Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам, заснаваны заслужаным трэнерам нашай краіны Валерыем Кірылавічам Каламійцам, на працягу 19 гадоў рэалізуе праект па сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў праз заняткі танцамі, спортам, праз пасільную працу і прагулкі на ўлонне прыроды. Галоўная мэта праекта — вярнуць людзям, якія не могуць хадзіць, радасць жыцця, навучыць іх пераадольваць свае нягоды з большым аптымізмам. У спецыялізаваным танцавальна-аздараўленчым цэнтры фонду прафесіянальныя трэнеры робяць усё, каб найбольш поўна раскрыць індывідуальныя фізічныя магчымасці інвалідаў. І вынік ёсць: дзякуючы заняткам у цэнтры некаторым спартсменам-інвалідам удалося стаць чэмпіёнамі нават міжнароднага ўзроўню. У апошнія гады праект ахапіў і людзей з сіндромам Даўна і ДЦП.
Комплексная рэабілітацыя для інвалідаў
Танцавальна-аздараўленчы цэнтр Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам размешчаны ў пасёлку Калодзішчы пад Мінскам. На базе цэнтра праходзяць вучэбна-трэніровачныя зборы спартсменаў. Ён ажыццяўляе падрыхтоўку зборнай каманды нашай краіны па спартыўных танцах на калясках да чэмпіянатаў свету і Еўропы, праводзіць сумесныя з Беларускай федэрацыяй танцаў і мастацкай гімнастыкі на інвалідных калясках семінары і трэніроўкі. Спартыўныя каманды з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Малдовы, Польшчы і іншых краін праходзяць тут і курс комплекснай рэабілітацыі, у аснове якога таксама заняткі танцамі.
— У 1990 годзе я ездзіў у Германію ў камандзіроўку, галоўнай мэтай якой было вывучэнне работы цэнтраў рэабілітацыі інвалідаў гэтай краіны. У прыватнасці, наведаў нямецкі нацыянальны саюз спартсменаў-інвалідаў, вопыт якога прааналізаваў даволі сур’ёзна. Вярнуўся на радзіму з задумай — увасобіць некаторыя пачутыя ідэі ў нас. Як працяг маіх роздумаў — з’яўленне ў 1991 годзе Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам, — расказаў Валерый Кірылавіч Каламіец. — Да думкі аб стварэнні праграмы па навучанні танцам на інвалідных калясках прыйшоў у 1995-м пасля наведвання Кубка свету ў Галандыі па гэтым відзе спорту. Зразумеў, што сістэма сацыяльнай рэабілітацыі дасць добры вынік. Пасля былі актыўныя дзеянні ў гэтым кірунку, якія адразу ж ацанілі і сталі пераймаць расійскія калегі. З 1996 года спартсмены з Беларусі і Расіі не прапусцілі ніводнага міжнароднага конкурсу па спартыўных танцах на інвалідных калясках. Менавіта ў Мінску ў 2003 годзе прайшоў чэмпіянат Еўропы, а ў 2008 годзе — чэмпіянат свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках.
У 2002 годзе Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам пры падтрымцы ўрада Масквы і прэфектуры Цэнтральнай акругі Масквы распрацаваў праграму па комплекснай сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў праз танцы, пасільную працу і зносіны з прыродай. Мадэль рэабілітацыі, якая прапануецца ў праграме, была разгледжана на пяці пасяджэннях саветаў СНД і рэкамендавана для выкарыстання ў краінах постсавецкай прасторы. Пазней беларуска-расійская праграма рэабілітацыі інвалідаў была прадстаўлена на Першым еўрапейскім танцавальным сацыяльным кангрэсе ў Германіі, дзе атрымала самую высокую ацэнку.
Усім, хто сёння прыязджае ў рэабілітацыйны цэнтр у Калодзішчах, прапаноўваецца насычаная праграма: заняткі спортам, харэаграфіяй, экскурсіі па Беларусі, заняткі дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, гутаркі з псіхолагам, а таксама рыбалка, пасядзелкі каля вогнішча, прагулкі на прыродзе, у тым ліку паходы ў лес па грыбы і ягады, работа ў цяпліцы, догляд кветак, свойскіх жывёл і г.д.
За час рэалізацыі праграмы больш як 2000 інвалідаў Масквы і тысячы беларускіх інвалідаў-калясачнікаў прайшлі рэабілітацыю ў цэнтры.
Сярод удзельнікаў, а лепш сказаць, выхаванцаў беларуска-расійскага праекта, — цэлая плеяда беларускіх, расійскіх, украінскіх прызёраў чэмпіянатаў па спартыўных танцах на інвалідных калясках. Толькі нашымі суайчыннікамі-танцорамі на міжнародных конкурсах заваявана больш як 70 медалёў рознай вартасці. Пры адкрыцці цэнтра ў самым першым заездзе трэніравалася Ірына Гардзеева, якая пасля неаднаразова станавілася чэмпіёнкай і прызёрам чэмпіянатаў свету, Еўропы і кубкаў свету па спартыўных танцах на калясках. Яна стала і заслужаным майстрам спорту Расійскай Федэрацыі. Сярод самых знакамітых нашых выхаванцаў двухразовая чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь па гэтым відзе інваспорту неаднаразовая чэмпіёнка і прызёр зімовых і летніх Параалімпійскіх гульняў Людміла Волчак.
— Мы імкнёмся да таго, каб наведвальнікаў цэнтра, а значыць, і ўдзельнікаў праграмы, станавілася ўсё больш, — адзначае Валерый Каламіец. — Бюджэтнага фінансавання фонд не мае. Асноўныя крыніцы нашых даходаў — выручка ад дзейнасці арганізацый, якія належаць фонду (адной са стаматалагічных мінскіх паліклінік і танцавальна-аздараўленчага цэнтра), а таксама гуманітарная дапамога. Фонд таксама пастаўляе на экспарт сацыяльныя паслугі. Нямногія арганізацыі краіны ажыццяўляюць такую дзейнасць. Такім чынам мы зарабляем грошы і на бягучыя расходы, і на ўласныя праекты і праграмы, і на падрыхтоўку беларускіх спартсменаў да чэмпіянатаў па танцах на калясках, у тым ліку і на падрыхтоўку навічкоў.
На Захадзе такое сацыяльнае прадпрымальніцтва сёння вельмі актыўна развіваецца. Яго падтрымліваюць інвестары і спонсары. Менавіта ў з’яўленні новых сацыяльна арыентаваных праектаў я бачу вялікія перспектывы для далейшага развіцця нашага фонду.
Ёсць у мяне мара аб адкрыцці ў нашай краіне цэнтраў танцавальнай тэрапіі для самых розных катэгорый людзей з інваліднасцю. Танцы ў поўнай меры раскрываюць духоўны і фізічны патэнцыял людзей з абмежаваннямі, падказваюць, да якога віду спорту ў іх здольнасці. Назіраючы за сваімі падапечнымі падчас заняткаў, я ў думках раблю пэўны адбор: “Гэты малады чалавек можа займацца лёгкай атлетыкай у інваспорце, а вось гэтая дзяўчына праявіць сябе ў плаванні ці фехтаванні”.
Адчуць сябе птушкай у небе
Медалі са спаборніцтваў, атрыманыя нашымі спартсменамі, не самы галоўны вынік дзейнасці і дасягненне фонду. Важна тое, што ў соцень людзей на калясках з’яўляецца радасць і прага да жыцця. Заняткі танцамі ў нашым цэнтры пасадзейнічалі стварэнню 20 шлюбаў. У некаторых сем’ях ужо нарадзілася па трое дзяцей. Ёсць сярод спартсменаў і тыя, каго танцы літаральна вярнулі да жыцця, прычым не толькі ў фізічным плане, але і ў псіхалагічным.
…Пасля агнястрэльнага ранення ў пазваночнік і праходжання курсаў рэабілітацыі па танцах Люба Мохар з Целяханаў аднавіла сваё здароўе. Яна выйшла замуж, у яе нарадзіліся дачка і сын. Жанчына чакае трэцяе дзіця.
…Алега Зыранава збіў аўтамабіль. Людзі, якія ў ім знаходзіліся, спрабавалі схаваць сляды ДТЗ, пагрузілі Алега (ён быў у непрытомнасці) у сваю машыну, пад’ехалі да чыгункі і кінулі пад цягнік. Цудам Алег выжыў, але пазбавіўся абедзвюх ног. Пасля працяглага лячэння ён нейкі час жыў у рэабілітацыйным цэнтры. Стаў трохразовым чэмпіёнам Беларусі па танцах на калясках. Танцамі захапляецца разам з жонкай Галінай Каспяровіч.
…Віктар Лемяшкевіч, працуючы электрамантажнікам у сістэме Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, быў траўміраваны электратокам і ўпаў з дзевяціметровай вышыні. Яго жонка Людміла Хаткевіч таксама атрымала калісьці цяжкую траўму, яна паслізнулася, вяртаючыся з работы. З Віктарам яны пазнаёміліся ў танцавальным цэнтры, пражылі там каля двух гадоў, разам трэніраваліся. Віктар і Людміла — неаднаразовыя чэмпіёны Беларусі па танцах на калясках. Яны паспрабавалі свае сілы і ў фехтаванні на калясках. Віктар стаў чэмпіёнам France Open, а Людміла выканала нарматыў майстра спорту і выступае за зборную каманду Беларусі па фехтаванні, з’яўляецца сярэбраным прызёрам этапаў Кубка свету.
Адзін з кірункаў комплекснай рэабілітацыі людзей на калясках, які практыкуецца ў цэнтры, — скачкі з парашутам. Са сваёй просьбай адносна скачкоў з парашутам Валерый Кірылавіч у свой час звярнуўся да старшыні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання ДТСААФ Рэспублікі Беларусь І.В.Дырмана, а таксама да начальніка Мінскага аэраклуба ДТСААФ (на аэрадроме “Баравая”) М.П.Мачанскага, і яны пайшлі насустрач. З 2012 года некаторыя ўдзельнікі праекта па навучанні танцам на калясках здзяйсняюць скачкі з парашутам разам з вопытнымі інструктарамі з вышыні 2700, 3500 і 4000 метраў. Уражвае, што ў людзей, чые фізічныя магчымасці абмежаваныя, рэсурсы характару і сілы духу не маюць ніякіх межаў.
“Здзяйсняючы такі скачок, я адчуваю сябе птушкай, якая лунае ў небе. Я ўдзячна лёсу, што зведала такое неперадавальнае адчуванне!” — гаворыць Ганна Сірацюк — двухразовая чэмпіёнка Еўропы, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў свету, пераможца Кубка свету 2014 года па спартыўных танцах на калясках.
“Калі раскрываецца парашут, адзіная думка: адчуць гэта яшчэ раз”, — усхвалявана паведаміла Нурсіна Галіева — бронзавы прызёр Кубка свету 2014 года па спартыўных танцах на калясках.
Мара Валерыя Каламійца — сумесна з ДТСААФ Рэспублікі Беларусь і мінскім аэраклубам стварыць вучэбны цэнтр па навучанні людзей на калясках танцам і скачкам з парашутам.
Праграма атрымала развіццё
Праграма сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў працягвае сваё развіццё: у 2012 годзе да яе далучыліся дзеці і моладзь з сіндромам Даўна з Расіі. Некалькі дзён назад з цэнтра ў Калодзішчах ад’язджалі масквічы: 22 дзіцяці з сіндромам Даўна і іх бацькі, якія ўваходзяць у расійскую рэгіянальную грамадскую арганізацыю інвалідаў “Час перамен”. Сюды яны прыязджалі ўжо трэці раз.
Старшыня арганізацыі Раіса Сяргееўна Лазарава адзначыла, што адпачынак у Калодзішчах быў даступным для іх па кошце (на аднаго чалавека ў суткі расходавалася 1350 расійскіх рублёў), што атмасфера ў цэнтры вельмі ўтульная. Побач — лес, чыстае паветра, але тэрыторыя цэнтра агароджана, таму госці адчувалі сябе ў бяспецы. Вельмі спадабаліся заняткі з выкладчыкамі. Дзякуючы іх прафесіяналізму дзеці сталі больш камунікабельнымі, хаця некаторыя спачатку паводзілі сябе вельмі няўпэўнена. Дзякуючы калектыўным заняткам многія набылі новыя для сябе ўменні і навыкі. Хтосьці менавіта ў цэнтры ўпершыню пачаў танцаваць.
Праграма рэабілітацыі і аздараўлення гасцей з Масквы была складзена з улікам іх патрэб і асаблівасцей. Яна прадугледжвала танцавальна-музычныя заняткі. Дзеці прымалі ўдзел у афармленні сцэны, у спектаклях, яны з задавальненнем гулялі ў розныя гульні: музычныя пальчыкавыя, крокавыя і скачковыя, займаліся творчасцю. Прыкладныя заняткі былі заснаваны на развіцці мікра- і макраматорыкі, каардынацыі рухаў, арыентацыі ў прасторы. Акрамя таго, праводзіліся заняткі па псіхалогіі, розныя выязныя пазнавальныя мерапрыемствы. Дзеці працавалі па сваіх сілах, прыбіралі за сабой пасля гульняў, вучыліся гатаваць ежу. Не сумавалі і бацькі, яны таксама побач са сваімі дзецьмі асвойвалі новыя танцавальныя рухі.
У якасці выкладчыкаў у цэнтры працуюць трэнеры па спорце, псіхолагі, інструктары па прафесійным навучанні, выкладчыкі ўніверсітэтаў, а таксама інваліды-калясачнікі, сярод іх ёсць чэмпіёны спаборніцтваў самых розных узроўняў.
У гэтым заездзе заняткі па рукадзеллі і творчасці для дзяцей з сіндромам Даўна праводзіла беларуска Наталля Астаніна — студэнтка Маскоўскага дзяржаўнага гуманітарна-эканамічнага ўніверсітэта, якая атрымлівае спецыяльнасць псіхолага-педагога інклюзіўнай адукацыі. У цэнтры яна трэніруецца пастаянна, а зараз яшчэ і праходзіць тут практыку. Наталля — неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў нашай краіны па спартыўных танцах на калясках, стала дзявятай і на Кубку свету. Працавала з масквічамі і Дар’я Кульш (чэмпіёнка Еўропы, пераможца Кубка свету) — студэнтка БДПУ імя Максіма Танка. Выкладчыкам і інструктарам была таксама чэмпіёнка Ганна Сірацюк.
Яўген Ярмошка, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, ужо трэці год выкладае для дзяцей з сіндромам Даўна асновы харэаграфіі, развучвае з імі танцы. Яму дапамагае другі трэнер Саша Ляховіч — таксама студэнт універсітэта культуры.
Валерый Кірылавіч расказаў аб тым, што 31 ліпеня, 1 і 2 жніўня ў Калодзішчах адбудзецца Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўных танцах на інвалідных калясках.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.