Тата можа ўсё

- 16:25Нам пішуць

Кожны з нас чуў словы песні: “Папа может, папа может всё, что угодно, только мамой, только мамой не может быть”. Але нельга згадзіцца з такім сцвярджэннем, калі размова заходзіць пра тату, якому лёс наканаваў падымаць дзяцей аднаму. Вось што напісаў пра свайго тату вучань 4 класа Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Мікіта Сідарэнка.

“Мой тата самы лепшы. У яго залатыя рукі. За якую работу не бярэцца — усё атрымліваецца. Тата ўмее класці печкі, да яго звяртаюцца па дапамогу. Цёплая печка ў вёсцы, асабліва ў халодную зіму, — гэта шчасце. Тата заўсёды дапамагае і словам. Майго тату паважаюць за разважлівасць, вопыт, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Яму не сядзіцца без справы, ён заўсёды чымсьці заняты. Бацька можа прыгатаваць ежу, памыць посуд і бялізну. Завуць майго тату Аляксандр Фёдаравіч Сідарэнка. Я хачу быць падобным на яго”.

Бываюць у жыцці сустрэчы, якія пакідаюць след надоўга. Менавіта пра сустрэчу з Аляксандрам Фёдаравічам Сідарэнкам хочацца расказаць. Ён для сваіх дзяцей і тата, і мама. Жыццёвыя абставіны склаліся так, што Аляксандр Фёдаравіч вымушаны быў пераехаць з Віцебшчыны ў аграгарадок Вялікія Вераб’евічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці з дзецьмі Мікітам і Настассяй. Уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, а Мікіта і Насця сталі навучэнцамі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы.

Алясандр Фёдаравіч чалавек вельмі цікавы. Сярод аднавяскоўцаў карыстаецца павагай. Ён заўсёды цікавіцца поспехамі сваіх дзяцей і наведвае школу. Навучэнцы прыходзяць дагледжаныя і апранутыя. У доме — парадак і ўтульнасць, заўсёды прыгатаваная ежа.

Аляксандр Фёдаравіч спакойны, ураўнаважаны, сапраўдны тата для дзяцей. Хочацца пажадаць добраму бацьку моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і каб хутчэй дачакаўся плёну ад нялёгкай бацькоўскай працы.

Марына НАГУЛЕВІЧ,
настаўніца геаграфіі Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад — базавая школа Навагрудскага раёна.