Тапаніміка адной вёскі

Год малой радзімы, безумоўна, стаў добрай падставай для таго, каб больш глыбока вывучыць гісторыю розных куточкаў нашай краіны. З асаблівай цікавасцю ўзяліся за справу ўстановы адукацыі. Педагогі і вучні распачалі даследаванні ў розных кірунках: адных цікавіць архітэктура, другія распрацоўваюць экскурсійныя маршруты, трэція збіраюць звесткі пра знакамітых людзей сваёй мясцовасці.

Вучаніцу гомельскай сярэдняй школы № 66 Ірыну Кухарэнка заўсёды цікавіла, адкуль з’явіліся тыя ці іншыя назвы гарадоў, вёсак, рэк, паколькі геаграфічныя назвы ўзнікаюць і залежаць ад асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці жыхароў мясцовасці, гістарычнага мінулага чалавека, а гэта сапраўды захапляльна. Таму, калі Міністэрства адукацыі аб’явіла конкурс даследчых работ “Тапаніміка роднага краю”, дзяўчына пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Ніны Іванаўны Лямцавай распачала работу над даследаваннямі мікратапонімаў вёскі Раманавічы, што ў Гомельскім раёне, і яе наваколля.

Мабыць, кожны пагодзіцца з тым, што вывучэнне мікратапонімаў роднай зямлі не проста важная справа, але і актуальны навуковы напрамак. Інтэнсіўнае развіццё тэрыторый, звязаныя з ім дэмаграфічныя змены, знікненне вёсак і зліццё іх з горадам — усе гэтыя з’явы прыводзяць да поўнага знікнення мікратапанімічнай сістэмы. Але саму Ірыну ў большай ступені хвалявала іншая праблема.

— Як правіла, знаўцамі мікратапонімаў з’яўляюцца карэнныя жыхары сталага ўзросту, — тлумачыць дзяўчына абраную для даследавання тэму. — На жаль, паступова яны пакідаюць гэты свет, і аднойчы мы можам страціць назаўсёды каштоўныя назвы і іх сутнасць. Вось чаму мне хацелася заняцца вывучэннем мікратапонімаў, зафіксаваць, пакуль яны не згубіліся незваротна. Акрамя таго, такое сістэмнае даследаванне геаграфічных назваў дапаможа глыбей зазірнуць у гістарычнае мінулае, зразумець, як продкі ўспрымалі навакольную рэчаіснасць.

Калі ідэя толькі з’явілася і пачалася распрацоўка плана, Ірына нават не ўяўляла, наколькі цікавым і ў нейкай ступені непрадказальным акажацца яе даследаванне. Работа была карпатлівай. Дзяўчына самастойна сфармулявала асноўныя тэарэтычныя палажэнні і гіпотэзу работы, вызначыла крытэрыі класіфікацыі мікратапонімаў, абагульніла сабраны матэрыял, нанесла назвы на картаграфічную аснову.

Самым цікавым ва ўсёй справе, па словах Ірыны, былі гутаркі з людзьмі. Як аўтар даследчай работы, для больш грунтоўных і паслядоўных адказаў яна сама распрацавала апытальны ліст для размовы з мясцовымі жыхарамі, які ўключаў 20 пытанняў аб мясцовых назвах і варыянтах іх тлумачэння. Апытанне мясцовых жыхароў падчас палявой экспедыцыі і стала асноўнай крыніцай інфармацыі. Так было сабрана больш за 60 мікратапанімічных назваў на тэрыторыі вёскі Раманавічы і наваколля. Пры гэтым атрымалася знайсці новыя, не прадстаўленыя ў літаратуры, назвы і варыянты тлумачэнняў мікратапонімаў.

— Ірына праяўляла высокую зацікаўленасць, ініцыятыўнасць і здольнасць да правядзення самастойных навуковых даследаванняў на ўсіх этапах работы, — гаворыць навуковы кіраўнік даследчай работы Ніна Іванаўна. — Яна паказала ўменне аналізаваць навуковую літаратуру, самастойна складаць анкеты для мясцовых жыхароў, тактоўна гутарыць, абагульняць і аналізаваць атрыманую інфармацыю, а таксама інтэрпрэтаваць вынікі.

У сваёй рэцэнзіі на даследчую работу Ірыны Кухарэнка кандыдат геаграфічных навук загадчык кафедры геалогіі і геаграфіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Аляксандр Паўлоўскі адзначыў: “Аўтарамі сабраны і сістэматызаваны вялікі аб’ём фактычнага матэрыялу, што датычыцца тапанімікі адной з бліжэйшых да горада Гомеля вёсак і яе наваколля. Пры выкананні работы былі выкарыстаны не толькі літаратурныя даныя, але і гістарычныя і архіўныя матэрыялы, а самае каштоўнае — палявы матэрыял, атрыманы навучэнкай самастойна пры апытанні мясцовых жыхароў. Праведзены экспертны аналіз тапонімаў, вызначана іх тыпалогія. Створаны мікратапанімічны слоўнік”. Таксама навуковец рэкамендаваў да выдання падрыхтаваны аўтарамі па выніках даследавання “Мікратапанімічны слоўнік: вёска Раманавічы Гомельскага раёна і наваколле”.

Аляксандр Іларыёнавіч заўважыў таксама, што важным аспектам работы з’яўляецца спроба стварэння электроннай базы тапанімічных назваў мясцовасці з дапамогай сучасных ГІС-тэхналогій (геаграфічная інфармацыйная сістэма). Праграмны пакет дазволіў не толькі сістэматызаваць атрыманыя даныя, але і “прывязаць” іх да геаграфічнай асновы. На думку рэцэнзента, пры далейшай рабоце на гэтую тэматыку можна скласці атлас мікратапанімічных назваў Гомельскага раёна.

Даследчая работа Ірыны Кухарэнка заняла 1-е месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Тапаніміка роднага краю”, а на “рэспубліцы” ў гомельскай школьніцы дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Сельскія населеныя пункты”.

Наталля ЛУТЧАНКА.