Таты могуць усё

- 18:13Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Запрашаем у незвычайнае падарожжа — папрысутнічаць на ўроках, дзе ў ролі настаўнікаў выступілі бацькі выхаванцаў ясляў­сада № 2 Сянна.   

Работу з бацькамі ў дашфкольнай установе можна ўявіць у выгля­дзе вялікага карабля, які будзе паспяхова плыць толькі тады, калі мае згуртаваны, зладжаны экіпаж. Гэта бацькі і педагогі, юнгі — дзеці, а вызначае правільны напрамак і кіруе ім дасведчаны капітан — загадчык. Карабель не плыве без ветру і ветразяў. Ветразі — гэта розныя формы ўзаемадзеяння, яны нада­юць рух нашаму караблю. Дзеля чаго педагогі ўстановы адукацыі праяўляюць ініцыятыву і вызначаюць, як узаемадзейнічаць з баць­камі на карысць дзяцей, якія разнастайныя формы і метады прымя­ніць для далучэння да “плавання карабля” законных прадстаўнікоў.

Вывучаючы вопыт калег па ўзаема­дзеянні з бацькамі, нашы педагогі звярнулі ўвагу на такую эфектыўную форму педагагічнай падтрымкі дзяцей ад 2 да 3 гадоў і іх бацькоў, як “Татава школа”. Вырашылі выкарыстоўваць азначаную форму, але крыху ў іншым ключы. Такім чынам наш “карабель” узняў ветразі: стартаваў творчы праект “Фарміраванне актыўнай бацькоўскай пазіцыі ў татаў праз стварэнне арганізацыйнай формы работы “Татава школа”. 

Любое падарожжа цікавае і прадукцыйнае тады, калі існу­юць партнёрскія кантакты паміж усімі членамі экіпажа. Маршрут пабудаваны і вывераны, першы пункт прыпынку — “Актыўныя формы ўзаема­дзеяння”. Гэта вясёлыя спаборніцтвы, квест-гульні, экскурсіі і іншыя мерапрыемствы. Дзеці разам з татамі спаборнічалі ў сіле, спрыце, кемлівасці, хуткасці ў спартландыі “Таты могуць усё!”, спартыўным свяце “Падарожжа ў свет бяспекі!”, квест-гульні “Форд Баярд”. Атрымаліся сапраўдныя прыгоды, якія падарылі ўсім мноства станоўчых эмоцый. Бацькі дзякавалі педагогам за магчымасць у нефармальнай атмасферы правесці час са сваімі дзецьмі.

Другі прычал — “Анлайн-зносіны”. Мы арганізавалі сустрэчу ў профілі Instagram на тэму “Вялікая сям’я — вялікая ра­дасць”. Удзельнікі актыўна абмяркоўвалі пытанні: што аб’ядноўвае бацькоў і дзяцей, якія традыцыі існуюць у сем’ях, а таксама паспрабавалі сілы ў гульнях “Гарачая пара для ўсёй сям’і” і “Чароўны мяшочак”, падзяліліся сакрэтамі ўдалых кадраў і арыгінальнымі ідэямі для фотаздымкаў. Гэтая форма работы выклікала цікавасць і ва ўдзельнікаў, і ў арганізатараў.

У выніку сумеснай работы татаў і дзяцей з’явілася прыгожая, утульная і трывалая шпакоўня, якая заняла ганаровае месца на тэрыторыі дзіцячага сада.

Між тым карабель прыплывае на наступны прычал — “Татавы ўрокі”. Тут мы прабылі крыху даўжэй, бо заняткаў сабралася на цэлы цыкл. Таты азнаёмілі дзяцей са сваімі прафесіямі, хобі. Першы ўрок правёў Максім Аляксандравіч Фёдараў. Тэмай ён выбраў “Домік для птушак”. Дзеці прынялі ўдзел у працэ­се яго стварэння: даведаліся, якія інструменты неабходны, які матэрыял лепш выкарыстоўваць. У выніку сумеснай работы ўсіх парадавала прыгожая, утульная і трывалая шпакоўня, якая заняла ганаровае месца на тэрыторыі дзіцячага сада. У парку Трох герояў, што знаходзіцца ў нашым горадзе, выхаванцы былі не раз. Урок-экскурсія пад кіраўніц­твам Леаніда Канстанцінавіча Шняка дазволіла ім убачыць усё па-новаму. Былы артылерыст і да таго ж педагог пра кожны экспанат расказаў  нешта асаблівае, запамінальнае. Інфармацыя падавалася ў даступнай для малых форме, зразумелай мовай. Шмат станоўчых эмоцый пакінула сустрэча з Яўгенам Ана­тольевічам Караткевічам — міліцыянерам-кінолагам Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Ён прыйшоў ра­зам са сваім чатырохногім напарнікам, нямецкай аўчаркай. Яўген Анатольевіч не толькі растлумачыў, у чым заключаецца яго работа, але і паказаў, чаму навучаны службовы сабака.

А караблік плыве і плыве… Наступны ўрок — музычны. У дзіцячым са­дзе загучала гітара, балалайка, флейта… Было адчуванне, што ў госці зазірнуў чараўнік, які зачараваў нас сваёй музыкай. Выхаванцы слухалі затаіўшы дыханне, а калі Аляксандр Мікалаевіч Атрошкін прапанаваў ім бліжэй пазнаёміцца з інструментамі — падтрымаць і сы­граць — захапленню не было меж! Усе захацелі пабыць удзельнікамі імправізаванага ансамбля і дружна паабяцалі: калі крыху падрастуць, то абавязкова прыйдуць вучыцца ў музычную школу.  Станцыю “Бурбін” Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі на “Татавых уроках” прадстаўляў Уладзімір Вячаслававіч Скіба. Урок ён пабудаваў у выгля­дзе падарожжа па розных станцыях: “Віды чыгуначнага транспарту”, “Правілы бяспечных паводзін”, “Роля чыгункі ў жыцці чалавека”. Гэтая сустрэча асабліва моцна ўразіла хлопчыкаў, якія бурна каменціравалі і абмяркоўвалі пачутае.

Падчас сустрэчы на тэму “Вялікая сям’я — вялікая радасць” удзельнікі абмяркоўвалі пытанні: што аб’ядноўвае бацькоў і дзяцей, якія традыцыі існуюць у сем’ях, а таксама падзяліліся арыгінальнымі ідэямі для фотаздымкаў.

Падчас плавання па маршруце “Татава школа” экіпаж судна прыняў актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта, дзеці і дарослыя з карысцю правялі час. Прычым гэта толькі адзін з маршрутаў у спісе запланаваных рэйсаў нашага судна, якія цікавыя і педагогам, і выхаванцам, і іх бацькам. Наш карабель заўсёды стаіць пад ветра­зямі, бо мы не спыняемся на дасягнутым і працягваем шукаць новыя формы супрацоўніцтва з бацькамі. Жадаем яму шчаслівага плавання.

Марына БАРЫТКА, 
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 2 Сянна.