Настаўніца хіміі Лахвенскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна Таццяна Дубойская не шкадуе свайго часу і сіл, каб зрабіць школьныя гады вучняў незабыўнымі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кіруючыся прынцыпамі
— Таццяна Мікалаеўна, калі вы ўпершыню сталі класным кіраўніком?
— Пачынала працоўную дзейнасць у Рэдзігераўскай сярэдняй школе ў 2000 годзе. Сама тут вучылася ў 10 і 11 класах, таму педагагічны склад мне быў знаёмы. Праз два гады мне даверылі 6 клас. Спачатку думала, што будзе проста: я маладая, сама не так даўно скончыла школу, таму з лёгкасцю пабудую добрыя ўзаемаадносіны з дзецьмі. Але ўсё аказалася не так, як я сабе ўяўляла. Кожнае дзіця са сваім характарам, да кожнага трэба знайсці падыход, і пры гэтым хацелася аб’яднаць вучняў адзінай мэтай ці справай. І праз некаторы час я вызначыла для сябе асноўныя прынцыпы, якіх і стала прытрымлівацца ў класным кіраўніцтве.
— Што гэта за прынцыпы?
— Быць сучасным. Свет развіваецца, таму вельмі важна ўмець карыстацца ўсімі тэхнічнымі навінкамі і размаўляць на адной мове з вучнямі. Напрыклад, зараз я разам з выхаванцамі вяду канал Лахвенскай школы ў TikTok. Яны падказваюць мне, накіроўваюць. Другі прынцып: умець адстойваць годнасць вучняў, калі здараецца нешта непрыемнае ў плане паводзін ці адзнак. Трэці важны момант: быць сябрам вучням. Клас — гэта сям’я, у якой павінны быць свае традыцыі, святы, панаваць дружба. Дзецям неабходна даваць магчымасць самастойна прымаць рашэнні і вучыць іх несці за гэта адказнасць, тым самым заахвочваць да максімальнай незалежнасці ад дарослых. І яшчэ класнаму кіраўніку неабходна быць аптымістам, які нясе радасць тым, хто побач. Я пераканана, што добрыя ўзаемаадносіны ў класе натхняюць дзяцей на подзвігі.
— Ваш класны кіраўнік стаў для вас прыкладам у рабоце?
— Так! Я многае пераняла ў свайго класнага кіраўніка Марыі Аляксееўны Дзем’яновіч. Памятаю яе высокі ўзровень прафесіяналізму, прыстойнасці і карэктнасці. Яе сын быў маім аднакласнікам, але яна ніколі не вылучала яго, аднолькава ставілася да ўсіх. Вучыла нас кіраваць сваімі думкамі, пачуццямі так, каб яны не прыносілі турбот іншым людзям. Да гэтага імкнуся і я.
Стаць другой мамай
— З цягам часу не пачалі па-іншаму глядзець на вучняў?
— Не. І зноў-такі дзякуючы сваім прынцыпам, якія мяне не падводзяць. Калі перайшла працаваць у Лахвенскую школу, мне адразу далі 11 клас. У ім было 22 вучні, у асноўным хлопцы. Ніхто не хацеў браць такую адказнасць на сябе. А я пагадзілася і не пашкадавала. Пасля на вечары сустрэчы выпускнікоў былыя вучні мне гаварылі: “Таццяна Мікалаеўна, як вы з намі справіліся?” Разам і справіліся. (Усміхаецца.)
— Цяпер ваш клас — гэта…
— 14 выпускнікоў, 14 палымяных сэрцаў, якія імкнуцца даследаваць розныя гарызонты і адкрываць новыя перспектывы. Мае вучні — дарослыя, самастойныя людзі, якія паважаюць сваю краіну і гатовы быць яе гаспадарамі: берагчы, добраўпарадкоўваць, прымнажаць яе багацці. Яны вызначыліся з выбарам прафесіі. Мае выхаванцы — будучыя настаўнікі, медыкі, інжынеры, спецыялісты сельскай гаспадаркі. Яны дакладна ведаюць, што ўсе даброты ў жыцці ствараюцца працай.
— Вы разам з імі з 5 класа?
— З 7-га. Іх класны кіраўнік пайшла ў дэкрэтны водпуск, і я замяніла яе.
— Памятаеце сваё першае ўражанне?
— Кожны быў сам па сабе. Каб стаць да іх бліжэй, запрасіла на пікнік. Яны рассыпаліся на невялікія групкі і сядзелі ціхенька. Для мяне гэта быў шок. Я прывыкла, што мае дзеці заўсёды вакол мяне, мы ўсё робім разам. Мне прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб іх аб’яднаць. На адной з класных гадзін прапанавала прытрымлівацца дэвізу “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Пакрысе сітуацыя пачала мяняцца да лепшага. Цяпер маіх хлопчыкаў і дзяўчынак не пазнаць. У каго ні спытай у школе, усе скажуць, што 11 клас — залатыя дзеці. І так прыемна, што яны называюць мяне “наша другая мама”.
— У вёсцы ўсе ведаюць адно аднаго. Гэта плюс ці ўсё ж такі мінус?
— Канечне, плюс. Бацькі вельмі добрыя, спагадлівыя, ніколі не ігнаруюць мае просьбы. У нас ёсць група ў Viber, мы заўсёды на сувязі. Адразу іх насцярожвала мая актыўнасць, але потым яны зразумелі, што я стараюся дзеля дзяцей. І яшчэ: які б ні быў вучань, чаго б ні нарабіў, трэба ўмець абараніць яго. Так, потым мы абавязкова разбяром сітуацыю, я растлумачу, што ён зрабіў не так, як выправіць памылку, калі неабходна, пайду з ім папрасіць прабачэння ў настаўніка, з якім адбыўся канфлікт. Але перш-наперш трэба быць побач з дзецьмі, а не настройвацца супраць іх.
Дэвіз як лепшы матыватар
— Вы імкняцеся навучыць дзяцей дабрыні і спагадлівасці?
— Абавязкова! Разам мы дапамагаем адзінокім старым, віншуем ветэранаў са святам Перамогі. Для нас не праблема сабрацца і пачысціць ад снегу прыпынак грамадскага транспарту, навесці парадак на вуліцах сваёй вёскі, прыбраць месцы адпачынку, зрабіць кармушкі для птушак, прынесці вады пажылым аднавяскоўцам.
— Прыгадайце, калі ласка, самыя яркія моманты вашай работы.
— Іх вельмі шмат! Аднойчы з калегай з суседняй вёскі дамовіліся арганізаваць сумесную дыскатэку для дзяцей. І мы паехалі да іх у госці. Атрымалася сапраўднае свята, удзельнікі якога яшчэ доўга дзяліліся станоўчымі эмоцыямі і ўражаннямі.
Памятаю, падчас правядзення экалагічнай акцыі “Мой хатні пітомец” дзеці знаёмілі аднакласнікаў са сваімі любімцамі. Адзін хлопчык прыйшоў з аўчаркай, а дзяўчынкі прынеслі катоў. Не буду хаваць, быў момант, калі я пачала хвалявацца. Але ўсё прайшло выдатна, без прыгод.
— Як праходзяць вашы класныя гадзіны?
— Я даўно адышла ад традыцыйных форм іх правядзення. Калі бачу, што мае дзеці пасварыліся, у іх нейкі канфлікт, дэвіз класнай гадзіны — “Спрачацца трэба умець”. Калі бачу, што вучні стаміліся і ў іх няма настрою, то ў класе іх чакае сюрпрыз. Яны прыходзяць да мяне, а на дошцы аб’ява: “Час пайсці на прыроду!”. Збіраемся і ідзём гуляць у парк, дзе яны маюць магчымасць адпачыць, падыхаць свежым паветрам, палюбавацца прыгажосцю наваколля і назаўтра прыйсці ў школу з зусім іншым настроем. Калі мне патрэбны ідэі ў планаванні выхаваўчай работы, аб’яўляю ўрок пад дэвізам “Ці ёсць у нас план?”. Выслухоўваю дзяцей, абмяркоўваем іх прапановы, разам складаем планы. Калі адзнакі сталі горшымі, наш дэвіз — “Павысім паспяховасць у класе!”.
Мне хочацца, каб дзеці развіваліся і ў творчым кірунку, таму прымаем удзел у школьных конкурсах, чэленджах. І тады наш дэвіз — “Няхай пра нас ведаюць усе!”. Калі вучу супрацоўніцтву, на дапамогу прыходзіць заклік “Робім агульную справу!”. Калі ў дзяцей праблемы з выкладчыкамі-прадметнікамі, арганізоўваю класную гадзіну “Настаўнікі — нашы сябры!” з удзелам педагогаў. Неабавязкова сустракацца ў класе. Гэта могуць быць нефармальныя зносіны за чаяваннем, прагулка ў парку, выезд на экскурсію. Тады праблемы вырашаюцца куды хутчэй! Напрыклад, можна расказаць дзецям аб правілах бяспекі, калі яны сядзяць за партамі, а можна сабрацца разам пасля ўрокаў і прайсціся па вуліцах і паказаць, як правільна пераходзіць дарогу, на якія небяспечныя моманты трэба звяртаць увагу. І гэта запомніцца надоўга!
Часам збіраемся ў школе, каб паспяваць караоке, навучыцца танцаваць вальс. У дажджлівае надвор’е запрашаю вучняў за кубачкам чаю здзейсніць віртуальную экскурсію.
Работа настаўніка, а тым больш класнага кіраўніка, не мае часавых меж. Дзеці павінны адчуваць, што ў класнага заўсёды знойдзецца для іх хвілінка — і пасля школы, і ў выхадны дзень. Каб знайсці адказы на складаныя пытанні, мае выхаванцы часта прыходзяць да мяне дадому. Я з гордасцю магу сказаць, што знайшла тую тонкую нітку, якая звязвае мяне з вучнямі.
Слова вучням
Ягор Аўчарук:
— Таццяна Мікалаеўна ў складаныя моманты заўсёды аказвае нам падтрымку. З яе дапамогай любыя дробныя канфлікты і праблемы вырашаюцца лёгка і хутка. Яна ставіцца да нас як да самастойных маладых людзей, якія маюць права на свой пункт гледжання, на сваю праўду. Перакананы, мае аднакласнікі пагодзяцца: Таццяна Мікалаеўна — лепшы класны кіраўнік.
Кацярына Лубінец:
— Урокі хіміі з ёй ніколі не бываюць сумнымі, часам яны праходзяць у нетрадыцыйным фармаце. Напрыклад, мы маем магчымасць усім класам абмеркаваць адказы, выбраць, якім чынам будзем вывучаць параграф. І ведаеце, на такіх занятках тэма засвойвалася лепш. Я скончыла школу, і мне тужліва, што Таццяна Мікалаеўна больш не будзе маім класным кіраўніком.
Марыя Дубоўская:
— Наш класны кіраўнік ведае нейкі сакрэт: якой бы справай яна ні запрашала займацца, адгукаўся ўвесь клас. Памятаю адзін выпадак. Канікулы. Тэлефонны званок. І прапанова ад нашай настаўніцы пайсці прыбраць ад смецця месца адпачынку. Мы дружна сабраліся і навялі парадак, а потым згатавалі сасіскі на вогнішчы. Так выдатна і з карысцю мы праводзілі час шмат разоў. Таксама ўспамінаю школьны конкурс “Лаві момант”, у якім прымалі ўдзел старшыя класы. У нас было некалькі дзён, каб зрабіць прыгожыя фотаздымкі. Нашаму класу пашанцавала фатаграфаваць у восеньскім парку. Потым мы выбралі лепшыя работы і вылажылі іх на школьным сайце. І сёння памятаю тыя прыгожыя здымкі і час, праведзены разам! Дзякуй, Таццяна Мікалаеўна!
Марына ЖДАНАВА