Таццяна Крапіневіч: «Вучу выкарыстоўваць ма­тэматыку ў штодзённым жыцці, бізнесе, навуковых даследаваннях»

- 12:38Учитель года

Шлях у педагогіку для Таццяны Крапіневіч з гімназіі Ляхавіч быў доўгім, але, як паказала жыццё, заканамерным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У школьныя гады яна ладзіла шматлікія мерапрыемствы і ахвотна ўдзельнічала ў іх, праяўляючы лідарскія і арганізатарскія якасці, неабходныя ў настаўніцкай прафесіі. Але ўсвядомленага жадання стаць педагогам у дзяўчыны тады не было. Калі ж надышоў момант выбіраць жыццёвую дарогу, дзевяцікласніцу інтуітыўна пацягнула ў тагачаснае Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна, дзе яна атрымала дыплом настаўніцы пачатковых класаў і педагога-арганізатара, а затым — у БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе набыла спецыяльнасць настаўніцы матэматыкі.

Яшчэ ў педвучылішчы Таццяна Аляксандраўна канчаткова зразумела, што педагогіка — яе лёс, няглядзечы на тое, што ён спачатку распарадзіўся інакш. Пасля заканчэння брэсцкага ўніверсітэта маладая настаўніца пераехала ў Мінск, дзе на працягу 7 гадоў працавала ў сферы… лагістыкі.

— Час ішоў, а поўнага задавальнення ад працы не адчувалася, — прызнаецца Таццяна Крапіневіч. — У рэшце рэшт прыйшла да высновы, што гэта дакладна не тое, чым хацелася б займацца ў жыцці. Вярнуцца ў педагогіку дапамагла рэспубліканская праграма “Настаўнік для Беларусі”, у рамках якой разам з вялікай сям’ёй я пера­ехала з Мінска ў Ляхавічы.

Камусьці такое рашэнне здасца дзіўным, але Таццяна Аляксандраўна нічога незвычайнага ў ім не ба­чыць: працаваць з душэўным і матэрыяльным камфортам можна не толькі ў сталіцы.

— Умовы ў гімназіі Ляхавіч спадабаліся адразу, хаця адаптавацца да новай адукацыйнай прасторы спачатку было цяжкавата, — гаворыць педагог. — Сур’ёзную метадычную дапа­могу аказала праграма “Настаўнік для Беларусі”. Давялося шмат займацца самаадукацыяй, каб нагнаць упушчанае за доўгі час.

І гэта мэтанакіраванай максімалістцы ўдалося! Больш за тое, усяго за 3 гады работы ў гімназіі Таццяна Крапіневіч паспела абараніць магістарскую дысертацыю па міжпрадметных сувязях на ўроках матэматыкі і спыняцца на дасягнутым не збіраецца, бо лічыць, што без няспыннага руху няма развіцця. Настаўніца ў рамках праграмы займаецца рэкрутынгам, удзельнічае ў рэгіянальных канферэнцыях, праводзіць майстар-класы для калег.

— Прапанову паўдзельні­чаць у раённым этапе сёлетняга рэс­публіканскага конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года” ўспрыняла з вялікім энтузіязмам, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — Вырашыла паспрабаваць! Гэта быў выклік, магчымасць выйсці з зоны камфорту, без чаго няма далейшага росту. Да таго ж вельмі хацелася папрацаваць у незнаёмым класе. Спадабалася неверагодна! І дзецям таксама.

Да выкладання свайго прадмета настаўніца падыходзіць нестандартна. Шматгадовы вопыт у лагістыцы дапамог паглядзець на матэматыку пад іншым вуглом. Так, Таццяна Крапіневіч актыўна выкарыстоўвае задачы, якія ў гульнявой форме праецыруюць работу маркетынгавых, камерцыйных, эканамічных, лагістычных і іншых аддзелаў канкрэтных прадпрыемстваў, напрыклад, ААТ “Савушкін прадукт” ці СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Гэтыя задачы развіваюць не толькі матэматычныя, але і камунікатыўныя ўменні і навыкі.

Выхаванцы Таццяны Аляксандраўны вывучаюць даўжыню акружнасці на прыкладзе веласіпеднага кола, а працэнты — па скідках у магазіне, з сярэднім арыфметычным знаёмяцца з дапамогай цукерак, а дробамі авалодваюць дзякуючы папяровым талерачкам. Проста, займальна і запамінальна!

Акрамя таго, педагог паспяхова працуе па сінгапурскай тэхналогіі групавой работы, тэхналогіях перавернутага ўрока, праблемнага і праектнага навучання, ІКТ. Звяртаецца таксама да элементаў актыўнай ацэнкі. Усё гэта істотна павышае матывацыю выхаванцаў да вывучэння матэматыкі і якасць іх ведаў.

Таццяна Аляксандраўна і на жыццё глядзіць з матэматычным падыходам, сцвярджаючы, што гатовых формул у ім няма. Таму ўсяляк імкнецца стаць надзейным памочнікам для бацькоў у выхаванні іх дзяцей. 

— Настаўнік — гэта не проста педагог, які дае гатовыя веды, а найперш праваднік, які развівае ў вучняў гібкасць мыслення, дзеліцца вопытам, падтрымлівае маральна, матывуе, скіроўвае і падштурхоўвае… Па-іншаму працаваць з сучаснымі дзецьмі нельга, паколькі настаўнік перастаў быць для іх адзінай крыніцай ведаў. Мысленне падлеткаў становіцца не толькі кліпавым, але і спасылачным, калі цікавасць да чаго-небудзь вызначаецца пераважна знешнімі фактарамі, а не ўнутранымі адчуваннямі. Лічбавая рэальнасць прывяла да выпрацоўкі асаблівай мовы, дзе словы часам не патрэбны. Іх з лёгкасцю замяняюць смайлы і набор скрыншотаў. І гэта абавяз­кова неабходна ўлічваць у рабоце, — лічыць Таццяна Аляксанд­раўна, якая шмат увагі ўдзяляе падрыхтоўцы вучняў да рэальнага жыцця.

Кожны дзень, калі яна ўваходзіць у клас, бачыць перад сабой не столькі дзяцей, колькі патэнцыяльных лідараў, інжынераў, урачоў, вучоных і прадпрымальнікаў. Сучасны свет хутка мяняецца, таму педагог імкнецца сфарміраваць у выхаванцаў такія навыкі і даць такія веды, якія дапамогуць ім дасягнуць большага.  

— Вучу выкарыстоўваць ма­тэматыку ў штодзённым жыцці, бізнесе, навуковых даследаваннях і іншых сферах, — заўважае Таццяна Крапіневіч. — Імкнуся, каб кожны вучань усвядоміў, што можа быць кім заўгодна і дасягнуць любых мэт. Веру, што дзеці здольны змяніць свет да лепшага, таму падтрымліваю іх на кожным кроку, натхняю і матывую, вучу слухаць і паважаць іншых, клапаціцца пра родных, любіць Радзіму.

У выхаваўчай рабоце Таццяна Аляксандраўна часта ўспамінае словы Льва Талстога: “Выхаванне ўяўляецца складанай справай толькі да таго часу, пакуль мы хочам, не выхоўваючы сябе, выхаваць іншых”. Таму педагог часта рэфлексуе, адсочвае ўласныя адчуванні ад работы і прагрэс у самаўдасканаленні. Працягвае выхоўваць сябе, хаця ўжо даўно не дзіця, і гарманізаваць душэўны стан, у тым ліку з дапамогай любімай ёгі.

Сваім калегам пераможца абласнога этапу сёлетняга рэспуб­ліканскага конкурсу “Настаўнік года” жадае спачатку навучыцца лётаць самім, а затым ужо адпраўляць у палёт і дзяцей: у думках, фантазіях, творчасці. Бо калі не ўзняцца над штодзённасцю, не атрымаецца выхаваць пакаленне творчых нашчадкаў, здольных увасабляць мары ў рэаль­насць.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА