Таямніцы “Чорнай кнігі”

У выдавецтве “Беларуская навука” ўпершыню выйшла “Чорная кніга флоры Беларусі: чужародныя шкодныя расліны”, падрыхтаваная вялікім калектывам вучоных Нацыянальнай акадэміі навук. Мы пагарталі  ўнікальнае выданне разам з яго аўтарамі — супрацоўнікамі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Дзмітрыем ДУБОВІКАМ і Аркадзем СКУРАТОВІЧАМ.

Дзмітрый ДУБОВІК:

— Перш чым пасадзіць якую-небудзь “прыгажосць”, людзі павінны сто разоў падумаць: чым гэта можа адгукнуцца.

Як паведамілі суразмоўнікі, над “Чорнай кнігай” працавалі каля 20 аўтараў некалькі гадоў. Яе выхаду папярэднічала папулярнае, вельмі маляўнічае, выданне “Расліны-агрэсары. Інвазійныя віды на тэрыторыі Беларусі” (2017). Але “Чорная кніга” — гэта ўжо навуковая праца, з вялікай тэкставай часткай, картасхемамі і фотаздымкамі, дзе падрабязна апісаны біялагічныя і экалагічныя асаблівасці 52 відаў найбольш шкодных для Беларусі чужародных раслін.

У лік “чарнакніжнікаў” увайшлі вядомыя ўсім баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, эхінацысціс лопасцевы (у нас яго часта памылкова называюць шалёным агурком), а таксама іншыя, на першы погляд, бязвінныя і нават карысныя віды (аронія Мічурына, ці чарнаплодная рабіна, ірга каласістая, астры лазовая і новабельгійская і інш.). У кнізе апісана гісторыя пранікнення гэтых агрэсараў на тэрыторыю нашай краіны, дадзены рэкамендацыі, як спыніць іх далейшае распаўсюджванне.

Тыраж “Чорнай кнігі” — 700 асобнікаў. Аўтары спадзяюцца, што яна будзе запатрабаванай сярод спецыялістаў лясной гаспадаркі, зялёнага будаўніцтва і аховы навакольнага асяроддзя. Дзякуючы прадстаўленай інфармацыі, яны мо­гуць выявіць агрэсіўныя віды на сваіх тэрыторыях і па­чаць змаганне, пакуль праблема не набыла глабальных маштабаў. А ўвогуле “Чорная кніга” будзе цікавая ўсім экалагічна адказным грамадзянам, школьнікам, якія гатовы не проста назі­раць, а быць актыўнымі захавальнікамі прыроды.

Аркадзь СКУРАТОВІЧ:

— “Чорная кніга” — гэта зварот вучоных да грамадзян краіны. Кожны з нас на сваім участку і побач з домам павінен змагацца з інвазійнымі відамі, каб спыніць іх далейшае распаўсюджванне.

Прыгожыя і каварныя

Гартаючы “Чорную кнігу”, звяртаем увагу, што амаль усе расліны на фотаздымках вельмі прыгожыя. Суразмоўнікі пацвярджаюць: многія з іх праніклі на нашу тэрыторыю дзякуючы менавіта сваёй дэкаратыўнасці. Іх завезлі сюды дзеля ўпрыгажэння паркаў і садоў, а цяпер, калі яны апанавалі вялізныя тэрыторыі, любавацца імі ўжо зусім не хочацца.

У кнізе ў пачатку кожнага артыкула ўказаны статус віду паводле яго небяспечнасці (А1, А2 і А3, дзе першы — самы агрэсіўны).

— Віды, якія адносяцца да катэгорыі А1, называюць трансформерамі, бо яны цалкам трансфармуюць навакольнае асяроддзе, — тлумачыць Аркадзь Скуратовіч. — Калі такія расліны пасяляюцца ў пойме ракі, лічыце, што кавалак ракі ў яго звыклым выглядзе будзе вынішчаны. Гэтак жа да непазнавальнасці мяняюцца ўзлескі, лугі, нават пушчы.

Яскравы прыклад віду-трансформера — эхінацысціс лопасцевы, які беларусы вырошчвалі як дэкаратыўную расліну. Пэўны час ён рос на лецішчах, але потым пранік у поймы рэк, дзе пачаў імітаваць тыя ж умовы, што былі на яго радзіме ў Паўночнай Амерыцы.

— Але ў Амерыцы ў гэтага віду ёсць натуральныя шкоднікі, яго распаўсюджванне стрымлівае міжвідавая канкурэнцыя, — гаворыць Аркадзь Мікалаевіч. — А ў нас ён вырваўся на волю і нічым не стрымліваецца. Эхінацысціс сцелецца па зямлі, а калі дабіраецца да кустоў, то пакрывае іх густой шапкай (20—30 см) — уніз не пранікае ні промня святла, і ўсё гіне. Нават вербалозы, якія, здавалася б, нічым не выні­шчыць, гінуць пад націскам эхінацысціса — ён становіцца адзі­ным гаспадаром на вялізных тэрыторыях.

Дзмітрый Дубовік знаходзіць у кнізе выявы чырвонага дуба, які калісьці ўвялі ў лясы Белавежскай пушчы. Нягле­дзячы на тое, што ёсць свае віды дуба, вырашылі пасадзіць “амерыканца”, бо ён хутка расце (секчы яго можна ва ўзросце 100 гадоў, а нашым дубам трэба расці хаця б да 120). А ўвосень у амерыканскага дуба вельмі прыгожае чырвонае лісце.

— Зараз гэта сапраўдны біч Белавежскай пушчы, — гаворыць Дзмітрый Васільевіч. — Тут у яго няма натуральных шкоднікаў. Лісце падае густой падушкай і доўга не гніе, у выніку пад дрэвамі нічога не прарастае, абарыгенныя віды выцясняюцца. Чырвоны дуб, у адрозненне ад нашых, пачынае рана пладаносіць. І калі нашы жалуды вельмі любяць жывёлы, то жалуды чырвонага дуба нікому не падабаюцца (у Амерыцы іх паядаюць дзікія індычкі), таму парасткі прарастаюць густа, як шчотка. Змагацца з гэтым вельмі складана.

І такіх відаў, прыгожых і небяспечных, шмат. Сумна вядомы рабіннік калісьці высаджвалі як дэкаратыўную расліну на багатых сядзібах і ў парках, пазней ён з’явіўся ў звычайных палісадніках. Асаблівасць рабінніка ў тым, што ён дае вельмі моцны карнявы параснік. І калі за ім не сачыць, то з цягам часу ўтвараюцца непраходныя зараснікі (сёння гэта можна бачыць у закінутых парках, на старых могілках).

— Мы знайшлі зараснікі рабінніку на акадэмічных леці­шчах недалёка ад Нарачы і ўбачылі, як моцна ён трансфармаваў навакольны ландшафт, — расказвае Аркадзь Скуратовіч. — Дзеці акадэмікаў успамінаюць, які быў там калісьці лес — чысты грыбны бор! А зараз ад сосен нічога не засталося, усё пакрыта рабіннікам.

У “Чорнай кнізе” для кожнага віду вучоныя прапаноўва­юць меры барацьбы, але падкрэсліваюць, што ўпушчаны дзесяцігоддзі і праблему не вырашыць за год ці два. Патрэбен комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку прафілактычных, заснаваных на поўнай забароне агрэсіўных відаў.

Як адбываецца экспансія

— Значная частка з прадстаўленых 52 відаў калісьці культывавалася чалавекам для нейкіх гаспадарчых патрэб — харчовых, кармавых, дэкаратыўных, — тлумачыць Дзмітрый Дубовік. — А потым за імі не ўсачылі. Не было належнага маніторынгу, і гэтыя віды літаральна за некалькі дзесяцігоддзяў праявілі свае агрэсіўныя ўласцівасці. Вось чаму мы настойваем: пры інтрадукцыі любога віду, перш чым увесці яго ў культуру, трэба ўважліва вывучыць, як ён сябе паводзіць, ці дае самасеў, ці дзічэе і г.д.

Абляпіха, чаромха позняя, аронія Мічурына, ірга, дзявочы вінаград, тапінамбур — многія гаспадары нават не задумваюцца, што гэтыя віды, калі вырываюцца на волю, мо­гуць хутка ператварыць тэрыторыі пад сябе. 

— “Чорная кніга” — гэта зварот вучоных да грамадзян краіны, — гаворыць Аркадзь Скуратовіч. — Кожны з нас на сваім участку і побач з домам павінен змагацца з інвазійнымі відамі, каб спыніць іх далейшае распаўсюджванне.

Вучоны расказвае, што ўжо аронія Мічурына выйшла
з-пад кантролю і пайшла гуляць па лясах і ўзлесках. Здавалася б, каштоўныя лекавыя ягады! Але ўраджай не паспяваюць своечасова сабраць, птушкі разносяць насенне — і, як вынік, від трапіў у “Чорную кнігу” (пакуль найменш небяспечны статус А3).

— Падобная сітуацыя была з бузіной чырвонай, — тлумачыць Аркадзь Мікалаевіч. — Гэты від актыўна культывавалі памешчыкі ў 20—30-х гадах мінулага стагоддзя ў садах і лясах (ягады лічыліся добрай падкормкай для птушак). Зараз, праз 100 гадоў, бузіна чырвоная ёсць амаль у кожным лесе. Тое ж будзе і з ароніяй — яна таксама запоўніць нашы лясы, калі мы не спрацуем на апярэджанне.

Вучоныя гавораць, што можна вырошчваць на сваім участ­ку любыя ягады, але трэба цалкам збіраць увесь ураджай.

— Калі вы хочаце вырошчваць іргу — даволі дэкаратыўны куст са смачнымі і карыснымі ягадамі, — то гэта не забараняецца, — гаворыць Аркадзь Скуратовіч. — Толькі ёсць некалькі ўмоў. Першая і галоўная — не пускайце справу на самацёк. Абрэжце куст максімум да 2 метраў. Без абрэзкі ірга можа вырасці да 8 м, і, зразумела, ні вы, ні вашы дзеці да ягад не даберацеся. Затое дабяруцца птушкі, якія разнясуць насенне па ўсіх навакольных лясах. За некалькі дзесяцігоддзяў вырастуць зараснікі іргі, якія могуць змяніць лясы да непазнавальнасці. Знікнуць грыбы, ягады, лекавыя расліны, пазарастаюць сцежкі. Таму падразайце куст і збірайце ўсе плады. А каб птушкі вас не апярэдзілі, накрыйце зверху кавалкам спанбонду. Так і вы застаняцеся з ураджаем, і прыродзе будзе добра.

Экспансія інвазійных відаў адбываецца даволі хутка, і нават менш зімастойкія расліны за доўгі перыяд культывавання сфарміравалі ўстойлівыя да замаразкаў клоны.

— Тая ж галінзога (навязлівае пустазелле, вядомае пад назвай “амерыканка”) напачатку вельмі пакутавала ад замаразкаў, а зараз мы назіраем, што яна вытрымлівае нават да 5 градусаў марозу, — гаворыць Дзмітрый Дубовік. — Але галінзога не з’яўляецца відам-трансформерам, бо расце толькі па парушаных месцах. Лясам і лугам яна не пагражае, бо не вытрымлівае там канкурэнцыі.

— Дарэчы, многія вяскоўцы пасля праполкі адда­юць “амерыканку” свойскім жывёлам — свінням, козам, карове, — дадае Аркадзь Мікалаевіч. — Рабіць гэта ні ў якім разе нельга. Справа ў тым, што насенне не ператраўліваецца жывёламі, трапляе ў гной і вясной ці восенню ў вялікай колькасці зноў трапляе на палі. Каб пазбегнуць бясконцай праполкі летам, не карміце жывёлу галінзогай. Гэта вельмі каварная расліна: нават калі вы зламаеце галінку з няспелым насеннем, лежачы, яно саспее і потым прарасце.

Пра грамадзянскую адказнасць

У барацьбе з інвазійнымі відамі вучоныя разлічваюць на свядомасць насельніцтва.

— Калі я гавару пра шкоду сумніку, пчаляры абураюцца, маўляў, такі добры меданос! — расказвае Аркадзь Скуратовіч. — Тады я паказваю ім фотаздымкі, дзе сумнік адваяваў велізарныя плошчы, выцесніўшы традыцыйныя віды раслін з лугоў і ўзлескаў. Заклікаю, калі хочаце вырошчваць сумнік як меданос, абмяжуйце тэрыторыю з усіх бакоў, каб ён нікуды не збег, і зрывайце кветкі да таго, як паспее насенне. Памятайце, што адзін куст — гэта 80 тысяч насення (усходжасць каля 90%)! Дробна змяльчыце кветкі і рэшткі закапайце. Зрэшты, сумнік — меданос не вельмі добры, здабытак з яго невялікі.

Дарэчы, пасля напісання “Чорнай кнігі” вучоныя не спынілі маніторынг і працягваюць сачыць за сітуацыяй.

— Некаторыя расліны не паспелі ўвайсці ў кнігу, але за гэты час паказалі сябе як непажаданыя інвазійныя віды, — расказвае Дзмітрый Дубовік. — Так, літаральна на вачах становіцца агрэсіўнай свідзіна белая. Насенне разносіцца птушкамі, і ў сырых забалочаных месцах мы ўжо назіраем непраходныя зараснікі. Здавалася б, прыгожы дэкаратыўны куст, які вырошчваецца ў гарадах і мястэчках. Але па­трэбны пастаянны маніторынг, каб не дапускаць яго пранікнення ў прыроду.

— Усё пачынаецца з безгаспадарлівасці, — дадае Аркадзь Скуратовіч. — На закінутыя ўчасткі, як полчышчы саранчы, нясуцца інвазійныя віды. Землі там распрацаваныя, угноеныя, пры гэтым канкурэнцыя на іх невысокая, і агрэсары пачынаюць панаваць. Таму, калі ўчастак вам ужо не па­трэбны, пасейце шматгадовую траву (цімафееўку, купкоўку, лоліум ці іншыя злакі). Праз пару гадоў у вас будзе добры луг без шкодных агрэсараў. А яшчэ прашу ніколі не выкі­даць ніякага смецця за межы ўчастка. Нават маленькі кавалак расліны (семка, карэньчык, парастак), які трапіць за плот, можа стаць прычынай вялікага бедства.

Прастор для даследчай дзейнасці

“Чорная кніга”, безумоўна, зацікавіць юных натуралістаў. Нашы суразмоўнікі ўпэўнены, што дзеці, захопленыя біялогіяй і экалогіяй, могуць знайсці ў ёй шмат тэм для будучых даследаванняў.

— Школьнікам варта звярнуць асаблівую ўвагу на карты распаўсюджвання, якія прыводзяцца ў кнізе для кожнага віду раслін, — гаворыць Аркадзь Скуратовіч. — Яны могуць суаднесці гэтыя карты з картай сваёй мясцовасці і дапоўніць нашы апісанні сваімі назіраннямі. Гэта і для навукі карысна (мы ж не можам даследаваць кожны пералесак у краіне), і для дзяцей вельмі добры даследчы вопыт. Важна, што гэта не ахоўныя расліны, дзе работу стрымлівае маральны аспект: рэдкія віды нельга зрываць, нельга таптацца ў зоне іх вырастання і г.д. З інвазійнымі раслінамі можна рабіць усё, што заўгодна: зрываць, вывучаць, ствараць гербарыі і г.д. Мы будзем удзячныя навучэнцам, калі яны возьмуцца даследаваць прышкольныя наваколлі на прадмет наяўнасці там шкодных чужародных раслін.

— Тут ёсць над чым працаваць, — падтрымаў калегу Дзмітрый Дубовік. —  Для барацьбы з інвазійнымі відамі важна ведаць, калі яны пачынаюць цвісці і пладаносіць (у розных раёнах даты могуць істотна адрознівацца), у якой колькасці даюць плады, якія птушкі іх паядаюць і, адпаведна, разносяць насенне, умовы прарошчвання і размнажэння і г.д. Некаторыя аспекты адлюстраваны ў кнізе, але далёка не ўсе. Школьнікі могуць вывучаць інвазійныя расліны і дапаўняць “Чорную кнігу”.

У новым выданні прадстаўлены таксама шырокі спіс (246 відаў) патэнцыяльна інвазійных раслін. Яны пакуль не наносяць істотнай шкоды, але ў перспектыве могуць выйсці з-пад кантролю і стаць небяспечнымі для прыроды. За імі таксама трэба сачыць.

— І гэта другое заданне для навукова-даследчай работы школьнікаў, — гаворыць Аркадзь Скуратовіч. — Маючы сучасныя гаджэты, няцяжка загугліць назвы гэтых відаў на латыні ці па-руску і знайсці іх выявы. Можна параўнаць знойдзеныя ў прыродзе расліны з тымі, што вы ўбачылі ў інтэрнэце, і, калі ёсць падабенства, сабраць гербарый, паказаць нам. Разам мы можам дасягнуць лепшых вынікаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.