Таямніцы гомельскіх вуліц

- 11:45Краязнаўства

Нягледзячы на пэўныя абмежаванні, экскурсіі педагогаў і навучэнцаў па адметных куточках нашай краіны працягваюцца. Пры гэтым у кожным рэгіёне складваюцца свае традыцыі адукацыйнага турызму. Пытанням турыстычна-экскурсійнай дзейнасці ўстаноў адукацыі быў прысвечаны нядаўні рэспубліканскі семінар, дзе яркі вопыт прадставіла загадчык аддзела турызму і краязнаўства Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Віктараўна Прыскока.

Турызм — з’ява разнастайная, прыцягальная, захапляльная. Ён бывае спартыўны, краязнаўчы, экалагічны, сельскі, прамысловы, рэлігійны, настальгічны. Паняцце “адукацыйны турызм” з’явілася адносна нядаўна. Адметнасць адукацыйнага турызму ў тым, што ён можа аб’ядноўваць усе вышэйназваныя напрамкі, пры гэтым забяспечвае бесперапыннасць і даступнасць адукацыі, замацоўвае і пашырае веды, атрыманыя на вучэбных занятках. Невыпадкова Міністэрствам адукацыі распрацаваны пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, якія рэкамендаваны для наведвання педагогамі і навучэнцамі.

На думку Людмілы Віктараўны, для эфектыўнасці такіх экскурсій важныя не столькі ўнікальнасць мясцін, праз якія пралягаюць маршруты, не аб’ём інфармацыі, якую прадастаўляюць экскурсаводы, а форма яе падачы. А што дзеці любяць больш за ўсё? Канечне, гульню. Менавіта падчас гульні хлопчыкі і дзяўчынкі найбольш эфектыўна засвойваюць атрыманыя ад экскурсавода звесткі. Заўвагі кшталту “слухайце ўважліва”, “перастаньце свавольнічаць” ад кіраўніка экскурсійнай групы ў такім выпадку не гучаць. Дзеці ахвотна спазнаюць родную вёску або горад, яго вуліцы, будынкі. Самая папулярная форма экскурсіі-гульні — гэта квест-экскурсія, якая дазваляе вучням весела правесці час на свежым паветры, пры гэтым выконваючы розныя цікавыя заданні.

Квесты ўжо не з’яўляюцца наватарскай формай экскурсій, яны рэгулярна праводзяцца ў многіх населеных пунктах для навучэнцаў розных узростаў. Каб зацікавіць школьнікаў, важна выбраць тэматыку квеста. “Дзецям падабаецца рух, змена ўмоў, розныя галаваломкі. Хаця распрацоўваць заданні для квестаў педагогам яшчэ больш складана, чым дзецям іх выконваць. Адным з самых першых квестаў, які правялі супрацоўнікі нашага цэнтра, стала мерапрыемства “А можа, не было вайны?”, у аснову якога лягла песня знакамітага барда. Мы пастараліся абыграць кожны радок песні. Дарэчы, гэта можна зрабіць у адносінах да любога населенага пункта. Падчас квест-экскурсіі дзеці наведалі ў цэнтры Гомеля месца, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся дулаг-121. Тут загінула каля 100 тысяч чалавек. Азнаёміліся з лёсам былога дырэктара чыгуначнага тэхнікума Мікалая Мікалаевіча Кунцэвіча, які загінуў 18 жніўня 1941 года ў баі пад Гомелем. Таксама мы наведалі музей ваеннай славы, дзе, згодна са словамі песні, навучэнцам было прапанавана знайсці “шмайсер”. Праслухайце песню, і вы пераканаецеся, што можаце правесці падобны квест і ў сваім населеным пункце ўласнымі сіламі або дамовіўшыся з музеямі сістэмы культуры і ўстаноў адукацыі. Гэта будзе залежаць ад таго, якія заданні вучні будуць выконваць падчас мерапрыемства”, — паведаміла Людміла Віктараўна.

Гарадскі квест можа быць пабудаваны і вакол імя знакамітага земляка або, наадварот, чалавека, чый лёс малавядомы, але, безумоўна, заслугоўвае ўвагі нашчадкаў. У якасці такога прыкладу педагогі аддзела турызму і краязнаўства выбралі імя архітэктара Станіслава Данілавіча Шабунеўскага. Гэта чалавек складанага лёсу, на жыцці якога адбіліся ўсе трагічныя падзеі першай паловы ХХ стагоддзя. Ён загінуў на Беламорканале пасля 1937 года. У Гомелі захавалася шмат будынкаў, узведзеных па яго праекце. Дарэчы, у 2018 годзе С.Д.Шабунеўскаму было пасмяротна прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Гомеля. Знаёмства з гэтымі будынкамі, іх цікавай архітэктурай, планіроўкай адбылося падчас квеста “Ішоў па горадзе майстар”.

“Мерапрыемства мы правялі сумесна з філіялам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава для навучэнцаў гарадскіх школ. Надвор’е было зменлівае, аднак, нягледзячы на гэта, у квесце ўдзельнічалі 40 каманд, а гэта 170 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх гульня стала захапляльным падарожжам у свет архітэктуры роднага горада, азнаёміла з жыццём Станіслава Данілавіча Шабунеўскага. Удзельнікам неабходна было не толькі знайсці пэўныя будынкі, але і зрабіць каманднае фота на іх фоне, адказаць на шэраг пытанняў і нават паспаборнічаць у мастацтве чарчэння элементаў будынкаў. Стартаваў квест у сценах музея, у зале, прысвечанай спадчыне архітэктара. Таксама быў праведзены дадатковы творчы конкурс на самае крэатыўнае фота каманды”, — паведаміла педагог.

Аддзелам турызму і краязнаўства праводзіцца таксама квест “Гомельская рысь”. Слова “рысь” тут ужыта невыпадкова. Менавіта выява гэтай жывёліны ўпрыгожвае герб горада. Падчас гульні дзеці знаходзяць выявы рысі на вуліцах горада. Падобным чынам можна праводзіць гульню і для іншых населеных пунктаў. Цікава праходзіць і гульня “Мая Навабеліца”, прысвечаная раёну горада, які калісьці быў асобным населеным пунктам і ўзводзіўся па ініцыятыве Пятра Аляксандравіча Румянцава-Задунайскага як заштатны горад, куды былі вынесены адміністрацыйныя будынкі. А самым першым быў квест, прысвечаны таямніцам гомельскага парку. “У чым перавага гульні ў парку? Гэта закрытая тэрыторыя, а значыць — бяспека дзяцей, што важней за ўсё, бо калі мы ідзём па гарадскіх вуліцах, дзе шчыльны аўтамабільны рух, дзе трэба быць уважлівым на пешаходных пераходах, то заўсёды хвалюешся за дзяцей. У парку педагогу можна быць спакойным. Да таго ж тут можна выбраць для заданняў розныя тэмы: і архітэктура, і экалогія”, — падзялілася Людміла Віктараўна.

У арсенале педагога ёсць шмат гульняў рознай тэматыкі. Абавязковым з’яўляецца правядзенне мерапрыемстваў па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Так, 8 мая была праведзена патрыятычная гульня “Вясна Перамогі”. Кожны год яна ладзіцца ў розных фарматах. Сёлета прайшла ў форме турыстычнага злёту з удзелам разнастайнага і па ўзросце, і па прафесіях кантынгента гульцоў. Поспех мерапрыемства Людміла Віктараўна тлумачыць проста: дзеці павінны бачыць, што яно праводзіцца не дзеля птушачкі. Падчас арганізацыі кожнай гульні педагог выкладваецца на ўсе сто працэнтаў. Напрыклад, спецыяльна да “Вясны Перамогі” быў набыты правадны тэлефон, прыкладна такі, якім карысталіся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на полі бою. Імправізаваная лясная школа і медыцынскі пункт былі арганізаваны для больш нагляднага знаёмства вучняў з бытам партызанскага лагера, а турыстычная паласа перашкод ладзілася з элементамі тымбілдынгу, была накіравана на ўмацаванне каманды.

Важна не толькі, як праводзіць экскурсію, але і якую тэму выбраць. “Першы. Першыя. Упершыню” — такая тэма заўсёды будзе выйгрышнай, — дзеліцца Людміла Віктараўна. — Напрыклад, у Гомелі была пабудавана першая на тэрыторыі Беларусі ланкастарская школа, першая дзіцячая чыгунка, першая санітарная станцыя, першы верталёт. Шмат што ўпершыню адбылося ў нашым горадзе. Думаю, калі кожны з педагогаў у сваім населеным пункце возьме для сябе такую тэму, то абавязкова знойдзе нешта цікавае”.

Па словах Людмілы Віктараўны, у кожным з нашых гарадоў, кожнай вёсцы ёсць абмежаванае кола гісторыка-культурных аб’ектаў. Мы не можам нешта дабавіць, нешта адняць, мы павінны выкарыстоўваць тое, што ў нас ёсць, але па-новаму, па-іншаму. Важная форма падачы інфармацыі. Тэма “Героі майго горада”, “Школа імя героя” — усё гэта таксама можа стаць тэмай для аповеду экскурсавода. Многія школы носяць імя знакамітых землякоў, на будынках такіх устаноў адукацыі размешчаны мемарыяльныя шыльды, а ў самой школе дзейнічаюць або музеі, або музейныя пакоі, якія расказваюць пра знакамітага земляка. Экскурсія ў такім выпадку можа праводзіцца з элементамі музейных заняткаў.

“У гэтым годзе мы паспрабавалі правесці такую гульню, як геа-кэшынг. Рэкамендую далучацца да такой гульні, бо гэта цудоўна і цікава! Гэта мабільная гульня, якая дазваляе дзецям атрымліваць карысць ад сваіх смартфонаў. Падчас гульні, дзякуючы спадарожнікавым навігацыйным сістэмам, знаходзяцца пэўныя аб’екты. На Google-карце выстаўляюцца геаграфічныя каардынаты, і да іх мы выдаём апісанні (не прамое, а неяк завуаліравана). Калі вучні знаходзяць аб’ект, то тут жа ў Viber скідваюць яго фотаздымак. Геапазнака дазваляе пацвердзіць, што дзіця сапраўды там было, а не проста ўзяло здымак з інтэрнэту і адправіла нам. Каманды фарміруем па тры чалавекі. Гэта самая аптымальная колькасць, бо калі дзяцей больш, ім нязручна хадзіць з адным смартфонам. Каб правесці такую гульню, арганізатарам трэба спачатку вывучыць пэўную тэрыторыю. Мы, напрыклад, выбралі гомельскі парк. Праводзілі гульню і па малазнаёмых для дзяцей куточках горада. Я наогул сутыкнулася з тым, што многія нашы вучні дрэнна ведаюць вуліцы горада, нават цэнтральныя, не гаворачы ўжо пра раёны прыватнага сектара”, — паведаміла педагог.

Колькі праведзена экскурсій з навучэнцамі? Сотні тысяч? А можа, мільёны? Дакладна ніхто не лічыў. Ды і не гэта галоўнае. Важна, каб падчас экскурсіі вучням было цікава, каб ад кіраўніка групы ў адрас дзяцей не гучалі заўвагі кшталту “слухайце ўважліва”, “перастаньце свавольнічаць”. Некаторыя ідэі, агучаныя Людмілай Віктараўнай, спадзяёмся, дапамогуць нашым чытачам запаліць агеньчык цікавасці ў вачах юных экскурсантаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Л.В.Прыскока.