Таццяна КАВАЛЕЎСКАЯ: “Мне б хацелася, каб была барацьба са злом…”

- 12:21Культура

Гэтую жанчыну я ведаю зусім нядаўна. Калі мяне пазнаёмілі з ёй, я ўхапіўся адразу за некалькі прычын для таго, каб узяць у яе інтэрв’ю.
Яна — проста яркая жанчына, актрыса, колішняя зорка Маладзечанскага драмтэатра.
Яна — актрыса, якая сыграла ў мастацкім фільме ролю нашай выбітнай паэтэсы Ларысы Геніюш.
Яна — выкладчыца, якая выкладае сцэнарнае майстэрства навучэнцам Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Яна сёння аддае сябе дзецям — так, як калісьці аддавалася гледачам у тэатральнай зале.
А пра чацвёртую прычыну наогул маўчу.
Вы даведаецеся пра яе ў самім інтэрв’ю. Гэта жанчына, у асабістым жыцці якой была трагедыя.

Наш сённяшні суботні госць — актрыса і выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Таццяна КАВАЛЕЎСКАЯ.

— Таццяна Мікалаеўна, давайце найперш пазнаёмімся…

— Я шчаслівы чалавек, ува мне цякуць адразу дзве крыві — руская і беларуская. Маці ў мяне — руская, бацька — беларус. Я нарадзілася на Урале… І хоць ведаю, што я і беларуска, і расіянка, адчуваю, што ў нас небы розныя. Там, у Чэлябінску, дзе я нарадзілася, неба далёка-далёка і яно такое агромністае, толькі ляцець да яго можна. А тут, у Беларусі, неба такое блізкае. Вы ж самі паглядзіце (мы размаўлялі з Таццянай Мікалаеўнай на вуліцы. — М.Ч.) — яго можна проста ахапіць рукамі, памацаць… Магчыма, мяне гэта завабіла ў Беларусі ў першую чаргу.

— Вы ўжо ў школе ведалі, што будзеце актрысай?

— У мяне такое рашэнне прыйшло ў 6 класе. У Чэлябінску было многа розных секцый — я абышла, здаецца, усе. І валейбол, і баскетбол, і фігурнае катанне, і цыркавы гурток… Але ў гэтых гуртках я надоўга не затрымлівалася.

А калі прыйшла ў тэатральны гурток у Палацы трубапракатнікаў, зразумела, што гэта — маё…

— Пра паэтаў часам гавораць, што паэтамі не становяцца, а нараджаюцца. А як з прафесіяй акцёра?

— Хто яго ведае… Мне проста так хацелася ў гэта паглыбіцца, гэта паспрабаваць… А яно атрымлівалася! У гадоў 12 мне даверылі ролю Алесі Купрына! Я тады, напэўна, упершыню зразумела, што хачу свету сказаць тое, чаго ён яшчэ не ведае.

— Прафесія акцёра, наколькі вядома, прадугледжвае пэўную ідэнтыфікацыю з роляй. Вас гэта не бянтэжыла?

— Мне думаецца, што гэта не зусім правільна — увайсці ў ролю і цалкам забыць пра сябе. Наогул, у розных тэарэтыкаў і практыкаў тэатра розныя прынцыпы: у Станіслаўскага — свае, у Міхаіла Чэхава — свае, у Меерхольда — свае… Станіслаўскі прапаноўвае акцёру псіхалагічна пагрузіцца ў ролю, Міхаіл Чэхаў — убачыць спачатку вобраз асобы збоку, а потым ужо ўвайсці ў гэтую ролю. Я нават не ведаю, што мне бліжэй… Але я думаю, што я ніколі не страчвала сябе як актрыса. Я пагружалася ў персанаж, я пагружалася ў яго ўсе тонкасці, я яго для сябе малявала: як ён ходзіць, як ён гаворыць — усё да дробязей… Нехта з тэатральных крытыкаў нават некалі напісаў: “У Таццяны Кавалеўскай скульптурная дакладнасць у перадачы роляў”.

— У вас узнікала калі-небудзь адчуванне, што вы не рэальная жанчына, а крыху адарваная ад рэальнасці, што вы не ведаеце, чым жывуць рэальныя жанчыны?

— Канечне ж, узнікала… Гэтае адчуванне перажывае, думаю, любы чалавек, які працуе ў мастацтве, — і акцёр, і мастак, і пісьменнік. І ў гэтым, хачу вам сказаць, ёсць нейкае выратаванне для такіх, як я. Я абсалютна непрактычны чалавек у гэтым жыцці, абсалютна непрагматычны чалавек. Мне па жыцці была цікава толькі акцёрская прафесія, а само жыццё я ўспрымала толькі праз гэтую акцёрскую прызму.

— Гэта вас ніколі не палохала? Вас не палохала тое, што вы сыходзіце з рэальнага жыцця?

— Палохала. Мне мой муж-нябожчык, таксама акцёр, у свой час гаварыў: “Таня, так нельга! За гэтым, што ты робіш, можна не заўважыць сапраўднага жыцця…” Я крыху тады не разумела, што ён гаварыў, а зараз выдатна разумею. Мой муж бачыў рэальнае жыццё і ўмеў радавацца яму, знаходзіць у ім яго фарбы, а я часткова жыла прыдуманым жыццём.

— Для вас было цяжка сыходзіць з прафесіі?

— Забойства майго мужа было не проста забойствам. Гэта было жорсткім забойствам. І гэтае забойства парушыла нешта ў маёй душы… Разумееце, да гэтага часу я была закахана ў кожнага чалавека, у кожную травінку, у кожную пясчынку. Усім хацелася сябе аддаць, усім хацелася дапамагчы. І раптам гэта…

Потым з гадавалай дачушкай прывезла сюды паралізаванага сляпога бацьку.

Усё тое, чым я займалася, здалося мне, па-руску кажучы, “лицедейством”. Прытворствам.

— Даруйце, Таццяна Мікалаеўна, я разумею, наколькі вам было цяжка. Але ці памятаеце свае канкрэтныя думкі ў той час?

— Мяне не пакідала думка пра тое, як мог іншы чалавек сабе такое дазволіць, як наогул магчыма сёння гэта… За што так?

— Таццяна Мікалаеўна, цяпер, давайце, не будзем вяртацца ў мінулае. Што вас сёння натхняе на жыццё, на тое, каб радавацца жыццю?

— Напэўна, у маёй прыродзе першапачаткова закладзена вялікая любоў да жыцця. Я наогул з цяжкасцю разумею людзей, якія прачынаюцца і не радуюцца таму, што яны прачнуліся. Ёсць у рускай мове такое слова — “благодать”. Калі прачынаешся — і ты ў аўры радасці ад таго, што проста жывеш. Я вельмі люблю дрэвы, я вельмі люблю неба.

Хаця, канечне, я многае зразумела пасля трагедыі з мужам. Я зразумела, чаму Станіслаўскі гаварыў: “Наша жизнь груба и грязна”. А гэта гаварыў чалавек, які хацеў стварыць калектыў аднадумцаў, якія шчыра б ставіліся да агульнай справы, якія былі б шчырыя адно да аднаго.

Але парадаксальна тое, што людзі не вельмі і хочуць вытручваць з сябе заганныя якасці. Неяк прыходзяць у іх нутро гэтыя якасці, але людзі не заўважаюць. І ім падабаецца ўжо пляткарыць, зайздросціць… Гэта дрэнна.

Я выдатна разумею, што нельга зрабіць ідэальны свет. Але хацелася б, каб была барацьба са злом.

— Пасля трагедыі з мужам у вас цалкам знікла жаданне займацца акцёрскай прафесіяй?

— Праз тры гады, як я пераехала ў Мінск, у мяне было адчуванне перапоўненага сасуда — жаданне так многа сказаць сваім гледачам…

— І вы сыгралі адну з самых моцных жаночых роляў у беларускім кінематографе — ролю Ларысы Геніюш у фільме па яе біяграфічным рамане “Споведзь”. Гэтая жанчына так напакутавалася ў сваім жыцці. І вы таксама напакутаваліся. Вы шмат плакалі, калі ігралі яе ролю?

— Гэтая роля прыйшла да мяне яшчэ да той трагічнай падзеі. Большая частка фільма была ўжо адзнята. А апошні этап работы прайшоў ужо без Андрэя. Часам параўноўваюць, праводзяць паралелі паміж акцёрамі і іх персанажамі. Магчыма, і ў маім выпадку адбылося пранікненне, перацягванне пакуты персанажа на сябе. Але адназначна адказу тут быць не можа. Ва ўсякім разе Ларыса Геніюш унутры вельмі трывалы чалавек. Прайшоўшы столькі пакут, яна захавала ў сабе веру, любоў да сваёй Радзімы… Яна вельмі трывалы і светлы чалавек.

— Таццяна Мікалаеўна, вы працуеце зараз у каледжы мастацтваў. Якую сістэму выкладаеце — Станіслаўскага, Чэхава, Меерхольда?

— Найбольш — Станіслаўскага. Але нейкія элементы Чэхава таксама прапаноўваю. Ведаеце, дзеці ж розныя… Адны ведаюць, што ім трэба. А другія не ведаюць. Адны возьмуць і ад мяне, і ад іншых тое, што ім трэба, іншыя нічога не возьмуць.

Я проста скажу, у чым мая задача. У тым, каб дапамагчы навучэнцу ў развіцці яго чалавечай прыроды. Пачаць развіваць гэтую асобу. Узбуйніць маштаб гэтай асобы.

— Хто ён, Таццяна Мікалаеўна, выкладчык сёння?

— Ён — сам. Ён абавязаны быць асобай ёмкай, глыбокай, чалавечнай, сапраўднай, якая дасканала ведае сваю справу. Па бацькоўскай лініі ў мяне шмат педагогаў. Памятаю немнагаслоўную родную сястру таты, вясковую настаўніцу, якая на веласіпедзе вазіла веды ў суседнюю вёску. А сёння настаўніка раскідваюць на кавалкі ў гэтым матэрыяльным гіпнозе. Мы замянілі адзін тэлефон, хочам новы тэлефон… Мы замянілі “опель” на BMW, а потым ужо BMW хочам замяніць на “лексус”… Можа, гэты новы тэлефон ці “лексус” і не трэба чалавеку? Можа, галоўнае ў чалавеку — ён сам, а не яго тэлефон, яго сувязь з прыродай, а не з тэлефонам.

— Вам удаецца данесці гэтыя думкі сённяшнім дзецям?

— Адным удаецца, іншым — не. Проста трэба дазволіць дзецям злавіць кайф ад таго, калі разумееш свет шырэй.

У мяне ёсць сяброўка на Урале. У яе дачка — залатая медалістка, прыгажуня, разумніца. Я ў яе пытаюся: “А ты не хочаш, каб яна некуды ў Еўропу паехала працаваць?” А яна мне кажа: “А навошта? Нам тут добра…”

Урал — глыбінка Расіі, а ёй там добра! Як па-добраму зайздросціш такім людзям!

— Таццяна Мікалаеўна, апошняе пытанне да вас. Калі б вам далі сыграць ролю ў нейкім новым фільме, вы б згадзіліся?

— Так.

— А якую ролю вы хацелі б сыграць?

— Ведаеце, сёння нібыта здымаецца кіно. Але ўсё па вярхах, усё неглыбока. Усе гэтыя серыялы такія павярхоўныя і неглыбокія… А гады чатыры назад мяне запрасіў Валерый Тадароўскі зняцца ў эпізадычнай ролі ў сваім фільме “Адліга”. І я была шчаслівая. Таму важны не маштаб ролі, а з кім ты будзеш рабіць яе і як.
А наогул, цяпер я вельмі рэдка хаджу ў тэатры і кіно. Усё, што я там бачу, не мае дачынення да сапраўднага тэатральнага мастацтва. Усё — бегма. Бегаюць акцёры, бегаюць рэжысёры, каб толькі найхутчэй нешта зрабіць, каб зарабіць… Усё гэта, безумоўна, жыццё, але не забывайце часам і паглядваць на неба і ўсміхацца незнаёмым вам людзям.

— Вялікі дзякуй вам, Таццяна Мікалаеўна, за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.