Танцы на “Тытаніку”

- 15:27Культура

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр наўрад ці можна назваць прыхільнікам эксперыментаў і творчай рызыкі. Вялікую частку яго рэпертуару складае класіка сусветнай аперэты і савецкага музычнага тэатра. Новыя сучасныя назвы ўзнікаюць у афішы не вельмі часта, і, за выключэннем пастановак на музыку беларускіх кампазітараў, гэта ўжо апрабаваныя за мяжой творы. Варта згадаць хаця б мюзіклы “Джэйн Эйр” Кіма Брэйтбурга ці “Трыстан ды Ізольда” Алана Сімона. Таму з’яўленне ў рэпертуары тэатра балета “Тытанік”, пастаўленага маладым харэографам Сяргеем Мікелем, нядаўнім выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і вучнем Валянціна Елізар’ева, падзея нешараговая і вартая ўвагі.

Маладыя балетмайстры рэдка ставяць на акадэмічных сцэнах, але сам па сабе ўхвальны факт таго, што тэатр дэманструе давер да харэографа-пачаткоўца ды папаўняе афішу арыгінальным балетным спектаклем на музыку беларускага кампазітара Алега Хадоскі, а не чарговым прыкладам эрзац-класікі. Аднак гэта, на жаль, не гарантыя з’яўлення высокамастацкага твора.

“Тытанік”, першыя паказы якога прайшлі ў сярэдзіне ліпеня, стаў другой работай Сяргея Мікеля на сцэне музычнага тэатра. Прэм’ера яго дэбютнай пастаноўкі, балета “Вішнёвы сад”, таксама на музыку Хадоскі, адбылася мінулай вясной. Спектакль аказаўся дастаткова годным, увайшоў у рэпертуар тэатра, а малады балетмайстар быў залічаны ў штат. Вырашаны ў рэчышчы неакласікі, “Вішнёвы сад” не абазначыў прынцыпова новыя гарызонты ў развіцці балетнага мастацтва, аднак для першай самастойнай поўнафарматнай пастаноўкі спектакль выглядаў прыстойна. У балеце найбольш удалымі і выразнымі былі дуэты і харэаграфічныя маналогі, асабліва фінальны, Ранеўскай. Магчыма, крыху па-вучнёўску, але ўпэўнена былі пастаўлены масавыя танцавальныя сцэны. Адчуваўся ў “Вішнёвым садзе” і ўплыў Валянціна Елізар’ева, асабліва ў падтрымках, харэаграфічнай мове асобных персанажаў, напрыклад, Лапахіна, а па сваёй эстэтыцы спектакль нагадваў “Анюту” Валерыя Гаўрыліна-Уладзіміра Васільева. Пры асобных недахопах, якія лёгка тлумачацца нястачай вопыту, першы балет Мікеля абнадзейваў, дэманстраваў відавочны талент і патэнцыял маладога балетмайстра. У “Тытаніку”, на жаль, праблемныя моманты, якія звярталі на сябе ўвагу ў “Вішнёвым садзе”, узмацніліся, а для лепшых, моцных бакоў месца практычна не засталося.

Адной з асноўных праблем “Вішнёвага саду” была празмерная нават для сюжэтнага балета апавядальнасць, няўменне пастаноўшчыка адабраць найбольш важныя для яго канцэпцыі сюжэтныя лініі, вузлавыя моманты дзеяння і далей ужо працаваць з імі, вырашаць іх праз харэаграфію. Магчыма, тут адыграла ролю жаданне перанесці на балетную сцэну ўвесь тэкст, не страціць ні драбінкі сэнсу, магчыма, харэографу крыху не хапіла смеласці, каб стварыць сваю інтэрпрэтацыю “Вішнёвага саду”. І тут яго можна зразумець. У “Тытаніку” ж усё інакш.
Вялікая колькасць даступных матэрыялаў, звязаных з катастрофай, дае багата магчымасцей для стварэння арыгінальнай гісторыі, але ж пастаноўшчык чамусьці імі не скарыстаўся. Верагодна, немалую ролю ў гэтым адыграла амбіцыйнасць (мяркую, перадусім тэатра, а не асабіста Мікеля) і жаданне прыцягнуць публіку не толькі знаёмай назвай, але і сюжэтам. Згодна з інфармацыяй, якую распаўсюджваў музычны, ідэя звярнуцца да трагедыі “Тытаніка” належала дырэкцыі тэатра. Аўтарам лібрэта, у аснове якога — “гісторыі людзей, чые жыцці былі абарваны катастрофай”, значыцца Сяргей Мікель, але тут ёсць вялікае пытанне. Лібрэта ці не крок у крок паўтарае фабулу аднайменнай стужкі Джэймса Кэмерана. І з гэтага нараджаецца асноўная праблема пастаноўкі: спрабуючы літаральна перавесці кіно на мову балета, Сяргей Мікель і тэатр, які гэтую ідэю ці то ініцыіраваў, ці то падтрымаў, атрымліваюць сумны вынік. Асноўны сэнс спектакля, абазначаныя як важныя для пастаноўшчыка аспекты і дэталі, утрымлівае ў сабе ні харэаграфія, ні музыка, дарэчы, самы моцны бок “Тытаніка”, а… праграмка балета. Толькі з яе ў шэрагу сцэн можна дакладна даведацца, хто такія героі, што адбываецца на сцэне і які гэта мае сэнс. Сцэнічнае ж дзеянне на працягу значнай часткі спектакля ператвараецца ў ілюстрацыю да праграмкі. Танец у балеце, як гэта не прыкра, існуе пераважна ў выглядзе літаральнага танца: у салоне для першага класа ці ў каютах трэцяга. Харэаграфічныя маналогі, якія б давалі характарыстыку героям, дуэты, дзе раскрываліся б іх адносіны і пачуцці, можна пералічыць па пальцах. Сумніўна, што гэта выклікана бракам падрыхтоўкі балетнай трупы, бо ў тым жа “Вішнёвым садзе” колькасць і складанасць харэаграфічнага матэрыялу, з якім артысты спраўляліся нядрэнна, была большай. Самае ж непрыемнае, што адзін з цэнтральных дуэтаў галоўных герояў Маргарэт (Алена Германовіч) і Джэймса (Цімафей Вайткевіч) пастаўлены на музыку кампазіцыі з кінастужкі “Тытанік” My heart will go on. Гэта ператварае нядрэнны па харэаграфіі нумар ва ўстаўны, разбурае мастацкую цэласнасць спектакля і, самае галоўнае, робіць з балета не самастойны твор мастацтва, а не высокай якасці падробку пад аскараносную стужку, у значнай ступені абясцэньвае работу пастановачнай групы. Навошта спатрэбілася гэтая няўдалая “цытата” з кіно, зразумець складана, бо ў музыцы, напісанай Алегам Хадоскам для балета, ёсць фрагменты, якія б выдатна падышлі да лірычнага дуэта-адажыа.

Яшчэ адно пытанне, якое ўзнікае да “Тытаніка”, звязана з дэклараванай пабудовай лібрэта на аснове гістарычных фактаў і цытаваннем асобных з іх. Мяркуючы па ўсім, гістарычныя факты ў спектаклі застаюцца толькі на ўзроўні імёнаў дзеючых асоб, абазначэння іх сацыяльнага статусу, нацыянальнай прыналежнасці. Аднак і ў гэтым выпадку — толькі на паперы, у праграмцы. Менавіта ў ёй дакладна распісаны імёны і прозвішчы кожнага (!) персанажа балета, яго статус і нацыянальнасць: тут можна знайсці зорку кіно, шатландскую графіню, супрацоўніка Міністэрства шляхоў зносін Японіі, англічан, ірландцаў, шведаў, баскаў і французаў. Але ў харэаграфічных, пластычных характарыстыках герояў балета іх прыналежнасць да розных нацыянальнасцей і сацыяльных пластоў практычна не прасочваецца. Напрыклад, усе пасажыры трэцяга класа танцуюць animal dances і ірландскія танцы. Безумоўна, не трэба было ставіць старамодны дывертысмент характарных танцаў, каб паказаць пестрыню нацыянальнага складу пасажыраў “Тытаніка”, але падрабязнасці, пададзеныя ў праграме і не падтрыманыя нічым, акрамя, магчыма, касцюмаў, выглядаюць у сучасным балеце крыху дзіўна. Сяргей Мікель пры пастаноўцы масавых танцаў пасажыраў трэцяга і першага класаў відавочна імкнуўся супрацьпаставіць тыя ж animal dances салонным танцам арыстакратаў, але і тут не абышлося без праблем. Такое супрацьпастаўленне само па сабе выглядае дастаткова банальна, асабліва ў кантэксце анансаванага харэографам прадстаўлення “Тытаніка” як метафары грамадства з яго сацыяльным і этнічным расслаеннем. Акрамя таго, калі вальс у салоне першага класа ўспрымаецца вельмі арганічна і сапраўды перадае дух эпохі (Алег Хадоска выкарыстаў у музыцы балета вальс “Восеньскі сон” Арчыбальда Джойса, які, верагодна, гучаў падчас гібелі “Тытаніка”), то танга ў выкананні шатландскай графіні ў 1912 годзе ўсё ж бянтэжыць. Хоць у гэтым эфектна пастаўленым танцы, сапраўды папулярным у той час, балетмайстар змог паказаць агульную атмасферу дэкадансу, раскрыць адносіны галоўнай гераіні балета Маргарэт і яе жаніха Уільяма.

Наступная праблема “Тытаніка” менш відавочная пры непасрэдным праглядзе спектакля, але важная, бо звязана зноў жа з неадпаведнасцю дэкларацый канчатковаму выніку, — гэта заяўленая тэматыка. На прэс-канферэнцыі напярэдадні прэм’еры агучвалася, што трагедыя “Тытаніка” бачыцца Сяргею Мікелю як разбурэнне сталай мадэлі грамадства. У спектаклі, калі верыць пастаноўшчыку, узнімалася і тэма адчужэння чалавека, крызісу яго ўнутранага свету на фоне навукова-тэхнічнага прагрэсу, урбанізацыі і індустрыялізацыі. Нічога з гэтага, на жаль, прасачыць у балеце не ўдалося. Толькі адна сцэна — “Сутыкненне”, дзе добра былі паказаны агульны хаос і жаданне выратавацца нават цаной жыцця іншага, нейкім чынам адпавядала заяўленай маштабнай праблематыцы. Нават сцэнаграфічнае рашэнне Любові Сідзельнікавай, якая стварыла элегантныя, персаніфікаваныя для кожнага героя касцюмы, не дапамагло візуалізаваць акрэсленыя пытанні. Расслаенне грамадства ў дэкарацыях было паказана вельмі просталінейна: дзве палубы карабля, створаныя станком. Як гэта ні прыкра, ідэя балета, яго праблематыка засталіся толькі дэкларацыямі і рэалізаваліся пераважна на паперы, а не на сцэне.

“Тытанік” пусціўся ўжо ў плаванне, і, каб не абкружаць яго айсбергамі нядобразычлівасці, варта скончыць на пазітыўнай ноце. У балеце ёсць некалькі ўдалых сцэн, напрыклад, арыгінальна вырашаная “На вадзе”, і дуэтаў, у ім гучыць музыка беларускага кампазітара. Спектакль, нарэшце, чарговы вопыт для трупы тэатра класічнага балета і для маладога харэографа, вопыт, які, напэўна, будзе прааналізаваны Сяргеем Мікелем. І яшчэ, хочацца спадзявацца, вопыт “Тытаніка” будзе стымулам для тэатра крыху скарэкціраваць палітыку па прыцягненні гледачоў знаёмымі назвамі.

Кацярына ЯРОМІНА.