Танцавальная “Мядуначка”

- 12:41Культура

У канцы красавіка ў сталічным Палацы культуры імя М.Ф.Шарко адбыўся канцэрт харэаграфічнага ансамбля “Мядуначка” дзіцячай школы мастацтваў № 2 Мінска. Гледачы былі ўражаны як высокім майстэрствам юных танцораў, так і іх любоўю да народнага танца, якой яны змаглі падзяліцца і з прысутнымі ў зале.

У школе мастацтваў працуе амаль 40 настаўнікаў, прычым гэта не проста спецыялісты з педагагічнымі дыпломамі, а вопытныя рэжысёры і акцёры, культуролагі і мастацтвазнаўцы, музыканты і спевакі, харэографы і танцоры. Кожны з іх імкнецца раскрыць прыродныя таленты вучняў, перадаючы ім свае веды і ўменні. Адзін з такіх педагогаў — мастацкі кіраўнік ансамбля “Мядуначка” настаўніца класа з паглыбленным вывучэннем беларускага танца А.Кузнік. “Алена Міхайлаўна — вельмі дасведчаны і арганізаваны педагог, вялікі прафесіянал, які ўмее правільна пабудаваць работу не толькі са сваімі выхаванцамі, а і з іх бацькамі, якія становяцца яе памочнікамі ў арганізацыі канцэртаў і паездак”, — адзначыла дырэктар школы Людміла Семіжон.

Першых вучняў у клас з паглыбленым вывучэннем беларускага танца набралі ў 2016 годзе, сёння яны выпускнікі. Натуральна, што разам з адкрыццём такога класа з’явіўся і адпаведны калектыў. Алена Кузнік доўга шукала назву для яго, а калі знайшла, то і слоган нарадзіўся: “Як лекавыя травы вылечваюць ад хваробы, так і наша “Мядуначка” напаўняе душы і сэрцы любоўю і прыгажосцю. Як ад кветкі застаецца прыемны водар і ўспамін, так і ад нашага ансамбля застаецца добрае ўражанне, — патлумачыла педагог. — Існуе народная песня “Мядуначка”, танец да якой мы толькі пачалі рыхтаваць, але я ўпэўнена, што і ён стане нашай візітоўкай”.

А.Кузнік ансамбля падкрэслівае, што іх ансамбль хоць і зусім малады, аднак яе выхаванцам ужо ёсць што сказаць на сцэне, бо гэтаму вельмі садзейнічае грунтоўнае навучанне ў школе мастацтваў. “Нашы дзеці вывучаюць і класічны танец, і народна­-сцэнічны, і гісторыка­-бытавы, і іншыя дысцыпліны, у сувязі з чым узровень іх падрыхтоўкі вельмі высокі, — дадала Алена Міхайлаўна. — Зараз мы зноў праводзім набор дзяцей, бо нашы юныя танцоры вырастаюць вельмі хутка і ім на змену павінны прыходзіць малыя. А таму вельмі хочацца, каб да нас зноў прыйшлі таленавітыя 7—9­-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі на 5 гадоў навучання, гатовыя займацца нацыянальным традыцыйным танцам. Дарэчы, калі праводжу адкрытыя ўрокі, то заўсёды гавару бацькам, што калектываў сучасных танцавальных напрамкаў мноства, а вось нацыянальных менш, што калі выязджаем за мяжу з дзецьмі, а мы былі ў Італіі, Польшчы, Балгарыі, Расіі, то ўсім цікавы менавіта народны танец. І я лічу, што ім трэба займацца на высокім узроўні, каб потым гледачы гаварылі, што выступленне было смачным і прыгожым”.

Менавіта такім, “смачным і прыгожым”, атрымаўся сёлетні справаздачны канцэрт “Мядуначкі” 28 красавіка ў сталічным Палацы культуры імя М.Ф.Шарко. “Гэта было рызыкоўнае мерапрыемства ў час пандэміі, бо, калі б нехта захварэў, знайсці яму замену было б амаль немагчыма. Дзякуй богу, ні­хто не выбыў са строю, — сказала кіраўнік ансамбля. — Канцэрт быў вельмі важны і для дзяцей, і для бацькоў, і для нас, педагогаў, бо даў разуменне, што нават у такой няпростай сітуацыі мы можам выйсці на сцэну і атры­маць эмацыянальны зарад, паказаўшы вынік нашай плённай працы гледачам, падарыўшы ім нашу любоў да нацыянальнага танца і песні, бо разам з намі выступалі нашы добрыя сябры — вакальна­-фальклорны ансамбль “Сунічка” на чале з Валянцінай Паліцынай”.

Хоць канцэрт атрымаўся стандартным па працягласці — адна гадзіна 20 мінут, затое складаўся з больш як 20 нумароў, сярод якіх былі як усім вядомыя “Лявоніха”, “Юрачка”, “Мітусь”, “Крыжачок”, “Таўкачыкі”, полька “Крутуха”, так і ўласныя пастаноўкі А.Кузнік: жартоўныя танцы “Полька з салаўём”, “Гарэзныя скокі”, “Кірмаш”, “Рэчанька” і інш. “Кожны танец — нібы маленькая пастаноўка, — сцвярджае Л.Семіжон. — На жаль, сёння народны танец не асабліва папулярны, але тое, як яго выконвае “Мядуначка”, зачароўвае. У кожным нумары прысутнічае свая драматургія, атрымліваецца свайго роду міні­-спектакль з касцюмамі, рэквізітам і нават часам сцэнічным словам, таму гля­дзець заўсёды вельмі цікава”.

Дарэчы, што тычыцца касцюмаў, якія сапраўды вельмі прыгожыя, то А.Кузнік стварае іх, прытрымліваючыся ўсіх канонаў, яе настольнай кнігай нават з’яўляецца выданне Міхася Раманюка “Беларускія народныя строі”. “Як у харэаграфіі, так і ў касцюме трэба прытрымлівацца стылю і густу. Ведаеце, я нават скончыла гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка­-культурнай спадчыны”, таму што мяне неверагодна цікавіў гістарычны нацыя­нальны касцюм, — расказала кіраўнік “Мядуначкі”. — А яшчэ я 22 гады выступала як артыстка балета Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, таму сёння ў адукацыйным працэсе мы выкарыстоўваем менавіта іх матэрыял”.

“Мядуначка” — пастаянны ўдзельнік разнастайных мерапрыемстваў, як гарадскіх, так і рэспубліканскіх, часты госць міжнародных фестываляў. І хоць апошнія дасягненні нешматлікія: 1­-е месца на Міжнародным конкурсе “Я талент”, 3­-е — на міжнародным фэсце Art motion, фіналіст фестывалю народнай творчасці “Сузор’е”, але, безумоўна, наперадзе яшчэ шмат перамог. Галоўнае зараз — набраць новых вучняў, асабліва хлопцаў. “На жаль, у нас мала хлопчыкаў. У 2 класе ўсяго толькі чацвёра і 15 дзяўчынак, а ў выпускным — 2 юнакі і 16 дзяўчат. Дарэчы, усе нашы сёлетнія выпускнікі пага­дзіліся ў наступным навучальным годзе займацца ў ліцэйскім класе, бо калі аднойчы палюбіў нацыянальнае мастацтва, то гэтае пачуццё захаваецца на ўсё жыццё, — падзялілася думкамі Алена Кузнік. — Сваім выхаванцам я імкнуся не толькі даць высокі ўзровень пад­рыхтоўкі, майстэрства, а і прывіць ім сапраўдную любоў і высокі густ да народнага танца, каб яны маглі данесці гэта да іншых. А таму і педагог павінен гарэць сваёй справай, бо калі ты сам неабыякавы і робіш усё, каб твае вучні былі лепшымі, так яно і будзе. Нас­таўнік павінен захапляць сваіх выхаванцаў!”

Менавіта такія настаўнікі і працуюць у сталічнай школе мастацтваў № 2, дзе спалучаюцца высокі прафесіяналізм, традыцыі педагогікі і сучасныя мастацкія напрамкі. Сумесная творчасць і дакрананне да прыгожага аб’ядноўвае выкладчыкаў і навучэнцаў. “Наша школа — гэта свет бясконцай творчасці і фантазіі, у якім асоба, думкі і пачуцці дзіцяці абавязкова будуць увасоб­лены ў музыцы і танцы, прачытаныя творы перанесены на тэатральную пляцоўку, а маляўнічыя вобразы дзяцінства назаўсёды застануцца ўвасобленымі ў карцінах. Канцэрты, сустрэчы, адкрыцці нашых вучняў, этапы іх сталення — усё гэта напаўняе жыццё школы, — акцэнтавала ўвагу Людміла Семіжон. — Дарэчы, 27 мая ў Палацы культуры імя М.Ф.Шарко адбудзецца наш школьны справаздачны канцэрт, запрашаем і вас на яго, каб на свае вочы пабачыць, як раскрываюцца таленты нашых вучняў”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Алены Кузнік.