Тата побач. Давай паразмаўляем?

- 12:48Сацыяльны ракурс

У Міжнародны дзень абароны дзяцей Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х.Каладзеева змагла зрабіць шчаслівай 9-гадовую Олю: дзякуючы сацыяльнаму праекту “Тата побач. Мама, давай паразмаўляем”, дзяўчынка сустрэлася са сваім татам, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска.

Спатканне прайшло ў незвычайным фармаце: тата і дачка ўбачылі адно аднаго па відэасувязі і змаглі сам-насам пачытаць кнігу Алеся Карлюкевіча “Падарожжа Шубуршуна”.

Трэцяя сустрэча праекта не выпадкова была арганізавана 1 чэрвеня: дырэктар бібліятэкі Алена Капыток і намеснік начальніка папраўчай калоніі № 14 (в. Навасады) Дзмітрый Несцяровіч хацелі падарыць радасць яшчэ аднаму дзіцяці, у якога ёсць дзяцінства, дом, дзе яго любяць, але няма самага важнага — бацькоў.

У зале, дзе з хвіліны на хвіліну павінна адбыцца відэаспатканне, утульна і спакойна: дзіцячыя кнігі, цацкі, расстаўленыя на паліцах — усё для таго, каб дзеці былі як дома і не адчувалі псіхалагічнага стрэсу. Тут жа знаходзіцца вялікі экран. Менавіта ён стане тым відэамостам, які злучыць людзей, вымушаных ужо на працягу некалькіх гадоў знаходзіцца ў расстанні.

9-гадовую Олю выхоў­ваюць бацькі яе таты, бабуля Таццяна Міхайлаўна і дзядуля Андрэй Васільевіч. Яны і прывялі ўнучку ў бібліятэку. Перад тым, як патэлефана­ваць у калонію, дзе за экранам камп’ютара ўжо сядзіць тата Дзіма, уся сям’я садзіцца за стол насупраць мультыборда. Пасля таго як быў набраны нумар, раздаліся некалькі гудкоў, і з экрана на сваіх родных ужо глядзіць Дзмітрый. Ён усміхаецца.

“Добры дзень, дачушка, мама, тата, прывітанне!” — звярнуўся да родных мужчына, апрануты ў робу (спецвопратку). Гледзячы на яго, здаецца, што няма ў гэты момант больш шчаслівага чалавека. Оля, убачыўшы тату, збянтэжана ўсміхаецца і на пытанне “Як справы?” адказвае па-дзіцячы сціпла і шчыра: “Нармальна”. Андрэй Васільевіч, тата Дзмітрыя, цікавіцца здароўем, справамі сына, а Таццяна Міхайлаўна сумна гля­дзіць у экран: у той час, калі яе ўжо дарослае дзіця адбывае пакаранне ў ПК № 2, яна вымушана замяняць і маму, і тату для сваёй унучкі. Сумныя вочы Таццяны Міхайлаўны выдаюць яе стан: яна з жалем і спагадай глядзіць на сына, але не плача, стрымлівае сябе, яна павінна быць моцнай перш за ўсё дзеля Олі.

Пасля прывітання супрацоўнікі дзіцячага аддзела бібліятэкі звярнуліся да Дзмітрыя, спыталі, што ён будзе чытаць для сваёй дачкі. Сям’я выбрала казку Алеся Карлюкевіча “Шубуршун і яго сябры”. Калі выбраны ўрывак быў прачытаны, Оля і бабуля з дзядулем засталіся сам-насам з Дзмітрыем. У іх наперадзе была цэлая гадзіна, каб паразмаўляць адно з адным.

Бывае, што 60 мінут мо­гуць падацца вечнасцю. Але калі ты сустракаешся з тым, каго і так не бачыў цэлую вечнасць, гэты час праходзіць як імгненне.

Па ўмовах праекта, на ўвесь сеанс відэасувязі адводзіцца 1 гадзіна: чытанне — да 30 мінут, астатні час — на вольную размову.

“Мы пагаварылі пра ўсё, дзякуй вам вялікі!” — сказала пасля спаткання Таццяна Міхайлаўна. — Гэта вельмі добры праект, вельмі патрэбны. Мы рады, што ў нас з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у ім”.

Пра тое, што тата знаходзіцца ў турме, Олі спачатку не расказвалі: забараняла яе мама. Але пасля таго, калі дзяўчынка засталася пад апекай бабулі з дзядулем, Таццяна Міхайлаўна вырашыла не хаваць ад унучкі праўду.

“Я папрасіла ў Олі прабачэння за тое, што не расказала аб тым, дзе яе тата. Калі паведаміла праўду, мне стала лягчэй. Мы разам ездзім да Дзімы на спатканні і разам будзем чакаць яго вяртання дадому. Я бачу, што сын стараецца паводзіць сябе добра, адбываючы пакаранне, і веру, што ў яго атрымаецца выправіцца”, — пераканана Таццяна Міхайлаўна.

На развітанне Олі зрабілі падарунак: дзяўчынка пайшла дадому з такой жа кнігай, якую ёй чытаў тата, і паабяцала, што абавязкова прачытае ўсяго Шубуршуна, а потым, калі тата Дзіма вернецца, яны яшчэ раз разам перачытаюць казку і ўсё-ўсё абмяркуюць.

Па матывах “Тэлесторы”

Для таго каб арганізаваць сустрэчу для праекта “Тата побач. Мама, давай паразмаўляем”, су­працоўнікі ПК № 14 праводзяць маніторынг.

“Робім выбарку, колькі жыхароў Барысава і раёна, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, маглі б прыняць удзел у праек­це, — тлумачыць умовы выбару ўдзельнікаў праекта Дзмітрый Уладзіміравіч Несцяровіч. — Усім без выключэння такая магчы­масць не можа быць прадастаўлена: чалавек павінен быць матываваны, павінен сам імкнуцца быць бліжэй да сям’і. Атрымалася так, што з тых, хто адбывае пакаранне ў ПК № 14, падабраць кандыдатуру для ўдзелу ў праекце — задача не з лёгкіх.

У большасці асуджаных сем’і разбураны, сацыяльна карысныя сувязі згублены. А ў некаторых з іх было па 3—4 шлюбы, і чалавек нідзе не затрымаўся, ні з кім не падтрымлівае зносін. Гэта многае тлумачыць. Але паколькі ідэя праекта нам спадабалася (яна насам­рэч добрая), паспрабавалі адшукаць па ўсёй краіне тых жыхароў Барысаўскага раёна, хто дастойны анлайн-спаткання з сям’ёй. Як паказвае практыка, у большасці сваёй гэта людзі, якія ўпершыню адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі”.

Першай прыняла ўдзел у праек­це мама 2 дзяцей: жанчына адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 Гомеля. На сустрэчу ў бібліятэку дзвюх яе дачок прывяла бабуля, якая займаецца выхаваннем унучак, пакуль іх мама не вернецца дадому.

“У адносінах да жанчын рабілі ўсё тое самае, што і да асуджаных мужчын: адсочваем, дзе іх сем’і, глядзім, за здзяйсненне якога правапарушэння яны апынуліся за кратамі, як паводзяць сябе ў перыяд адбывання пакарання. У выніку адабралі некалькі кандыдатур, з якіх першачарговае права на сустрэчу з дзецьмі атрымала ўдзельніца пілотнага праекта. З усіх асуджаных менавіта за яе хадайнічала кіраўніцтва калоніі”, — паведаміў Д.У.Несцяровіч.

Відэазванкі як варыянт сувязі паміж асуджаным і яго роднымі ўкараняюцца ва ўсіх месцах пазбаўлення волі. Відэасувязь, як і тэлефонны званок, абмежавана па часе: на відэаспатканне таксама адво­дзіцца да 15 мінут. Безумоўна, гэтага часу мала нават для таго, каб у агульных рысах закрануць усё тое, пра што хочацца пагаварыць. Таму правесці цэлую гадзіну з сям’ёй, якую не бачыш месяцамі, гэта вельмі каштоўны падарунак.

“Ідэя праекта знайшла нас сама, — расказвае дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х.Ка­ладзеева Алена Сяргееўна Капыток. — Праекта маг­ло не быць, калі б Дзмітрый Уладзіміравіч у снежні мінулага года не запрасіў мяне ў складзе кіраўнікоў устаноў культуры раёна наведаць калонію з мэтай пазнаёміцца з іх праектам “Тэатр у турме”. Мы паглядзелі спектакль, пазнаёміліся з калоніяй, яе бытам, а на развітанне дамовіліся, што падумаем над тым, які сумесны праект можна было б рэалізаваць”.

Праз месяц Алена Сяргееўна ўжо была на стажыроўцы ў ЗША, дзе наведала Бруклінскую бібліятэку ў Нью-Ёрку. Там яна ўпершыню пачула аб праекце “Тэлесторы”. Яго ідэя заключаецца ў арганізацыі відэасустрэч для асуджаных у чытальных залах бібліятэк.

“У нашых рэаліях усё атрымалася крыху інакш, мы крыху ўдасканалілі тэму. Па дамоўленасці з калоніямі пакінулі гадзіну зносін, таму што зразумелі: для ўсіх удзель­нікаў відэаспаткання — гэта каштоўны рэсурс, які вельмі шмат значыць. Сустрэча паміж асуджаным і сям’ёй будуецца на чытанні кніг, а затым даецца час на асабістыя зносіны без прысутнасці ў зале старонніх людзей”.

Кніга, якую з экрана чытаюць мама ці тата, застаецца ў дзіцяці на памяць. Супрацоўнікі бібліятэкі дораць яе дзецям, каб яны, перачытваючы твор дома, разумелі: бібліятэка — бяспечнае месца, дзе можна не толькі чытаць і падтрымліваць зносіны, але і заўсёды знайсці падтрымку, апынуўшыся ў складанай сітуацыі.

А.С.Капыток расказала, што ў бібліятэкі наконт кніг ёсць больш маштабныя ідэі. У далейшым плануецца папоўніць ідэнтычнымі кнігамі, якія выкарыстоўваюцца ў праекце, яшчэ і бібліятэкі калоніі.

“Мы ўдзельнічаем у конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і спадзяёмся, што нас пачуюць, — дзеліцца надзеямі загадчыца бібліятэкі. — У будучыні хочацца папоўніць кнігамі бібліятэкі ў тых гарадах, дзе знахо­дзяцца калоніі. Гэта будзе вельмі зручна для правядзення сустрэч асуджаных з сем’ямі. І гэта не так складана, асабліва калі знаходзіш разуменне з боку партнёраў — кіраўніцтва папраўчай калоніі, якое падбірае кандыдатуру і працуе з сем’ямі. Наша ж задача — падрыхтаваць сустрэчу і ўлі-чыць некаторыя тэхнічныя моманты. Мы вельмі хочам, каб потым, пасля вызвалення аднаго з членаў сям’і з калоніі, сям’я ўз’ядналася і прыйшла да нас у бібліятэку. Гэта вельмі важна. Мы працуем на перспектыву. Дарэчы, людзей чакаюць не толькі ў сям’і, але і ў грамадстве”.

Дом там, дзе чакаюць

Рэалізацыя праекта “Тата побач. Мама, давай паразмаўляем” накіравана на дасягненне важнага сацыяльнага эфекту: у дзяцей, якія прыходзяць на сустрэчу, застаюцца станоўчыя эмоцыі.

“Станоўчы сацыяльны эфект адзначаецца не толькі ў дзяцей, але і ў асуджаных, — справядліва заўважае Д.У.Несцяровіч. — Падбіраючы кандыдатуру, тлумачылі, што яны павінны прачытаць дзіцячую кнігу. А калі пыталіся, што хочуць прачытаць, высвятлялі, што ў месцы пазбаўлення волі асуджаныя пачынаюць шмат чытаць. Але дзіцячай літаратуры ў нас практычна няма. Бацькі пачынаюць успамінаць, што яны чыталі ў дзяцінстве. Ніхто з іх не ведае, што цяпер многа новай літаратуры. А “Цімур і яго каманда” для сучасных дзяцей гэта ўжо не фармат. Таму папаўненне бібліятэк — неабходны крок. На дзіцячую літаратуру ў нас шмат заявак. У калоніі многа лю­дзей, якія адбываюць пакаранне. І толькі  адзін з іх атрымаў магчымасць спаткання. Безумоўна, у калоніі быў рэзананс. Тыя, хто адбываюць пакаранне, цікавяцца, чаму ў нас няма дзіцячых кніг: іх таварыш заслужыў спатканне, а раптам і ў мяне атрымаецца?”

Дарэчы, дзякуючы чытанню, асуджаныя становяцца больш дасведчанымі. Што тычыцца сям’і, якая сёння прысутнічае на сустрэчы: бацькі асуджанага расказалі, што іх сын ніколі добра не пісаў. Ды што там: каліграфія наогул пакутавала! Але з кожным новым лістом дадому сітуацыя паляпшаецца, мяняецца стыль выкладання думак, граматычных памылак становіцца менш, выпрацоўваюцца правілы пунктуацыі.

Чаму відэасустрэчы расцэньваюцца як спатканне? У месцах адбыцця пакарання прадастаўляюцца кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні. Працяглыя  — гэта магчымасць пабыць з асуджаным на працягу некалькіх сутак, а кароткатэрміновае спатканне — гэта 4 га­дзіны сумесных размоў. Безумоўна, ёсць яшчэ і тэлефонныя званкі да 15 мінут, але ў лепшым выпадку іх прадастаўляюць раз на тыдзень.

“Давайце будзем сумленнымі: калі мы самі чытаем дзецям кнігу? На сваім прыкладзе магу ска­заць, што гэта атрымліваецца вельмі рэдка, — прызнаецца прадстаўнік дэпартамента выканання пакаранняў. — Акрамя праверкі ўрокаў, больш нічога, здаецца, і не паспяваеш. Але мы насамрэч можам адрэгуляваць свой графік, паспрабаваць зрабіць так, каб з дзецьмі можна было праводзіць больш часу. Асуджаныя так зрабіць не могуць. Таму праект “Тата побач. Мама, давай паразмаўляем” — гэта ўнікальная магчы­масць быць бліжэй да сваёй сям’і, з’яднацца з ёй. Мы будзем старацца дапама­гаць тым людзям, хто сапраўды матываваны выправіцца і вярнуцца да нармальнага жыцця, хто хоча быць побач з роднымі. Назіраючы, які ажыятаж выклікала магчымасць паўдзель­нічаць у праекце, думаю, што ў нас атрымаецца, як і плануем, право­дзіць па 2 сустрэчы ў месяц. І, безумоўна, карысць ад сустрэч будзе: дзеці будуць бачыць сваіх бацькоў, а бацькі будуць разумець, што ім ёсць дзеля каго старацца, што ёсць дзеля каго жыць, бо сям’я — гэта бясцэнна”.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.