Таццяна Якубовіч расказала, якія актуальныя пытанні сёння на кантролі галіновага прафсаюза

- 15:00Интервью

У рэспубліканскім Доме прафсаюзаў прайшоў пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Аб выніках 2022 года і планах на будучыню карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.

Добрая памяць наступным пакаленням

— Таццяна Раманаўна, 2022 год быў аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі аб’явіла 2022 год Годам якасці ў рабоце. Якім быў мінулы год для Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі?

— Галіновы прафсаюз узнімае найважнейшыя для людзей пытанні. Гэта і занятасць, і заработная плата, і сацыяльныя гарантыі, і ў цэлым абарона сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў. Гэта тое, што вызначае нармальнае жыццё людзей і іх дабрабыт. А значыць, і стабільнасць у грамадстве. У Год гістарычнай памяці мы правялі глабальнае мерапрыемства ў Дзень народнага адзінства 17 верасня — велапрабег, у якім прыняў удзел міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. У гэты ж дзень мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з Рэспуб­ліканскім валанцёрскім цэнт­рам. У мерапрыемстве бралі ўдзел каля 500 маладых лю­дзей. Такім чынам мы паказалі мола­дзі ролю якаснага ўзаемадзеяння з Міністэрствам адукацыі. Сёння мы дакладна бачым і ставім перад сабой задачу, што кожная пярвічная прафсаюзная арганізацыя (ППА) — гэта ідэалагічны стрыжань у калектыве, ад якога залежыць не толькі павышэнне зарплаты членаў прафсаюза, але і псіхалагічны клімат у калек­тыве.

У найбліжэйшы час выйдзе наш доўгачаканы зборнік у рамках праекта “Педагагічныя дынас­тыі Рэспублікі Беларусь”. Кніга атрымаецца салідная і прыгожая. Сёлета плануем ва ўсіх абласцях правесці святочнае ганараванне з запрашэннем прадстаўнікоў усіх дынастый, дзе ім падорым гэтую кнігу, каб пакінуць добрую памяць наступным пакаленням. Мы ўпэўнены, што прэстыж настаўніка варта ўмацоўваць. Як паказвае практыка, нам разам з Міністэрствам адукацыі і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ўдаецца прыцягваць у педагогіку лепшую моладзь. Шырокае развіццё ў краіне атрымала адкрыццё педагагічных класаў, 30 працэнтаў выпускнікоў якіх мэтанакіравана выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці. Гэта матываваныя навучэнцы, якія ідуц­ь у прафесію па прызванні. І яны вельмі прыметныя ў калектывах, бо, калі мы ў каледжы ці ўніверсітэце выбіраем прафсаюзнага лідара, як правіла, такім лідарам становяцца студэнты педагагічных спецыяльнасцей.

Думаю, вы пагодзіцеся, што галоўнае для прафсаю­за — гэта людзі. Сучасны прафсаюзны лідар — гэта…

— Няма абагульненага вобраза прафсаюзнага лідара, і гэта не залежыць ад узросту — важныя чалавечыя якасці лідара і яго здольнасць браць на сябе адказнасць, прымаць рашэнні. Ёсць вельмі маладыя людзі з унутраным стрыжнем, якія разумеюць, што чалавек працы — гэта самае галоўнае. У любой сітуацыі чалавеку трэба дапамагчы, падказаць, падтрымаць. Калі да нас на прыём прыходзяць людзі, ім не заўсёды патрэбна матэрыяльная дапамога, ім трэба, каб іх выслухалі, падказалі, магчыма, нават прос­та напаілі чаем, не пакінуўшы сам-насам з бядой. Да нас ідуц­ь людзі, у якіх праблемы ў сям’і, і яны не ведаюць, як правільна дзейнічаць. Прафсаюзны лідар — чалавек з адкрытай душой, які здольны пачуць іншага чалавека і дапамагчы яму. Ну і прафесіяналізм ніхто не адмяняў.

Хачу падзякаваць асабіста кожнаму члену прафсаюза і ўсім сацыяльным партнёрам за штодзённую сумесную плённую працу. Толькі разам мы здольны вырашаць усе пытанні, якія знаходзяцца на парадку дня.

Гэта пацвердзіў фінал рэспуб­ліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар”, які стаў значнай па­дзеяй года. Ганаровае званне “Прафсаюзны лідар” у 2022 го­дзе ў намінацыі “Лідар раённай, гарадской арганізацыі прафсаюза” прысвоена Алене Ахрамовіч, старшыні жодзінскай гарадской арганізацыі. Лідарам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі стала старшыня ППА сярэдняй школы № 109 Мінска Інеса Сямёнава, а ў намінацыі “Лідар ППА работнікаў установы сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі” перамагла старшыня пярвічкі работнікаў Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага кале­джа Кацярына Жыгунова.

Таксама прафсаюзным лідарам года ў намінацыі “Лідар ППА навучэнцаў установы сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі” была названа Аляксандра Лукашык, старшыня ППА студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

За лічбамі — людскія лёсы

— Якія актуальныя пытанні сёння на кантролі галіновага прафсаюза?

— Па-першае, мы праводзім маніторынг паўнаты і своечасовасці выплаты заработнай платы. З 1 студзеня бягучага года ў нас крыху змянілася аплата працы, таму гэтае пытанне для нас з’яўляецца прыярытэтам. Галіновы прафсаюз актыўна працуе з Міністэрствам адукацыі. Зараз у нас павысілася аплата працы асобным катэгорыям педагагічных работнікаў, якім яе не павышалі ўжо даўно (метадысты, майстры вытворчага навучання, прафесарска-выкладчыцкі склад).

Па-другое, мы трымаем на кант­ролі будучае павышэнне зарплаты іншым катэгорыям педработнікаў. Мы дакладна разумеем, што планы, запісаныя ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны да 2025 года, мы абавязаны выканаць. Ёсць разу­менне і таго, у які перыяд часу мы зможам павы­сіць заробкі сацыяльным педагогам, педагогам-псіхолагам, выхавальнікам груп прадоўжанага дня і г.д.

Па-трэцяе, прафсаюз напрамую абараняе інтарэсы працоўных. Так, у мінулым годзе мы вярнулі больш за 750 тысяч рублёў людзям, у якіх гэтыя сродкі незаконна ўтрымалі. Мы аднавілі на рабоце 10 педагагічных работнікаў. Можа, лічба і невялікая, але за ёй —  дзесяць людскіх лёсаў. Яшчэ адзін прыярытэт і адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці галіновага прафсаюза — ахова працы. На жаль, няшчасныя выпадкі на рабочым месцы здараюцца, у тым ліку і няшчасныя выпадкі з навучэнцамі. У мінулым годзе ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі № 227 “Аб зацвярджэнні правіл бяспекі, правіл расследавання і ўліку ня­шчасных выпадкаў, якія здарыліся з навучэнцамі”, у распрацоўцы якіх бралі непасрэдны ўдзел тэхнічныя інспектары працы галіновага прафсаюза на чале з галоўным тэхнічным інспектарам працы Марынай Леанідаўнай Лясун. Зараз мы маніторым на месцах, як працуе гэты дакумент, каб у перспектыве ўносіць у яго змяненні і дапаўненні.

— Ведаю, што доўга і цяжка ішло вырашэнне яшчэ адной праблемы — забеспячэння работнікаў арганізацый гарачым харчаваннем…

— На шчасце, тут мы ўжо на фінішнай прамой. Асабіста я шмат удзельнічала ў працы рабочых груп (міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, фінансаў, эканомікі і г.д.), бо пытанне гэта надзвычай важнае. Мы доб­ра разу­меем, што трэба знахо­дзіць альтэрнатыўныя варыянты для таго, каб педагогі мелі права і магчымасць харчавацца ва ўстановах адукацыі. Мы ведаем, што калі ў вялікіх гарадах гэтая праб­лема не была вельмі вострай, то ў райцэнт­рах, у даўно пабудаваных установах адукацыі было цяжка нават прадугледзець уладкаванне пакоя для прыёму ежы. Мы не маглі ў такой сітуацыі пакі­нуць нашых педагогаў. Такім чынам, у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі неабходныя змяненні ўжо ўнесены, мы чакаем толькі пастанову Савета Міністраў, якая, дарэчы, ужо прайшла этап узгаднення. Думаю, у найбліжэйшы час атры­маем гэты дакумент, па якім і бу­дзем працаваць.

Убачыць кожнага

— Галіновы прафсаюз з’яўляецца самай буйной членскай арганізацыяй ФПБ па колькасці маладзёжных пярвічак. Раскажыце, як удаецца так якасна працаваць з моладдзю.

— Аналізуючы статыстыку, мы ўбачылі, што ў нас каля 33 працэнтаў членаў арганізацыі складае моладзь, таму стварылі ў сябе аддзел па рабоце з моладдзю. Год назад быў запушчаны пілотны праект, калі галіновы прафсаюз фінансаваў сацыяльна значныя ініцыятывы ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сёлета мы вырашылі пашырыць гэтую практыку і сярод навучэнцаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама працуючай моладзі. Так, з бягучага года бу­дзе дзейнічаць новае палажэнне, дзе прадугледжана фінансаванне сацыяльна значных праектаў сярод розных катэгорый мола­дзі. Мы бачым, што нашы навучэнцы здольныя прыдумаць якасныя праекты і ўкласці ў іх рэалізацыю кожны выдаткаваны рубель. Адзначу праект Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна: студэнты стварылі ваенна-патрыятычны клуб “Рубеж” і на сродкі, выдаткаваныя галіновым прафсаюзам, набылі касцюмы і атрыбутыку для гістарычных рэканструкцый. Дарэчы, кіраўніком праекта з’яўляецца студэнт універсітэта.

З моладдзю неабходна працаваць. І мы гэта дакладна разумеем. Пару тыдняў назад усе перажылі ўсплёск актыўнасці так званай “ПВК Родан”. Здавалася б, нічога не прадвяшчала бяды, праб­лема ўзнікла літаральна з павет­ра… Мы бачым, што нельга расслабляцца, бяда можа прыйсці збоку, адкуль яе ніхто не чакаў. Тут важна давесці падлеткам, што за любое сваё дзеянне яны бу­дуць несці адказнасць. І давесці гэта павінны мы, дарослыя, педагогі, члены ўсіх грамадскіх арганізацый, а не толькі галіновага прафсаюза. Нам важна выхаваць пакаленне патрыётаў, а не пакаленне спажывальнікаў.

Сучасныя маладыя людзі, па маім меркаванні, разумнейшыя і смялейшыя за нас. Яны пастаянна самаўдасканальваюцца, безупынна шукаюць спосабы зарабіць грошай, узбагаціцца новымі ведамі. Тыя юнакі і дзяўчаты, якія хочуць вырасці ў прафесіяналаў, гэта дакладна разумеюць. Я вельмі часта сустракаюся з моладдзю і радуюся, калі бачу іх светлыя, прыгожыя, разумныя твары і вочы, якія гараць новымі ідэямі. Для галіновага прафсаюза стала практыкай накіроўваць наймальнікам інфармацыйныя пісьмы, калі да іх прыходзіць на работу малады прафсаюзны актывіст. Мы гэта робім, каб нашы актывісты не згубіліся ў новым працоўным калектыве.

Мы ўпэўнены, што прэстыж настаўніка варта ўмацоўваць. Як паказвае практыка, нам разам з Міністэрствам адукацыі і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ўдаецца прыцягваць у педагогіку лепшую моладзь.

Нашы маладзёжныя лідары наладжваюць зносіны і абменьваюцца вопытам з маладымі калегамі з краін СНД, Егіпта, Турцыі. Такое супрацоўніцтва мы будзем працягваць. Нам ёсць чаму павучыцца і чым падзяліцца.

— Работа з ветэранамі — залатым фондам галіновага прафсаюза — яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці?

— Згодна з вамі. У кожнай вобласці мы маем ветэранскую арганізацыю. Мы запрашаем ветэранаў працы на ўсе мерап­рыемствы, якія праводзім, аказ­ваем матэрыяльную дапамогу. У рэгіёнах і на месцах работа з ветэранамі не зводзіцца толькі да віншавання з юбілейнымі датамі, ім аказваецца дапамога па гаспадарцы — у любой рабоце, якая ім неабходна. Праўда, нашы ветэраны — людзі надзвычай сціплыя: калі мы самі да іх не прый­дзем, то яны могуць і не папрасіць аб дапамозе. Таму мы не чакаем іх просьбаў, а ідзём да ветэранаў працы самі. Для нас гэта вельмі ганарова, бо ветэраны — наш фундамент, і мы не маем маральнага права пра іх забываць.

Толькі разам

— Надоечы прайшоў пленум галіновага прафсаюза. Што б вы хацелі сказаць яго ўдзель­нікам і ўсім чытачам “Настаўніцкай газеты”?

— Мы пражылі няпросты 2022 год, аднак нам многае ўдалося. Наперадзе таксама сур’ёзны год, калі мы будзем рыхтавацца да адзінага дня галасавання. Задач у нас шмат. Хачу падзяка­ваць асабіста кожнаму члену прафсаюза і ўсім сацыяльным парт­нёрам за штодзённую сумесную плённую працу. Толькі разам мы здольны вырашаць усе пытанні, якія знаходзяцца на парадку дня.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА,
а таксама з архіва Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі