Сярэдняя школа № 2 Ельска — самая вялікая ў горадзе. За 46 гадоў яе існавання Таццяна Уласенка ўсяго толькі трэці яе дырэктар, таму гаворым пра сілу кіраўніцкіх традыцый і рух наперад.
Дарэчы, Таццяна Уласенка паходзіць з вялікай педагагічнай сям’і, з’яўляецца прадстаўніцай чацвёртага пакалення педагагічнай дынастыі, гісторыя якой пачалася амаль сто гадоў назад. Таццяна Уладзіміраўна — дэлегат 7-га Усебеларускага народнага сходу, дэпутат Ельскага раённага Савета дэпутатаў.
— Таццяна Уладзіміраўна, вы — кіраўнік з адметным стылем. Як мяняўся ваш педагагічны, дырэктарскі светапогляд?
— У маім жыцці існуе толькі адна навучальная ўстанова — сярэдняя школа № 2 Ельска, у якой я вырасла як чалавек, настаўнік, кіраўнік. Як прыйшла сюды вучаніцай, так і застаюся тут па сённяшні дзень. Пасля атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі ў мазырскім універсітэце імя Івана Шамякіна вярнулася працаваць настаўніцай фізікі. Затым была намеснікам дырэктара. Цяпер я — дырэктар. Набыты вопыт дазваляе ацаніць працу кожнага работніка школы. Акрамя таго, кіруюся наступным прынцыпам: кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу на сваім месцы павінен якасна і ў тэрмін выконваць свае абавязкі, тады і эфектыўнасць агульнай дзейнасці будзе высокай.
За гады работы змяніўся фокус адказнасці. Калі была настаўніцай, то адказвала за свае дзеянні, а таксама за дзеянні сваіх вучняў. Стаўшы намеснікам дырэктара, несла адказнасць за педагогаў школы, іх прафесійны рост і творчую самарэалізацыю. Цяпер я нясу адказнасць і за вучняў, і за педагагічны калектыў, а іншым разам і за бацькоў. Сумеснымі намаганнямі мы робім нашу школу месцам прыцяжэння для кожнага. У развіцці важна зыходзіць з патрэб і пажаданняў вучняў, бо менавіта яны натхняюць нас на прагрэс.
— Сёння кампетэнцыі дырэктара школы вельмі разнастайныя. Гэтая пасада шматфункцыянальная. Якія функцыі, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?
— Сучаснаму кіраўніку трэба валодаць цэлым комплексам кампетэнцый, якія будуць спрыяць рэалізацыі пастаўленых перад навучальнай установай задач. У цяперашніх умовах дырэктар навучальнай установы — універсальны кіраўнік, бо ён і псіхолаг, і гаспадар, і эканаміст, і медыятар. Ён нясе персанальную адказнасць за арганізацыю якаснага адукацыйнага працэсу, за поспехі і развіццё школы. Для дырэктара веды, уменні і навыкі з’яўляюцца не мэтамі, а сродкамі вырашэння розных прафесійных задач.
Акрамя таго, кіраўніку жыццёва неабходна валодаць камандаўтваральнымі навыкамі, быць камунікабельным, прыслухоўвацца да меркаванняў калег (асабліва намеснікаў). Важна ўмець пераконваць, дамаўляцца, матываваць, аператыўна вучыцца, каб своечасова ўключацца ў вырашэнне самых розных пытанняў. Трэба быць стратэгам, умець кантраляваць сітуацыю, кіраваць ёю.
— А якія дакументы для дырэктара школы самыя важныя?
— Пры вырашэнні задач, якія стаяць перад установай адукацыі, неабходна дзейнічаць у строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Для гэтага заўсёды пад рукой павінны быць такія нарматыўныя дакументы, як статут школы, правілы працоўнага, унутранага распарадку, Кодэкс аб адукацыі, дзяржаўны школьны стандарт, правілы педагагічных работнікаў, нядаўна прынятыя правілы навучэнцаў і бацькоў, лакальныя дакументы.
Дакументы з’яўляюцца паралельнай прамой работы з калектывам. Без ведання дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць установы адукацыі, не будзе кіравання і магчымасці вырашаць пытанні, якія абавязкова пачнуць з’яўляцца з першага дня.
— Наколькі важныя інавацыі для адукацыі? Як яны паўплывалі на вас і вашу школу?
— Наша ўстанова адукацыі не выходзіць з інавацыйнага рэжыму, бо гэта развіццё, набыццё новых кампетэнцый і ўменняў. З 2020 па 2023 год мы працавалі ў межах інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці вучняў у сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.
З 2024 года ўкараняем мадэль навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі.
Валянціна Іванаўна Неўмяржыцкая — настаўніца працоўнага навучання. Крэатыўны, таленавіты педагог, які цалкам аддае сябе сваім вучням — неаднаразовым пераможцам алімпіяд і конкурсаў. Валянціна Іванаўна — педагог, які не толькі валодае тэхнікай розных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і здольны прывіць вучням навыкі работы з рознымі матэрыяламі. Кожны ўрок Валянціны Іванаўны — прыклад творчай педагагічнай працы. На яе ўроках фарміруюцца не толькі прадметныя веды, але і светапогляд вучняў
— Як лічыце, ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву?
— Лічу, што трэба. Прычым як для педагагічнага, так і для вучнёўскага калектыву. Кампетэнтны, справядлівы ў вырашэнні ўсіх пытанняў, уважлівы кіраўнік заўсёды будзе здольны павесці за сабой. А калі ён яшчэ будзе творча вырашаць узнікаючыя праблемы, то хутка заваюе давер усіх удзельнікаў калектыву.
— Ці існуе для вас паняцце ідэальнай школы? Да чаго імкняцеся як дырэктар?
— Ідэальная школа — тая, дзе камфортна ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу: настаўнікам, вучням, бацькам. Тут кожны, незалежна ад магчымасцей і асаблівасцей, атрымлівае якасную адукацыю, развівае інтэлектуальныя, творчыя, спартыўныя здольнасці. У такой школе адбываецца здаровае фарміраванне асобы. Гэта месца, пра якое кожны з гордасцю адзначае: “Гэта мая школа!” І сярэдняя школа № 2 Ельска адпавядае гэтым крытэрыям. Мы славімся мінулым, дынамічныя ў цяперашні час і скіраваны ў будучыню.
— Як будуеце адносіны з бацькамі?
— На адкрытасці і ўзаемапавазе. Усе бацькі ведаюць, як са мной можна звязацца. Пра гэта нагадваю на кожным бацькоўскім сходзе. Мы заўсёды супрацоўнічаем у пытаннях як навучання, так і выхавання. Канечне, здараецца непаразуменне, але мы знаходзім шляхі вырашэння адкрытых пытанняў. Урэшце, усе зацікаўлены ў тым, каб дзеці атрымалі належную адукацыю і выраслі дастойнымі людзьмі.
Паліна Анатольеўна Бурмель — настаўніца гісторыі, творчы педагог, класны кіраўнік, выпускніца патрыятычнага класа, якая працягнула работу ў гэтым напрамку з пяцікласнікамі. Дэманструе актыўную грамадзянскую пазіцыю, выхоўвае ў дзяцей любоў да Радзімы і развівае ў іх сацыяльныя і духоўна-маральныя каштоўнасці — талерантнасць, гістарычную памяць, абавязак, гатоўнасць абараняць сваю краіну. Дэвіз Паліны Анатольеўны — “Рух — гэта жыццё!”
— Таццяна Уладзіміраўна, што параіце пачынаючаму кіраўніку?
— Кожны калектыў — гэта жывы арганізм са сваімі асаблівасцямі. Каб ён быў здаровым і працаздольным, спачатку неабходна вывучыць гэтыя асаблівасці і здольнасці. Тут на дапамогу прыйдуць сумесныя праекты, мерапрыемствы, дзе кожны будзе мець магчымасць раскрыцца, прадэманстраваць свае таленты. Працэс знаёмства і вывучэння калектыву можа складацца з некалькіх стадый:
- фарміравання;
- станаўлення адносін;
- узгаднення правіл;
- прадукцыйнай працы.
Важна прыйсці да чацвёртай стадыі як мага хутчэй, не затрымліваючыся на першых узроўнях. Канечне, не варта разлічваць на хуткі вынік. Калі нешта не атрымліваецца, трэба не шукаць вінаватага, а знаходзіць рашэнне агульнымі намаганнямі, слухаць і чуць кожнага. І заўсёды быць са сваім калектывам, удзельнічаць з ім ва ўсіх праектах.
Яшчэ адзін момант — дакументы, якія з’яўляюцца паралельнай прамой работы з калектывам. Без ведання дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць установы адукацыі, не будзе кіравання і магчымасці вырашаць пытанні, якія абавязкова пачнуць з’яўляцца з першага дня. Не варта імкнуцца ўсё адразу мяняць. Лепш прытрымлівацца стратэгічнага планавання. Перад калектывам пажадана ставіць выканальныя задачы, і перад тым, як гэта рабіць, неабходна самому знайсці рашэнні. Важна быць у курсе спраў як педагагічнага, так і вучнёўскага калектыву, падтрымліваць з імі зваротную сувязь не толькі падчас сходаў, нарад, педсаветаў, але і ў звычайных штодзённых зносінах.
— Раскажыце пра свой педагагічны калектыў. Чым ён адметны?
— Наш калектыў унікальны тым, што больш за палову педагогаў — выпускнікі гэтай жа школы, якія працягваюць слаўныя традыцыі сваіх настаўнікаў. Наш калектыў вельмі творчы і з добрым патэнцыялам. Кожны — прафесіянал у сваёй справе. У нас працуюць два выдатнікі адукацыі, ёсць узнагароджаныя граматамі самага рознага ўзроўню. Увогуле, мы — адзіная каманда і заўсёды можам абаперціся адно на аднаго. Гэта самае каштоўнае. А здаровае спалучэнне матэрыяльнага стымулявання і пачуцця задаволенасці ад выніку настройвае на поспех.
Маё стратэгічнае планаванне заўсёды ўключае кадравае пытанне, якое можна вырашыць сваімі сіламі — праводзячы прафарыентацыйную работу сярод навучэнцаў, расказваючы ім пра магчымасці мэтавага навучання на педагагічных спецыяльнасцях. Што мы і робім. Да нас прыходзяць маладыя настаўнікі — актыўныя ў прафесіі і грамадскай дзейнасці. Некаторыя з’яўляюцца членамі маладзёжнага савета пры Ельскім раённым Савеце дэпутатаў.
Маладых педагогаў заўсёды прымаю ў наш калектыў з радасцю, бо яны нясуць новыя ідэі, крэатыўнасць, творчасць. Увогуле імкнуся быць з усімі ў штодзённым кантакце, каб разумець патрэбы, дапамагаць вырашаць узнікаючыя пытанні, быць у курсе ўзаемадзеяння з вучнямі.
Тамара Мікалаеўна Неўмяржыцкая — настаўніца нямецкай мовы. Ініцыятыўны педагог з невычэрпнай энергіяй, мудрасцю і любоўю да сваёй справы і дзяцей, прыклад працаздольнасці, самааддачы і патрабавальнасці. Тамара Мікалаеўна з’яўляецца класным кіраўніком, вядзе мэтанакіраваную работу па выхаванні і развіцці патрыятызму ў навучэнцаў. Важную ролю ў дзейнасці Тамары Мікалаеўны займае вучэбная і пазакласная работа з навучэнцамі. Штогод яе вучні дэманструюць добры ўзровень ведаў, займаючы прызавыя месцы ў раённых і абласных алімпіядах па нямецкай мове, годна прадстаўляючы раён
— На сёння сярэдняя школа № 2 Ельска — гэта…
— Навучальная ўстанова, у якую кожны дзень прыходзяць 730 навучэнцаў (у нас 33 класы). Тут функцыянуюць 13 груп прадоўжанага дня, 7 класаў інтэграванага навучання.
На трэцяй ступені арганізавана профільнае навучанне. Не першы год запатрабаванымі з’яўляюцца такія прадметы, як матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, грамадазнаўства, замежныя мовы (англійская, нямецкая). Арганізавана работа факультатываў прафарыентацыйнай накіраванасці — педагагічнай, інжынернай, медыцынскай і факультатыўных заняткаў “Гатовы Радзіме служыць!”.
Навучэнцы з першага па адзінаццаты клас актыўна займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах спартыўнай, музычнай, грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Папулярнымі сталі патрыятычныя класы. На сёння іх 5. Дзеці з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі грамадска значных мерапрыемстваў не толькі горада, але і раёна.
— Таццяна Уладзіміраўна, вялікі дзякуй за размову.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара