Танцуем з “Мінскай восенню”

У мінулыя выхадныя ў сталіцы восень была, так бы мовіць, двайной, а ўсё таму, што 20 кастрычніка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па танцавальным спорце “Мінская восень — 2019”. Высокі ўзровень спаборніцтваў прадугледжвае выступленні моцных сапернікаў. У гэтым пераканаліся члены журы, якім было няпроста выбраць пераможцаў з больш як 800 чалавек.

Cпаборніцтвы праходзілі па 27 катэгорыях. Яны адрозніваліся ўзрос­там удзельнікаў, узроўнем іх падрыхтоўкі і відамі танцаў. Дзеці, юніёры, моладзь і дарослыя. Пачынаючыя танцоры і прафесійныя. Вальс, танга, самба, румба і інш. Такой была “Мінская восень — 2019”.

На турнір прыехалі спартсмены з Гомеля, Гродна, Магілёва, Мінска, Маладзечна, Слуцка, Асіповіч, Жодзіна, Жлобіна, Фаніпаля, Радашковіч і Чысці. Найбольшую колькасць пар прадставіў танцавальна-спартыўны клуб “Дуэт” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Сярод яго танцораў — 5 пар пераможцаў, 12 пар прызёраў і 15 пар фіналістаў. Такія ж высокія вынікі паказалі гродзенскія танцавальныя клубы “Грацыя” і “Імперыя”, гомельскія — Dancer, “Дзесяць рытмаў” і “Прафесіянал”, а таксама мінскія — “Элеганс”, “АртМіс”, “Галактыка”, “Мадэрн”, “Натхненне”, “Факстрот” і “Капрыз”.

У гэтым годзе турнір быў юбілейным — 20-м. За такі доўгі час існавання ён не страціў свайго прэстыжу, а гэта значыць, што танцавальны спорт выклікае цікавасць у беларусаў, прычым не толькі ў саміх спартсменаў, але і ў гледачоў, якія з радасцю прыходзяць паназіраць за міксам з яркіх убораў, адточаных рухаў і эмацыянальных усплёскаў.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.