашэнняў, для падрадчыкаў — уменне працаваць з новымі тэхналогіямі і высокая прадукцыйнасць працы. Мы зразумелі, што будучыня будаўніцтва зараджаецца менавіта ў навучальных установах”.

“Сучасныя будаўнічыя матэрыялы вельмі якасныя, і важна іх не сапсаваць, а для гэтага патрэбны сучасныя тэхналогіі і падрыхтаваныя выканаўцы, — адзначыў Віктар Пятровіч Іваноў. — Дах існуе ў вельмі складаных умовах. Калі, напрыклад, на дачы вы забудзеце выліць ваду з пластмасавага вядра, то зімой яно размерзнецца. Дык гэта ўсяго толькі вядро. А дах — гэта велізарная плошча, часам да некалькіх гектараў. На яго ўплывае і сонечная радыяцыя, і ветравая эрозія, і замарожванне-адтайванне вады і г.д. Любая шчыліна і дрэнна злітаваны матэрыял могуць прывесці да страт цяпла і разбурэння сцен. Дзяржава нясе велізарныя страты менавіта на рамонце дахаў — і гэта самы востры вугал у будаўніцтве. Таму, калі карпарацыя “ТэхнаНІКОЛЬ” выйшла да нас з прапановай стварыць такі вучэбны цэнтр, мы адразу пагадзіліся. Без сумненняў, гэта пойдзе на карысць будаўнічай галіне”.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.