“Тарнада” на лёдзе, перамога ў руках

- 10:40Актуально, Апошнія запісы

7 студзеня завяршыўся фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне “А” старэйшай узроставай групы (2003—2005 г.н.). Перамогу заваявала каманда Заводскага раёна Мінска “Тарнада”. У рашаючай сустрэчы юныя хакеісты абыгралі “Беркут” (Фрунзенскі раён сталіцы) з лікам 7:3. 3-е месца заняў жлобінскі “Металург”.

Аляксандр Лукашэнка з хакеістамі каманды “Металург” — удзель­нікамі турніру “Залатая шайба”.

Cёлета ў “Залатой шайбе” крыху памяняліся ўмовы ўдзелу. Як адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў Уладзімір Налівайка, асноўным адрозненнем з’яўляецца тое, што ў матчах могуць прымаць удзел 5 спартсменаў, якія прафесійна займаюцца хакеем. Але асноўная ўмова — яны не павінны выступаць у больш чым 25% гульняў чэмпіянату Беларусі.

Спаборніцтвы праходзілі з 3 па 7 студзеня на “Алімпік-Арэне”, а матчы за “бронзу”, “серабро” і “золата” — на “Чыжоўка-Арэне”. Нагадаем, што ў дывізіёне “А” ўдзельнічаюць каманды раёнаў і гарадоў, якія маюць крытыя лядовыя арэны. 8 каманд (6 з абласцей і 2 з Мінска) доўга ішлі да фінальнага этапу і на ім паказалі сябе сабранымі, згулянымі, амаль прафесійнымі спартсменамі. Гэта было заўважна і гледачам, і трэнерам, і суддзям.

Якім жа быў шлях прызёраў да сваіх п’едэсталаў? Уладальнік “бронзы” жлобінскі “Металург” у першы дзень спаборніцтваў прайграў “Тарнада” (Заводскі раён Мінска) з лікам 1:6, у другі скончыў нічыёй з “Атлантам” (Кобрын, Брэсцкая вобласць) — 3:3, у трэці дзень каманда сабралася, ды так, што закінула саперніку — “Нафтавіку” (Наваполацк, Віцебская вобласць) — 11 шайб! А ў адказ не атрымала ні адной. У матчы за 3-е месца “Металург” таксама не прапусціў магчымасць паказаць сваю моц і аформіў 7 шайб у вароты “Прынёманскіх ястрабаў” (Кастрычніцкі раён Гродна), тыя змаглі закінуць толькі дзве.

  “Тарнада” стварае небяспечны момант каля варот “Беркута”.

“Сярэбраны” мінскі “Беркут” свой шлях у фінальным этапе турніру адразу пачаў з буйной перамогі — 12:7 — над “Сокалам” з Горацкага раёна Магілёў­скай вобласці. Затым планка толькі паднялася: салігорскі “Шахцёр” пацярпеў паражэнне ад праціўніка 3:19. У трэцім матчы “Прынёманскія ястрабы” паспрабавалі спыніць спрыт праціўніка, што часткова ў іх атрымалася. Сустрэча завяршылася з лікам 2:5 на карысць “Беркута”.

1-е месца сталічнае “Тарнада” заваявала сваёй настойлівасцю, згуртаванасцю і добрай падрыхтоўкай. Ужо на пачатку гульні каманда дала зразумець сапернікам: будзе цяжка. Спачатку была перамога над “Металургам” — 6:1. Потым каманда вырашыла яшчэ больш замацаваць лідарства і абыграла “Наф­тавік” з лікам 12:4. Перад рашаючым матчам мінчане крыху супакоіліся (ці іх супакоілі?), таму матч супраць “Атланта” скончыўся даволі дэмакратычна — 2:0. Фінальная сустрэча была няроўнай. У першым перыядзе “Беркут” нібыта забяспечыў сабе перамогу, закінуўшы саперніку 3 шайбы. Аднак “Тарнада” такое становішча толькі па-спартыўнаму раззлавала і дапамагло. 2 шайбы дружына адыграла ў другім перыядзе і яшчэ 5 — у трэцім. Трэнер пераможцаў Іван Начаўны адзначыў, што каманда Заводскага раёна ўпершыню за 20 гадоў вый­грала на этапе гарадскіх спаборніцтваў, прайшла на рэспубліканскія і перамагла. Сваіх выхаванцаў ён назваў героямі, а потым дадаў: “Усе дзеці — героі!”

Лепшымі хакеістамі былі прызнаны сталічныя гульцы. Прадстаўнікі “Тарнада” Уладзіслаў Заяц і Макар Гаралёў сталі лепшым варатаром і лепшым бамбардзірам адпаведна. Лепшым абаронцам прызналі Яўгена Калініна з “Беркута”, а лепшым форвардам — яго партнёра па камандзе Паўла Рындзевіча. Пераможцы турніру атрымалі кубкі і індывідуальныя прызы.

Дарэчы, шмат успамінаў удзельнікам “Залатой шайбы” — 2020 пакіне не толькі сам турнір, але і сустрэчы з прафесіяналамі хакейнай справы. Перад фінальнымі матчамі юных хакеістаў чакаў падарунак — майстар-клас ад удзельнікаў Каляднага турніру. У мінулым гульцы НХЛ Рыхард Лінтнер, Джым Слейтэр, Курт Фрэйзер, Аляксей Жытнік, Стыў Каспер і іншыя паказалі шмат практыкаванняў і пагутарылі з калегамі па спорце. Абодва бакі засталіся задаволеныя сустрэчай. “Вельмі незвычайныя адчуванні. Я ўжо 7 гадоў займаюся хакеем, але, калі прыходзяць такія майстры, усё вельмі непрывычна і незвычайна”, — гаворыць гулец “Прынёманскіх ястрабаў” Руслан Станулевіч.

Славацкі хакеіст Рыхард Лінтнер згадаў, як сам у дзяцінстве ўдзельнічаў у падобных мерапрыемствах, выхо­дзіў на лёд з прафесіяналамі. У мінулым абаронца мінскага “Дынама” адзначыў, што самае галоўнае ў такіх майстар-класах — гэта эмоцыі, якія атрымаюць дзеці. “Спадзяюся, што ў складаныя мінуты ўспаміны пра сённяшнюю сустрэчу дапамогуць каму-небудзь з гэтых хлопцаў акрыяць духам”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота БелТА.