Таццянін райскі куток: педагог з Іванава расказала пра незвычайныя захапленні

- 14:16Репортаж

Настаўніца англійскай і нямецкай моў сярэдняй школы № 4 Іванава Таццяна Юхнік расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра свае незвычайныя заалагічна-батанічныя захапленні.

…Залатыя фазаны ўміг разляцеліся па клетцы, таму што з’яўляюцца баязлівымі птушкамі. Рознакаляровыя прыгажуны­-самцы супакоіліся хутчэй, чым шэра­карычневыя, падобныя да курапатак, самкі.

— За прыгажосць гэтых птушак і трымаю. І яйкі ў іх больш карысныя, чым курыныя, — усміхаючыся, знаёміць з рэдкімі для мясцовасці эксклюзіўнымі птушкамі іх гаспадыня-заводчыца.

Таццяна Юхнік вядомая сваімі незвычайнымі заалагічна-батанічнымі захапленнямі.

— Пачалося ўсё з таго, што купіла інкубатар, а таксама 10 інкубацыйных яек, з якіх вывелася шэсць куранят:
два пеўнікі і чатыры курачкі — спрыяль­нае спалучэнне для стварэння фазанавай сям’і. З-за прыгажосці фазанаў-самцоў гэтых птушак сталі разво­дзіць у Еўропе і на іншых кантынентах для ўпрыгожвання заапаркаў, птушкаферм і прыватных падворкаў. З такой эстэтычнай мэтай развяла іх у сябе і я. Муж Міхаіл, вітаючы мае пачынанні, зрабіў для фазанаў вальеру, дзе яны нават зімуюць. Сілкуюцца залатыя фазаны, як і хатнія куры:  ядуць зерне пшаніцы, трыцікале, лю­бяць зеляніну гатункавай травы. Вельмі падабаецца птушкам зерне кукурузы — здзёўбва­юць прама з катаха ўшчэнт. Але фазаны, асаб­ліва самкі, птушкі з характарам. Яны мо­гуць весці барацьбу за захоп гнязда, каб адкласці яйка. Для бяспекі на дзюбу нясушак надзяваю шоры-­акуляры, — тлума­чыць Таццяна.

Завесці райскіх птушак фазанаў Таццяне было нескладана, бо да гэтага яна займалася перапёлкамі. Зараз у закрытай вальеры, таксама зробленай мужам, знаходзіцца больш за 200 перапёлак. Жывуць птушкі ў вялікай цеснаце, па тэхналогіі закладваецца 15 см плошчы на галаву, каб увесь час захоўвалася цяпло. За дзень перапёлкі нясуць як мінімум 70 яек. У адрозненне ад хатніх курэй, яны з’яўляюцца яйканоснымі круглы год.

У маладой і прыгожай мамы тры дачкі: Каця (скончыла першы курс сталічнага медуніверсітэта) і школьніцы Паліна і Аня. У раннім узросце дзяўчынкі часта хварэ­лі, баць­кі Юхнік вырашылі змя­ніць дзіцячы рацыён ха­рча­вання, узяўшы за аснову натуральныя прадукты. Каця з Палінай спачатку крывіліся ад маленькіх вараных стракатых яек, а маленькая Аня адразу стала піць іх сырымі.

Яшчэ Таццяна Юхнік марыць завесці эму — птушку, падобную на страуса. Прычым купіць не гатовае птушаня, а вывесці яго з яйка, што значна цікавей.

Прысядзібны ўчастак замалы для гэтага: у эму даўжыня цела большая за 2 метры, і бегае гэтая аўстралійская птушка з хуткасцю 50 км у гадзіну. Разгоніцца раз-другі — бывай, агарод: кветкі, ягады, агуркі і памідоры. Гэта і стрымлівае азартную Таццяну Юхнік, тым больш што яе прысядзібная фларыстыка нагадвае кавалачак батанічнага саду.

Буйныя шматгадовыя расліны хаста і юка, кусты шыкоўных руж, лекавыя травы для чаёў і іншыя экзоты растуць на невялікім участку. Кус­ты высакарослых буякоў даўно сталі брэндавымі раслінамі, якія даюць багаты ўраджай. Каштоўныя і самыя вялікія ягады кавуны таксама выспяваюць на цуда-агародзе. Садовых дрэў няшмат, але, акрамя традыцыйных яблынь, груш і сліў, тут рас­туць персік, абрыкос і нават хурма. Рука ў гаспадыні лёгкая, зямля ўрадлівая, таму Юхнікі заўсёды з ураджаем.

На дачок Паліну і Аню ўжо можна пакінуць перапёлак і фазанаў — накормяць і напояць іх. А без залатых рук мужа Міхаіла, які выбудаваў сістэму кармлення і паення птушак, арашэння раслін, гаспадарка не была б
такой квітнеючай.

Тамара ХАМІЦЭВІЧ
Фота аўтара